Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск едзе Бэрлюсконі


Сыльвіё Бэрлёсконі
Сыльвіё Бэрлёсконі

Сёньня кіраўнік італьянскага ўраду Сільвіё Бэрлюсконі прыбывае зь візытам у Беларусь. Гэта першы афіцыйны прыезд заходнеэўрапейскага палітыка такога рангу ў Менск за ўсе 15 гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.



Італія — бадай, адзіная краіна Эўразьвязу, урад якой фактычна ня мае прэтэнзіяў да беларускага лідэра, які атрымаў рэпутацыю «апошняга эўрапейскага дыктатара». Сёлета ў красавіку падчас сустрэчы з Лукашэнкам у Рыме пра блізкасьць пазыцый са сваім беларускім калегам казаў сам Бэрлюсконі. Цяпер вось — візыт у адказ.

Нездарма Сыльвіё Бэрлёсконі мае рэпутацыю спрытнага бізнэсоўца, які надзвычай удала спалучае дзяржаўныя інтарэсы з асабістымі. Італьянскі прэм’ер-міністар — ледзьве не ўзор прагматычнага палітыка, які дзеля пашырэньня ўплыву гатовы на зьдзелкі зь любымі аўтарытарнымі лідэрамі. Так, за некалькі дзён да візыту ў Менск ён наладзіў перамовы з прэзыдэнтам Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдавым — італьянская лідэра не бянтэжыць, што багатая стратэгічнай сыравінай сярэднеазіяцкая краіна адносіцца да самых адыёзных рэжымаў сьвету.

Беларусь ня можа пахваліцца сыравіннымі запасамі, аднак прывабнае транзытнае становішча і прамысловы патэнцыял (у тым ліку ў вайсковай галіне) робіць яе досыць прывабнай на пэрспэктыву. І ўсталёўваючы шчыльныя стасункі з афіцыйным Менскам, Бэрлюсконі не хвалюецца за ўласную рэпутацыю. Ён нават гатовы выступіць пасярэднікам паміж Заходняй Эўропай і ўладамі Беларусі ў пытаньні адмены санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі.

Палітычная сфэра пакуль яўна пераважвае дасягненьні ў галіне эканомікі. У дзясятцы асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі Італія займае 9-е месца, маючы толькі 1,7% ад агульнага аб’ёму таваразвароту. Аб’ём беларускага экспарту на Апэніны ў першым паўгодзьдзі склаў усяго 70 мільёнаў даляраў. Ці ёсьць падставы чакаць эканамічнага прарыву з візытам Бэрлюсконі? Ці апраўданыя спадзяваньні пераарыентаваць на Апэніны заляжалую прадукцыю беларускай вытворчасьці?

Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан гаворыць, што нязначныя праявы эканамічнага супрацоўніцтва ёсьць: СП «МАЗ-МАН» набывае ў Італіі масты для пагрузчыкаў. Гэтаксама італьянскай вытворчасьці кампанэнты і вузлы для іншай тэхнікі. А вось беларуская экспансія праблематычная. Тэарэтычна МАЗ мог бы зрабіць машыны пад эўрапейскі стандарт «Эўра-4», але адгрузіць гатовую прадукцыю складана: у Эўразьвязе надзвычай высокая ўвазное мыта — 22,5%. Таму, паводле спадара Лопана, падчас сустрэчы зь Бэрлюсконі Лукашэнку неабходна дамаўляцца пра ліквідацыю такога кшталту эканамічных бар’ераў:

мы ўжо шмат гадоў на вашу прадукцыю ставім нізкія пошліны па гэтым жа кодзе, нават на 9 месяцаў нулявыя стаўкі на «Эўра-4» і «Эўра-5» зрабілі. Дык давайце і вы! Давайце здымаць гэтыя бар’еры, дамаўляцца!
«Перадусім каб не было на шляху нейкіх бар’ераў кшталту высокага кошту візаў, каб езьдзіць можны было (што зараз для Беларусі актуальна). Каб транспартнае злучэньне было нармальнае, каб самалёты спраўна ляталі. То бок, палітыкі павінны зьняць нейкія палітычныя бар’еры ў гэтым сэнсе, дзеля таго, каб ужо далей грамадзяне і бізнэс зь меншымі перашкодамі маглі туды ісьці. Палітыкі могуць узгадняць мытныя тарыфы, іншыя рэчы. Прыкладам, чаму Эўропа на нашу прадукцыю ўсталявала тарыф у 22,5%? Таму што ён агульнаэўрапейскі? Ну тады трэба дамаўляцца аб узаемнасьці, казаць: гэта ненармальна, мы ўжо шмат гадоў на вашу прадукцыю ставім нізкія пошліны па гэтым жа кодзе, нават на 9 месяцаў нулявыя стаўкі на «Эўра-4» і «Эўра-5» зрабілі. Дык давайце і вы! Давайце здымаць гэтыя бар’еры, дамаўляцца!"

Італія — асноўны гуманітарны партнэр Беларусі ў справе аздараўленьня дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Ад 40 тысяч чалавек, якія штогод выяжджаюць за мяжу, блізу 20 тысяч прыпадае менавіта на Італію. Некаторыя італьянскія «бацькі» настолькі прывязваюцца да сваіх выхаванцаў, што з цяжкасьцю адпускаюць іх на радзіму. Найбольш паказальны выпадак — з выхаванкай вілейскага дзіцячага інтэрнату Вікай Мароз, якую ў 2006 годзе беларускі МЗС ня мог вырваць з рук мужа і жонкі Джуста-Барначын. А што можа стаць вызначальным у дзелавым супрацоўніцтве? Як падвысіць прыток замежных інвэстыцыяў у Беларусь, у тым ліку італьянскага паходжаньня? Меркаваньне Валянціна Лопана:

Валянцін Лопан
«Італія — разьвітая краіна, яна працуе па ўсім сьвеце; нашмат больш прасунутая на зьнешніх рынках, чым мы. Можна было б працаваць з прадукцыяй машынабудаваньня. Але як зьменшыць выдаткі? Колькі каштуе — столькі і плаціць трэба... Шукаць трэба нейкія магчымасьці, безумоўна. Але гэтыя магчымасьці не знаходзяцца на ўзроўні прэм’ер-міністра Італіі альбо нашага прэзыдэнта. Гэта ня той узровень. Эўропа — гэта прыватны бізнэс. Усе эканамічныя сувязі ідуць на ўзроўні прыватных асобаў, сэктараў рынку. Гэта мы па сваёй звычцы думаем: прэзыдэнты павінны дамаўляцца і пасьля гэтага даць дабро, каб пайшоў бізнэс, інвэстыцыі. Ва ўсім сьвеце гэта прыватная справа кампаній і грамадзянаў. Яны проста вывучаюць канкрэтныя ўмовы, якія ўлада забясьпечвае ў гэтай краіне, і самі вырашаюць: ці ісьці туды з інвэстыцыямі, з вытворчасьцю?»

Многія аналітыкі гавораць пра істотнае падабенства ў характарах Лукашэнкі і Бэрлюсконі. Абодва досыць харызматычныя і эпатажныя, аднолькава абыякавыя да сямейных каштоўнасьцяў, ня адчуваючы ў шлюбе вялікіх абавязацельстваў і не асабліва хаваючы ад грамадзкасьці сваіх палюбоўніц. Апроч таго, і Лукашэнка, і Бэрлюсконі маюць за звычку адразу эмацыйна штосьці сказаць, а ўжо потым «расхлёбваць» наступствы. Ня дзіўна, што такая віртуальная блізкасьць спрычынілася ўжо да другой сустрэчы палітыкаў цягам паўгода.

Напярэдадні візыту ў Беларусь Сыльвіё Бэрлюсконі, Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію італьянскай газэце La Stampa. Фрагмэнты інтэрвію паказвала 25 лістапада беларуская тэлевізія, а ў нядзелю інфармацыйныя агенцтвы БЕЛТА і Інтэрфакс паведамілі новыя падрабязнасьці. Адказваючы на пытаньне пра гарантыі ў пляне дэмакратызацыі, якія Беларусь магла б даць Сыльвіё Бэрлюсконі, Лукашэнка сказаў: «Ня думаю, што Сыльвіё едзе сюды па нейкія гарантыі дэмакратызацыі. Што да дэмакратыі, мы можа яшчэ зь сім-тым падзяліцца гэтым дарам... Што да кола пытаньняў, якія мы будзем абмяркоўваць з прэм’ерам Італіі, то гэта перш за ўсё эканамічныя праблемы, стварэньне нарматыўна-прававой базы нашых дачыненьняў», — сказаў Лукашэнка і дадаў, што апрача таго могуць абмяркоўвацца пытаньні замежных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG