Паўтор ад 27 лістапада 2008 г.
“Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь — адна са спэцслужбаў Беларусі. У савецкую пару, паводле Палажэньня аб КДБ, КДБ зьяўляўся палітычным органам, які ажыцьцяўляў мерапрыемствы дзеля абароны дзяржавы ад замахаў з боку зьнешніх і ўнутраных ворагаў, а таксама дзеля аховы дзяржаўных межаў СССР.
У грамадзтве КДБ успрымалася як тайная паліцыя, якая сочыць за чалавекам ва ўсіх ягоных сфэрах дзейнасьці, уключна з прыватным жыцьцём, і як карны апарат. Такое стаўленьне да КДБ захоўваецца ў сьвядомасьці людзей і ў новай, сувэрэннай Беларусі”.
***
Вячаслаў Ракіцкі: “Паводле такіх вызначэньняў, КДБ зьяўляецца мітам ці рэальнасьцю?”
Тацяна Процька: “Канешне, рэальнасьць. Гэта засьведчаць тыя маладыя людзі, якіх выклікалі ў КДБ з прычыны ўдзелу ў дэманстрацыях ці дзейнасьці ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Але гэта і міт, якім бацькі пужаюць тую ж моладзь”.
Ракіцкі: “Дык чаму існуе міт пра КДБ, і з чаго ён складаецца?
Процька: “Міт пра КДБ складаецца зь дзьвюх супрацьлеглых частак. Фактычна, гэта два самастойныя міты. Першы можна коратка сфармуляваць наступным чынам: КДБ — усемагутны і паўсюдны, ён кантралюе нас, нашы тэлефонныя размовы, кожны з тваіх знаёмых можа быць супрацоўнікам КДБ. Там працуюць асобы абсалютна адмоўныя паводле сваіх чалавечых якасьцяў, і нічога добрага ад кантактаў з гэтай ўстановай чакаць ня трэба. Гэта міт, так бы мовіць, абсалютна адмоўны, бо ён заснаваны на страху перад спэцслужбамі, і сам выклікае і падтрымлівае гэты страх. Другі міт — станоўчы. „У чэкіста павінна быць халодная галава, гарачае сэрца, чыстыя рукі,“ — людзі старэйшага пакаленьня пісалі гэта ў школе. „Караючы меч рэвалюцыі“, „нядрэмнае вока партыі“ — такія прыгожыя параўнаньні выкарыстоўваліся для публічных аповядаў пра дзейнасьць КДБ. Лічылася, што менавіта ў Камітэце знаходзяцца і звышспэцыялісты, якія могуць літаральна ўсё”.
Ракіцкі: “Што зьявілася рэальнай падставай для стварэньня мітаў пра КДБ?”
Процька: “У падмурку адмоўнага міту ляжыць рэалізаваная супрацоўнікамі КДБ магчымасьць парушаць законы і Канстытуцыю краіны беспакаральна, у падмурку станоўчых — спроба „замазаць“ наяўнасьць гэтых парушэньняў і, канешне, сапраўдныя добрыя справы. Адмоўны міт склаўся ў народзе, і іх носьбітам зьяўляецца народ. Станоўчы міт пра КДБ зьяўляўся і зьяўляецца часткай афіцыйнай дзяржаўнай ідэалёгіі. Зразумела, што яго стваральнікам былі пэўныя дзяржаўныя ўстановы, распаўсюджвалі станоўчы міт дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі”.
Цалкам чытаць перадачу ТУТ.