Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Застаюцца, каму няма чаго пакрасьці альбо каго больш нікуды ня возьмуць"


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды” Эфір 27 жніўня

Сябра, які пасяліўся на Стаўпеччыне, запрасіў пагасьцяваць ды пакупацца ў ласкавых нёманскіх азёрах. І — папрацаваць. У 4 сумежных паселішчах Жацераўскага СВК набліжалася сьвята вёскі. Я й прыехаў за дзень да яго. У старэйшыны Горак спадарыні Васілеўскай запытаў, ці не нагадвае сьвята ў часы крызісу — баль падчас чумы. Тая, аднак, адказала бадзёра:

Васілеўская: “Сьвята заўтрашняе прафінансаваў прафсаюз СВК, каб з музыкай духавой па вёсцы прайсьціся, сувэніры купілі. Юбіляраў шмат сярод пэнсіянэраў, маладых сем’яў. 14 год ужо праводзім…”

Вырашаю паглядзець, як казалі раней, зь якімі набыткамі падышлі да сьвята тутэйшыя людзі. 70-гадовы былы кіроўца спадар Васільковіч, здавалася, быў задаволены ўсім. Ён належыць да даволі шматлікай часткі насельнікаў, што на пэнсіі вярнуліся з гарадоў у родавыя хаты-лецішчы. Мужчына, які жыве ў вёсцы 10 год, пакурваў ля сваёй старэнькай “Волгі” аж 1959 году выпуску.


Карэспандэнт: “У Маскве зараз за такія рарытэты тысячы даляраў плацяць, ведаеце?”

Васільковіч: “Мне за яе пяць у Стоўбцах давалі. Навошта мне іншамаркі? Я ўсё сам зраблю — танныя дэталі ў запасе…”

Карэспандэнт: “Але ж яна паліва добра бярэ…”

Васільковіч: “Калі палічыць запчасткі на іншамарку, дык усё апраўдваецца. Паветра тут такое, што ў Менску пасьля галава калом трашчыць — зьбіраюся і адтуль! Рыбалка, лес — больш нічым не займаюся. Акрамя курэй, сабакі і ката, нічога не трымаю. Да чыгункі ў Асіпоўшчыне 4 км трэба пехатой. Аўтобус толькі на выхадныя ходзіць — да ўрача ў Стоўбцы не дабрацца, толькі наймай машыну. Але калі хата і машына ёсьць — можна жыць…”

Убачыўшы мікрафон, падскочыў бамжавата апрануты мужычок з мутнымі вачыма.

Спадар: “Бутэлек не бяруць — во ў мяне праблема…”


Да вясковай крамы ў Горках ходка пад’ехаў на павозцы 15-гадовы Сяргей Амельчык. Выгаралыя на сонцы валасы сьведчылі, што лета не праспаў — працаваў на фэрме падвозчыкам. Захаваўся яшчэ і юнацкі аптымізм:

Амельчык: “Павінны заплаціць былі тысяч 800. Сам у вёсцы хацеў бы застацца — прырода, возера. На інжынэра вывучуся…”

У размову ўклініўся 40-гадовы Валерый. Ён мясцовы, але працуе ў Стоўбцах. Дарэчы, тых, хто зьехаў зь вёскі, ва ўзросьце ад 25 да 45 — большасьць. Валеры крыху астудзіў Сяргееў імпэт.

Валерый: “Ён цэлы месяц працуе — і колькі атрымаў? 200 рублёў! Мой брат на трактары пасяўную адбыў з 5 раніцы да 10 вечара. Ён атрымаў за 30 дзён 700 рублёў! Гэта нармальна?! А зімой стаіць на рамонце — 200. Я ніколі тут і не працаваў, паглядзеўшы на ўмовы…”

Карэспандэнт:
“Мне сказалі, што прыціскаюць тых, хто жыве тут, а езьдзіць у Стоўбцы…”

Валерый: “Табе соткі, каб пасадзіць бульбу, не дадуць, хоць зямлі да халеры. Альбо садзі па камэрцыйных цэнах, альбо бяры зарослую бур’яном. Адно што, калі аграгарадок будзе, асфальт зрабіць на галоўнай вуліцы ДРС паабяцала…”

У адной з бакавых вулак убачыў аўтакраму і некалькі бабулек ля яе.

Бабулі: “Прыяжджае 2 ці 3 разы на тыдзень, прывязе напітку, цукар. Просім, бо ў краму схадзіць — ціск вялікі. Малака мала прывозяць, а яна прывязе…”

Яна — гэта спадарыня Тамара Рамановіч з мужам Уладзімірам, які сядзеў за рулём. Былыя калгасьнікі сталі індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Тамара: “Абслугоўваем родную вёску Жыгалкі, Горкі, Жацерава, заедзем у Мікалаеўшчыну. У нас свае кліенты — заказалі батонаў, макароны, малака…”

Уладзімір: “Бачыце, старыя людзі — маладыя застаюцца, каму няма чаго ўкрасьці альбо няма куды падацца і дзе ня возьмуць…”

Карэспандэнт: “А вам самім на пражыцьцё хапае?”

Уладзімір: “Ня скардзімся, але мільён маем наўрад, бо паліва. А так працы няма, у калгасе болей не атрымлівалі. Быў кіроўцам, таксама ж беларус — пачынаю размаўляць, і словы зьяўляюцца…”

Завітаў на бліжэйшую фэрму па адкорме 75 бычкоў. Даглядчыкі — 37-гадовы Віктар Макаўчык ды 63-гадовы Мікалай Шаўко — выгружалі віламі зялёную масу. Упарыўшыся на сьпякоце, былі рады зрабіць пярэрву і пагутарыць.


Спадарства: “Заробак 300—350, ня вельмі. Зялёнай масы за дзень вазоў 3—4 грузім ад паловы восьмай да дзьвюх. Зімой сілас, сена даем — меней трошкі заробак. Ад такіх грошай бягуць — моладзь. А выхадных няма — за чатыры тыдні даецца адзін выхадны. Рабочых — няма каму рабіць…”

Карэспандэнт: “Ці, можа, няма за што?”

Спадарства: “Во дык так! (Сьмяюцца.) Сказалі, што будзе аграгарадок, і маўчаць. Раней казалі, што ў лячэбніцы зубны будзе. Па ўсіх вёсках 23 каровы, а раней у адных Горках — 90. Во, напрыклад, я трымаў карову — бясплатна здаваў малако: па 400 рублёў. А цяпер па якасьці ўсё ідзе на падман — антыбіётыкі кідаюць. Малакавозы па 3—5 тон назад прывозяць…”

Суразмоўцы кажуць, што людзей вымушаюць працаваць літаральна за талерку супу.

Спадарства: “Калі дзённую норму ня выканаю — 100 адсоткаў ці 100 тысяч за абед у сталоўцы плаці. А паляводы таксама 300—350 маюць…”

Тым часам падышоў рознарабочы Мікалай Мікуліч.

Мікалай: “Зайшоў у кароўнік паглядзець умовы знаходжаньня жывёлы — бруд, смурод вакол, нечысьці па калена — умоў для вырошчваньня ніякіх…”

Тым ня менш у прылеглай да Горак вёсцы Савоні ўбачыў сьвежапабудаваную хату — будаўнікі заканчвалі класьці дах. 62-гадовая спадарыня Натальля Марціновіч наглядала за будоўляй ды зьбірала ў гародзе агрэст. Пагутарылі праз плот.


Марціновіч: “Гэта наша хата будзе. Нам ніхто не дапамагае — сваёй працай, за свае зьберажэньні. Сын працуе ў майстэрні, мэханізатарам, а нявестка — запраўшчыцай на базе. Кароўка, сьвінкі, куркі — усё ў нас будзе…”

У Горацкім клюбе ў абед пагутарыў са старэйшынай, спадарыняй Рэгінай Васілеўскай. Ружовашчокая, сьмяшлівая кабета, ужо на пэнсіі, спахмурнела, калі гамана зайшла пра вясковыя справы.

Васілеўская: “Спадзяваліся, што вокны памяняюць у клюбе, абяцалі замяніць дах і пакласьці асфальт. Але яшчэ толькі плянуюць. А ў нас коркі-поркі, дзіркі ў падлозе. А ў нас і клюб, і садзік. Калгас квітнеў — перапрацоўчы цэнтар малочны быў. Жыльлё ўвесь час было і двухпавярховыя домікі. І мейсца маляўнічае, і рыба карп. Раней во суседка зарабляла да мільёна даяркай. А як стала малако таннае, як тая вада ў кране… Накірунак быў зерневыя, бульба, буракі — капеечная прадукцыя. І пакацілася ўсё — людзі сталі зьбягаць. Павінен быў быць вялізны культурна-спартовы комплекс — замарозілі 20 год. Якая наша ўлада? Раней дарогу абкасіць “пяцерыц” даў беспрацоўнаму, а цяпер і гэтага няма. Вельмі шмат хат кінутых і недагледжаных. Спадзяваньняў няма…”

* * *

Вёскі Горкі, Жацерава, Савоні ды Жыгалкі месьцяцца на адлегласьці некалькі соцень мэтраў адна ад адной. Што дае падставу гісторыку ды краязнаўцу, дырэктару Горкаўскай школы, спадару Аўгену Шавелю называць мясцовасьць Жацераўшчынай. Мы стаім зь ім ля штучнага возера, якое зроблена з рэчкі Жацераўкі, прытоку Нёмана.


Шавель: “Адсюль адкрываецца краявід на горкі, зь якіх, мабыць, пайшла назва вёскі. 500 год вёсцы Жацераўка — старэйшай самай. Ёсьць тут карпы, карасі, ракі зьявіліся. А з ракі зрабілі штучнае вадасховішча, каб паліваць палеткі. 2—3 гады палівалі “фрэгатамі”, што перакочвалі зь мейсца на мейсца. Там была вялікая колькасьць труб, што бралі шмат электраэнэргіі траву паліваць — савецкае глупства! Давайце пройдзем да каменя роду Магнышэўскіх. У школе была іх сядзіба. Насупраць стаяла сыраварня, славілася на ўсё навакольле. У 39 годзе пана Магнышэўскага вывезьлі ў Сыбір ці ў Курапаты. На гэтым месцы і яшчэ магілы — склеп, а ўнутры ў нішах труны паноў. Калі адбыліся савецкія перамены, склеп і магілы зруйнавалі. Моладзь выцягвала труны, каталася на іх, і былі такія, што насілі іх бабкам пад вокны і са сьвечкамі ставілі — сатаністы дамарошчаныя…”

Ізноў я ў цэнтры Горак, дзе акурат адчынілася адзіная на Жацераўшчыне прыватная крама. Прадавачка Тамара Агароднік узважвае прадукты і адначасова распавядае, наколькі лепей тут працаваць, чым у дзяржаўнай краме.

Агароднік: “Нашмат. Ведаеш — што зарабіў, тое тваё. За ўсё адказвае гаспадар. Тавар сьвежы, пастаўкі кожны дзень. За дзень наведнікаў ад 100 да 200. На выхадныя і болей — усе людзі на возера едуць…”

Наведнікі ў адзін голас распавядаць пра асноўную праблему мясцовых — адсутнасьць чыгуначнага прыпынку. Хоць рэйкі праходзяць ці не праз самыя Савоні. Бабулям ды дзядулям даводзіцца клыпаць да бліжэйшай станцыі каля 5 км. Змаганьне ж вяскоўцаў доўжыцца дзесяцігодзьдзямі. Створана ініцыятыўная група пад кіраўніцтвам Міхаіла Лябедзькі з Савоняў. Напачатку сустракаюся зь яго жонкай Марынай, прадавачкай гаспадарчай крамы. Марына не прамінае паведаміць нештачка яшчэ.

Марына: “А вады тры тыдні не было. Учора зрабілі, але ў Савоні да нас не даходзіць — там трубы на разрывах. Пастаянна без вады. Хацелася, каб прыпынак у нас быў — многіх, хто за гэта змагаўся, ужо на сьвеце няма. Вельмі шмат пісалі, зьбіралі грошы. У нас ёсьць чэк нават — у майго мужа. Гэта было яшчэ ў 90-я гады…”

І вось мы зь Міхаілам Лябедзькам на ганку яго хаты. Каржакаваты чалавек з мазолістымі рукамі гаворыць як па напісанаму — абкатаў прамовы ў начальніцкіх кабінэтах.


Лябедзька: “Подпісы былі зь 5 вёсак ад чалавек 700. Ня тое што дарослыя, а дзеці зь Менску прыяжджалі і грошы давалі. Сабралі суму, дастатковую для праекту. З жонкай езьдзілі ў Баранавічы, грошы перавялі на раённае ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва. Праект зрабілі, прыяжджалі зь Міністэрства чыгункі. Зрабілі сустрэчу ініцыятыўнай групы зь Сідарэнкам з адміністрацыі прэзыдэнта. Пачаліся наезды з аблвыканкаму ад Дамашкевіча. Я кажу: слухайце, перад вамі заслужаныя людзі — у аднаго быў ордэн Леніна! А наш старшыня, стары Карніцкі, сказаў так — “якую гаспадарку прыняў, такую пакіну”. І стаяў, як упарты казёл, матывуючы, што “будуць адсюль людзі ўцякаць”. Каб не зрабіць чыгунку, каб “не вам, людзі”, вырашылі зрабіць аўтобус да непэрспэктыўных вёсак Галавеньчыцы і Савоні. Насып сталі рабіць, нават узімку штогод гравій вазілі за 50 км. Дурасьць адміністрацыі раёну — не баюся сказаць! Тут трэба пракуратуру падымаць — навошта такія сродкі на насып да 2,5 км даўжынёй, дзе прыпынак непатрэбны! У іх ёсьць прыпынак Сінявы, дзе нават касіра няма. Гэта шалёныя грошы зь бюджэту раёну — 4 прыпынкі чыгуначныя можна было б насыпаць. Натуральная карупцыя, бо сродкі закапалі ў зямлю…”

Выказваўся Міхаіл і наконт маючага адбыцца сьвята вёскі: маўляў, звычайная савецкая завядзёнка з застольлем урэшце. Забягаючы наперад сьведчу, што так яно і сталася. Спадар Лябедзька кажа:

Лябедзька: “Філёляг па беларускай мове вядомы адсюль, Камароўскі Генадзь Іосіфавіч, і жонка яго, кандыдат навук — чаго ня ўспомніць?! І вэтэранаў? А то яны ўзгадваюць, што быў нейкі юбілей у аднаго чалавека ці ў другога…”

Цэмэнтавальнай у вандроўцы стала сустрэча з 51-гадовым Ёсіфам Мікулічам. На Жацераўшчыну ён прыехаў за колькі тыдняў да мяне. Вызначаўся — асесьці ці не. Вяскоўцы ўжо пасьпелі ацаніць гэтага будаўніка як “майстра на ўсе рукі”. У глыбіні яго вачэй я ўбачыў боль ды загартаванасьць ад перажытага.


Мікуліч: “Пасьля Аўгану псыхалёгія зьмянілася. У мяне быў выпадак. Нам выдавалі сухпаёк. Заходжу ў хаціну. Сядзіць жанчына з трыма дзецьмі і маладым хлопчыкам. Даю ім ежу, паварочваюся і чую шчаўчок затвора — у яго аўтамат у руках. Так яны любілі “савецкіх інтэрнацыяналістаў”. Там адмылі грошы, непатрэбныя мы былі. Віцебская дывізія цалкам загінула. З Аўганістану кінулі на польскую мяжу, калі паднялася “Салідарнасьць” — мае палітычныя ўнівэрсытэты. Прыехаў у Менск, уладкаваўся на маторны завод. Прапанавалі пайсьці ў Вышэйшую школу міліцыі. Неабходна было стаць кандыдатам у сябры КПСС. Далі рэкамэндацыі 2 чалавекі. І калі пачалі галасаваць на сходзе — усе супраць! Маўляў, “калі мы вып’ем 100 грамаў, ён і нас будзе забіраць”. Адносіны да камуністаў у мяне ўрэшце зьмяніліся ў іншы бок. За Лукашэнку не галасаваў зь першага дня. Вельмі не спадабалася, як ён забраў старшыню Гарадзенскага гарвыканкаму Дзядко, калі той вылучыў на выбарах сваю кандыдатуру. Калі дачка Машэрава вылучылася, таксама прыбраў са свайго шляху. У мяне да яго нядобрае стаўленьне. Сёньня што творыцца — нішто, куды ні зьвярніся. Прыехалі сюды ў Горкі, абяцаюць вельмі многа — жыльлё, заробак добры, камбайнэрам за 3 млн. у месяц. Я ў гэтым сумняваюся, бо з рознымі людзьмі паразмаўлялі. У прынцыпе, месца вельмі добрае. І каб быў прыпынак, каб ніхто не перашкаджаў — у сваім гародзе гаспадар! Тады б і ў Горках я знайшоў сваю горку…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG