Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катынь: беларускага сьпісу дагэтуль няма


У Міжнародны дзень памяці ахвяраў фашызму і сталінізму прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, грамадзкіх і моладзевых арганізацый, журналісты наведалі Катынскі мэмарыял, што ў Смаленскай вобласьці Расеі. Разам з польскімі афіцэрамі там пахавана і шмат беларусаў.


Тэрмін “катынскае злачынства” — зборны. Ён азначае, што ў сакавіку — красавіку 1940 году было расстраляна больш за 14 тысяч польскіх вайскоўцаў: 4343 — у Катыні, 6,5 тысячы — у Асташкаве Цьвярской вобласьці, амаль 4 тысячы — у Старабельску, што пад Харкавам. Акрамя таго, у Катыні знойдзеныя і савецкія пахаваньні. У ліпені 2000 году на месцы пахаваньняў афіцэраў Войска Польскага быў адкрыты мэмарыял, усталяваныя памятныя знакі, звон, на мэталічных шыльдачках выбітыя імёны і прозьвішчы кожнага забітага. А на месцы савецкіх пахаваньняў стаіць толькі крыж і шыльда, кажа гісторык Ігар Кузьняцоў:

“Адна з галоўных задач, якая сёньня стаіць, — гэта, так бы мовіць, ураўнаважаньне польскага і расейскага пахаваньняў. Польскі бок больш трапятліва ставіцца да памяці сваіх грамадзянаў. Прайшло столькі гадоў, а на расейскім баку стаіць толькі памятны знак, ён па-за тэрыторыяй мэмарыялу, на тэрыторыі былых дач НКВД, дзе напісана: “На гэтым месцы будзе ўсталяваны помнік ахвярам рэпрэсій”. Як у Курапатах. Гэта праблема балючая для нас”.

На шыльдах побач з імёнамі ахвяраў пазначаны і месцы, адкуль гэтыя людзі. Тут сустракаюцца і Менск, і Бяроза, і Берасьце — паводле ацэнак гісторыкаў, сярод 14 тысяч польскіх афіцэраў прыкладна чвэрць, магчыма, — беларусы па нацыянальнасьці.

У катынскім лесе былі расстраляныя і тысячы вязьняў з турмаў заходніх абласьцей Украіны і Беларусі. Прычым існуе так званы ўкраінскі сьпіс. 5 траўня 1994 году Ўкраінская служба бясьпекі перадала генэральнай пракуратуры Польшчы пайменны сьпіс 3435 вязьняў турмаў заходніх абласьцей Украіны. А беларускага сьпісу дагэтуль не існуе. Гісторык Ігар Кузьняцоў мяркуе:

“Улічваючы, што тут Смаленскі НКВД пачаў расстрэлы ў 20-я гады, і асабліва шмат тут расстраляна ўраджэнцаў Беларусі, — таму можна меркаваць, што на расейскай частцы пахаваньняў знаходзіцца прах ня меней за 20 тысяч. Я думаю, гэтая лічба большая, таму што Смаленскі НКВД працаваў надзвычай ударна”.

Беларусаў з гэтых 20 тысяч таксама можа быць прыкладна чвэрць.

У музэі Катынскага мэмарыялу ёсьць стэнд, прысьвечаны братам Максіму і Гаўрылу Гарэцкім. Максім Гарэцкі быў арыштаваны ў 1930 годзе і сасланы на 5 гадоў у Вятку, у 1937-м яго зноў арыштавалі і рашэньнем “тройкі” прысудзілі да расстрэлу. 10 лютага 1938 году яго расстралялі ў Вязьме. Цяпер на месцы расстрэлу стаіць стэла са згадкай пра нашага славутага земляка.

Мастак Аляксей Марачкін, наведаўшы Катынь, быў вельмі ўражаны:

“У Катынскім мэмарыяле я першы раз. І адразу неяк нагадвае гэта Курапаты, такія ж лясістыя мясьціны, такія ж сосны. Нават па зьнешнім выглядзе почырк НКВД вельмі падобны. Як ні хавалі б сталіністы свае злачынствы, іх не схаваеш...”

Беларуская інтэлігенцыя, моладзь, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці наведалі Катынь у Міжнародны дзень памяці ахвяраў фашызму і сталінізму. Гісторык Ігар Кузьняцоў кажа:

“Мы сёньня хочам аддаць даніну памяці ня толькі нашым суграмадзянам, а незалежна ад нацыянальнасьцяў — ураджэнцам Беларусі, Францыі, Нямеччыны — тут ляжаць ураджэнцы многіх краінаў. Мы ня ведаем, колькі іх, і ніколі не даведаемся пра гэта”.

Беларусы ўсклалі вянкі, кветкі, запалілі памінальныя сьвечы, прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.

Відэарэпартаж з Катыні
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:31 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG