Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мяне вымушаюць выліваць малако пад плот”


Вытворцы малака ў Беларусі вымушаны падлічваць эканамічныя страты. Расея адмаўляецца набываць 500 відаў малочнай прадукцыі беларускай вытворчасьці. Сёньня ў рэгіёнах карэспандэнты “Свабоды” даведваліся пра наступствы малочнай вайны “саюзьнікаў”.

СЛУХАЦЬ:


МЕНШЧЫНА

“Нас тут душаць, а БТ паказвае іншае — хочацца плюнуць на гэты тэлевізар!”


Чарговы канфлікт Менску й Масквы яшчэ больш распальвае “малочныя войны” мясцовага значэньня. Гаспадарлівая жанчына з пухавіцкай вёскі Перамога Любоў Дабатоўка, якая корміць чатыры дойныя каровы, заяўляе:

“Тут начальнікі лічаць так, што мне сапраўды гэта малако лепш выліць вон. А па дзяржаўным тэлебачаньні паказваюць зусім іншае — іншы раз хочацца плюнуць у гэты тэлевізар. Бо там адно кажуць, а нас тут душаць! Даводзяць да таго, каб збывалі кароў. А я ім заяўляю: “Не! Буду ваяваць, але ня здамся. Ды ні за што ня здам сваіх кароў!”

Дукорскі сельсавет не зьбірае малако з асабістых падворкаў у вёсцы Перамога. Старшыня Тацяна Савік знаходзіць гэтаму наступныя апраўданьні:

“Сытуацыя — складаная. Ніводзін чалавек не пагаджаецца быць малаказборшчыкам. Я палічыла: калі нават ён штодня будзе зьбіраць 80 літраў малака, то за месяц атрымае толькі 50 тысяч рублёў. А гэта ж трэба запрэгчы каня, выехаць, зрабіць аналізы малака...”

“Я ім сказала, што буду да апошняга ваяваць!”


Вёска Перамога месьціцца за адзін кілямэтар ад аўтастрады Гомель — Менск. Таму Любоў Дубатоўка не прымае апраўданьняў старшыні сельсавету. Гаспадыня кажа:

“Я чытаю ў дзяржаўнай газэце: “Вой! Зьмяншаецца колькасьць прыватных гаспадарак”. А тут нельга нават малако здаць. Мы з мужам 26 гадоў адпрацавалі на фэрме. І нам вельмі крыўдна, што нават ні грама сена не даюць. Абсалютна ні грама! Я ім сказала, што буду да апошняга ваяваць!”

МАГІЛЁЎШЧЫНА

Малочную галіну чакаюць жорсткія наступствы

На Магілёўшчыне гаспадарнікі заяўляюць пра скарачэньне вытворчасьці малака на калгасных фэрмах.

Асіповіцкі малочны камбінат экспартуе на расейскі рынак 54 працэнты сваёй прадукцыі. Цяпер тут чакаюць скарачэньня экспарту.
Уводзяцца квоты на сухое малако...

“Уводзяцца квоты на сухое малако. Нам пра гэта абвясьцілі, але яшчэ не давялі. Давядуць, канечне, пазьней. Калі, да прыкладу, абмяжуюць пастаўкі напалову, то палова ляжа на склад. Ня будзе рэалізацыі, замарожаны тавар будзе”, — кажа прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства.

Суразмоўца прызнае, што рэалізаваць расейскі аб’ём прадукцыі на ўнутраным рынку ня ўдасца без увядзеньня санкцыяў у адказ:

“Напэўна, так трэба рабіць. Калі Расея перанасычаная малочнай прадукцыяй, няхай наша прадукцыя больш якасная, то яны свайго спажыўца бароняць. Так і мы павінны да свайго ставіцца. Па-мойму, гэта ўва ўсім сьвеце так”.

Прадукцыя малочных заводаў не адпавядае стандартам якасьці

Асіповіцкі малочны камбінат не ўпершыню сутыкаецца з расейскімі санкцыямі. Летась ён быў сярод дваццаці прадпрыемстваў, якім забаранялася ўвозіць прадукцыю на тэрыторыю Расеі. Паводле тамтэйшых санітараў, беларускія малочныя прадукты не адпавядалі расейскім стандартам якасьці. Пазьней санкцыі былі адмененыя.

Эканаміст Андрэй Юркоў лічыць, што малочным камбінатам, каб выстаяць, давядзецца скарачаць аб’ёмы вытворчасьці ўдвая, бо ўнутраны рынак сёньня перанасычаны малочнай прадукцыяй:
пераарыентавацца сёньня з расейскага рынку проста нерэальна, бо няма якаснага прадукту ...

“Што мы маем? Каля пяці мільёнаў тон малака, а ўнутры краіны спажываецца два, два з паловай. Гэтая прадукцыя не адпавядае й блізка сусьветнаму ўзроўню якасьці. Таму пераарыентавацца сёньня з расейскага рынку кудысьці яшчэ проста нерэальна, бо няма якаснага прадукту”.

У Бялыніцкім раёне за пяць апошніх гадоў выразалі 1800 кароў

Калі “малочная вайна” зацягнецца, то адбудзецца рэзкае скарачэньне прыватнага пагалоўя кароў, бо заводы зьменшаць закупы малака ў насельніцтва, мяркуе заатэхнік зь Бялыніцкага раёну Барыс.

“Проста насельніцтва пачне выразаць гэтую жывёлу, пазбаўляцца ад яе. І так гэта ня выгадна. У нас па Бялыніцкім раёне за пяць гадоў у два з паловай разы скарацілася пагалоўе жывёлы. Цяпер каля тысячы галоў, а было дзьве тысячы васямсот”.

Узімку, калі ўрад Беларусі зьменшыў цану закупу на малако да 600 рублёў, вяскоўцы тут жа адказалі скарачэньнем яго продажу. У красавіку ўлады вымушаныя былі вярнуць ранейшую цану — 700 рублёў.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Некаторыя малаказаводы ўжо зачыненыя


Што абяцаюць скарачэньні на расейскім рынку Берасьцейшчыне?

Ганцавіцкі малочны завод з-за нерэнтабэльнасьці страціў эканамічную самастойнасьць і ператвораны ў прыёмны пункт.

У Бярозаўскага сыркамбіната таксама зьявіліся праблемы з пастаўкамі ў Расею.

“Сёньня — першы працоўны дзень. Так, сёньня мы грузім. Пройдуць машыны, ня пройдуць машыны — мы яшчэ ня ў курсе”, — паведаміла “Свабодзе” супрацоўніца аддзелу Бярозаўскага сыркамбінату Марына Салавейчык.

“Клецак, Капыль і Слуцак ужо не працуюць з Расеяй”

На Ляхавіцкім малочным заводзе таксама чакаюць дэстабілізацыі:

“Яна адбудзецца, калі Расея цалкам будзе закрыта для Беларусі. Сёньня Клецак, Капыль, Слуцак яўна зачыненыя, яны ўжо не працуюць з Расеяй. Яны сутыкнуліся з праблемамі”, — паведаміла супрацоўніца аддзелу маркетынгу Ляхавіцкага малаказаводу, якая папрасіла не называць яе прозьвішча.

Шмат хто з кіраўнікоў прадпрыемстваў адмаўляецца камэнтаваць расейскую забарону, спадзеючыся, што яшчэ ўсё наладзіцца.

“У нас усе дакумэнты ў парадку. Я нічога казаць ня буду”, — сказаў загадчык Камянецкага філіялу кампаніі “Савушкін прадукт” Аляксандар Славуціч.

Палешукі кажуць, што якасьць прадукцыі беларускіх малаказаводаў -- розная.

“Ляхаўскую я купляю. Ляхаўская добрая. Баранавіцкая мне не падабаецца”, — адказала Натальля Богуш.

ГОМЕЛЬШЧЫНА

У Рэчыцы прыватнікам забаранілі продаж малака

Рэчыцкія ўлады забаранілі прыватнікам прадаваць малочныя прадукты на Цэнтральным рынку.

Сытуацыю камэнтуе жыхар Рэчыцы, былы кандыдат у дэпутаты парлямэнту Леанід Невар:

“Пачалося лета — гандаль малочнымі прадуктамі на рынку ажывіўся. І чыноўнікі пачалі змагацца з крызісам — вырашылі забараніць гандаль малочнымі прадуктамі на Цэнтральным рынку. Відаць, каб падвысіць продаж малочных прадуктаў у дзяржаўных крамах. Людзі абураюцца, людзі незадаволеныя. Там чалавек 40—50 у выходныя дні гандлявалі. Маладзейшыя паехалі ў Гомель, астатнія каля рынку на асфальце прадавалі малако. Мы самі купілі”.

Леанід Невар кажа, што калі райцэнтар рыхтаваўся да прэзыдэнцкіх “Дажынак”, то рынак рэканструявалі, але малочны павільён так і не зрабілі:

“Разламалі стары рынак, новы пабудавалі, але малочнага павільёну няма. Малочная краіна, але малако прыватнікам нельга прадаваць у малочнай краіне. Чыноўнікі нават на дзесяць адсоткаў ня могуць граматна кіраваць эканомікай. Вось толькі забараніць “імем рэвалюцыі” — і ўсё”.

Малаказавод зачынены і ў Добрушы

Тым часам у Добрускім раёне малаказавод ужо зачынілі. Многіх працаўнікоў звольнілі, некаторых перавялі ў абласны цэнтар, у акцыянэрнае таварыства “Малочныя прадукты”. Сюды ж загадалі вазіць і малако з калгасных фэрмаў. Але часта прадукт заварочваюць назад.

“Ніхто не прызнаецца, куды выліваюць вернутае ў калгас малако”

Апавядае адзін з кіроўцаў, які возіць малако з Добруша ў Гомель:
То антыбіётыкі ў малацэ знаходзяць..., то шчыльнасьць неадпаведная ...

“Раней у нас было ўсё нармальна. А цяпер — нібы прышпіленыя. На фэрмы ў Лебедзеўку, Івакі шмат малака вяртаюць. Нам няма куды дзявацца, людзі пакутуюць. Дояць, дояць кожны дзень, а ў гомельскай лябараторыі проста зьдзекуюцца. То антыбіётыкі ў малацэ знаходзяць. Калі антыбіётыкаў няма, значыць, шчыльнасьць неадпаведная. Калі ня шчыльнасьць, то кіслотнасьць альбо бруд. Проста зьдзекуюцца. Я гадзіну з малакавозам стаю да адбору пробаў на аналіз і сорак пяць хвілін — пасьля аналізу”.

На пытаньне, куды ж выкарыстоўваць вернутае ў гаспадарку малако, кіроўца адказвае досыць дыпляматычна:

“Ну, гэтага вам ніхто ня скажа. Усё выпілі цяляты, цялятам спойваюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG