Прыезд Авігдора Лібэрмана — першы візыт прадстаўніка Ізраілю такога ўзроўню за апошнія 15 гадоў. Да яго, у 1994 годзе, яшчэ ў далукашэнкаўскую Беларусь прыяжджаў тагачасны міністар замежных спраў Ізраілю, а цяпер прэзыдэнт краіны Шымон Пэрэс.
Авігдор Лібэрман прыбывае ў Менск, наведаўшы перад гэтым Расею, дзе ён сустракаўся фактычна з усім вышэйшым кіраўніцтвам: прэзыдэнтам, прэм’ерам і міністрам замежных спраў. На такім жа ўзроўні яго прымаюць і ў Беларусі. Пра афіцыйную праграму візыту Авігдора Лібэрмана расказвае прадстаўніца ізраільскай амбасады ў Менску:
“Будзе сустрэча з прэзыдэнтам, будзе сустрэча зь міністрам замежных спраў, кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта, заплянаванае ўскладаньне кветак да манумэнта на плошчы Перамогі і вянкоў да мэмарыялу на “Яме”.
Чакаецца, што ў ходзе візыту Лібэрмана будзе падпісаная адна дамова:
“Плянуецца падпісаньне праграмы двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Але на 100 працэнтаў сказаць гэта ня можам. Пакуль канчаткова гэта невядома”.
Напярэдадні прыезду Лібэрмана прэс-служба ізраільскага МЗС заявіла, што “пры абмеркаваньні палітычных пытаньняў ізраільскі міністар выкажа заклапочанасьць курсам Беларусі на цеснае супрацоўніцтва з Іранам, дзяржавай, якая ўяўляе сур'ёзную геапалітычную пагрозу для Ізраілю і ўсяго рэгіёну”.
Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што прыём ізраільскага прадстаўніка ў Менску на высокім узроўні сьведчыць пра тое, што Менск імкнецца збалянсаваць сваю блізкаўсходнюю палітыку, раней арыентаваную на арабскі сьвет і Іран:
“Тут зацікаўленасьць з двух бакоў: калі ў Беларусі да Ізраілю — эканамічная, то з боку Ізраілю да нас — у значна большай ступені палітычная, бо стасункі Беларусі з Іранам іх бянтэжаць, таму што Іран заклікаў сьцерці Ізраіль з мапы сьвету. Тым больш што раз-пораз узьнікаюць зьвесткі пра тое, што Беларусь пастаўляе Ірану нейкую зброю. Занепакоенасьць у іх, безумоўна, ёсьць, і Лібэрман будзе спрабаваць высьветліць, так гэта ці не. Я ўжо ня ведаю, як гэта ў яго атрымаецца”.
Апрача афіцыйных перамоваў у Менску, спадар Лібэрман будзе мець сустрэчу з прадстаўнікамі габрэйскай грамады Беларусі. На яе запрошаны грамадзкі дзеяч Якаў Басін:
“Наколькі я ведаю, беларускі бок цяпер зь вялікай сымпатыяй ставіцца да Ізраілю. Я вяду маніторынг антысэмітызму, і за апошнія паўтара-два гады нідзе — ні ў афіцыйнай, ні ў неафіцыйнай прэсе ніякіх сур’ёзных выпадаў супраць Ізраілю я ня бачыў, і ўвогуле антысэміцкіх выпадаў я ня бачыў. Я бачу ў гэтым пэўную лібэралізацыю”.
Спадар Басін зазначыў, што апошнім часам зь беларускай палітычнай арэны сышло каля дзясятка актыўных прапагандыстаў расейскага шавінізму і антысэмітызму. Гэта пазытыўны знак і для адносін з Ізраілем, мяркуе Якаў Басін:
“Дзякуй Богу, праблем сур’ёзных няма. Але ўзьнікаюць праблемы з суседзямі. Бо сёньня падтрымліваць цёплыя адносіны, напрыклад, з Іранам, які афіцыйна абвясьціў пра неабходнасьць зьнішчэньня Дзяржавы Ізраіль, — мне падаецца, што гэта не найлепшы крок Беларусі ў дачыненьні да гэтай краіны”.
Якаў Басін нэгатыўна ацаніў таксама зьвесткі пра магчымы продаж Беларусьсю расейскай зброі Сырыі і заклікаў беларускія ўлады прытрымлівацца нэўтралітэту ў блізкаўсходняй палітыцы.