Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільскія СМІ — пра заплянаваны візыт Лібэрмана ў Беларусь


Авігдор Лібэрман
Авігдор Лібэрман
На пачатку чэрвеня чакаецца працоўны візыт у Беларусь міністра замежных спраў Ізраілю Авігдора Лібэрмана, паведамляюць ізраільскія мэдыі.

Паводле выданьня “Maariv”, кіраўнік ізраільскага замежнапалітычнага ведамства прыбудзе ў Менск з Масквы.

Учора ў Дамаску кіраўнік расейскага МЗС пацьвердзіў візыт Лібэрмана ў Расею і падкрэсьліў, што ў часе гэтай сустрэчы будуць абмяркоўвацца пытаньні зьняцьця блякады з паласы Газа.

МЗС Ізраілю не пацьвярджае інфармацыю пра тое, што ў Менск прыедзе Авігдор Лібэрман.

У прэсавай службе міністэрства заявілі, што на наступным тыдні Лібэрман плянуе наведаць Расею. Прадстаўнік прэсавай службы МЗС Ізраілю не змог удакладніць ці была заплянаваная паездка міністра ў Менск. Пры гэтым суразмоўца БелаПАН ня выключыў, што неўзабаве “зьявіцца дадатковая інфармацыя”.

Тым часам ізраільскія СМІ паведамляюць, што Авігдор Лібэрман будзе мець сустрэчу з прэзыдэнтам Лукашэнкам, у часе якой размова пойдзе, сярод іншага, пра сувязі Беларусі з Іранам і Сырыяй. Таксама падкрэсьліваецца, што паездка адбудзецца на тле некаторага пацяпленьня дачыненьняў паміж заходнімі краінамі і Беларусьсю.

Згодна з ізраільскімі мэдыямі, кіраўнік МЗС Ізраілю паспрабуе прапанаваць беларускаму кіраўніцтву зьмяніць вэктар палітыкі на Блізкім Усходзе і наладзіць больш цесныя стасункі з Тэль-Авівам. Гэтыя дачыненьня могуць стаць для Беларусі сапраўдным “мостам на Захад”.

У беларускім МЗС пакуль не камэнтуюць інфармацыю ізраільскіх СМІ.

Раней, у лютым, Авігдор Лібэрман ужо наведваў Беларусь з прыватным візытам. Гэта адбылося, калі Лібэрман яшчэ ня быў зацьверджаны на пасадзе кіраўніка МЗС. Як адзначаюць ізраільскія аглядальнікі, у Менску яго прымалі на вельмі высокім узроўні. Лібэрман сустракаўся зь віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі, а таксама зь лідэрамі габрэйскай супольнасьці і амбасадарам Ізраілю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG