Паводле прэс-службы ізраільскага МЗС, "падчас абмеркаваньняў палітычных пытаньняў ізраільскі міністар выкажа заклапочанасьць курсам Беларусі на цеснае супрацоўніцтва з Іранам, дзяржавай, якая ўяўляе сур'ёзную геапалітычную пагрозу для Ізраіля і ўсяго рэгіёну. У перамовах з прадстаўнікамі кіраўніцтва Беларусі будуць абмяркоўвацца розныя аспэкты двухбаковых стасункаў, у прыватнасьці, у галіне эканомікі і культуры".
У інтэрвію БелаПАН, пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Эдуард Шапіра зазначыў: "Іран з'яўляецца пагрозай мірнаму працэсу на Блізкім Усходзе". Паводле дыплямата, аб нежаданьні гэтай краіны падтрымліваць мір у рэгіёне сьведчаць многія акалічнасьці. "Так, увесь сэктар Газа, разьмешчаны на паўднёвых межах Ізраіля, знаходзіцца пад кантролем Ірана і перададзены ў рукі тэрарыстычнай арганізацыі "Хамас". Менавіта з ухваленьня і пры фінансавай падтрымцы іранскага кіраўніцтва ажыцьцяўляліся ракетныя абстрэлы ізраільскай тэрыторыі", — адзначыў амбасадар.
Паводле ізраільскіх мэдыяў, Ізраіль зацікаўлены ў максымальным скарачэньні падтрымкі рэжымаў, варожых яўрэйскай дзяржаве. Так, Лібэрман падчас візыту ў Мінск можа заявіць аб "істотных выгодах за больш ляяльнае стаўленьне да Ізраіля і, адпаведна, пахаладаньне ў адносінах да Сірыі і Ірана".