СЛУХАЦЬ:
Хлопцаў затрымалі актывісты КХП БНФ, калі тыя ламалі крыжы на галоўнай алеі мэмарыялу. Спачатку міліцыя спыніла распачатую супраць іх крымінальную справу. Але пракуратура апратэставала гэтае рашэньне і прад’явіла падлеткам новае абвінавачаньне. Ім пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.
Начальнік сьледзтва Бараўлянскай міліцыі Ігар Барадач паведаміў “Свабодзе”, што пракуратура Менскага раёну знайшла ў дзеяньнях падлеткаў прыкметы злоснага хуліганства.
“Пракуратура адмяніла пастанову аб спыненьні крымінальнага перасьледу. Мы не абіралі для іх меру стрыманьня. Толькі адзінкавы факт. Ніякіх іншых доказаў іх датычнасьці няма. Прымем рашэньне ў панядзелак”.
Справа гэтая была заведзеная пасьля гучных падзеяў 30 кастрычніка ў Курапатах. Тады сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алег Сьвірыдаў і Алесь Макаў у часе дзяжурства ў Курапатах заўважылі паламаныя крыжы на цэнтральнай алеі, а крыху далей — двух падлеткаў, якія ламалі крыж. Актывісты затрымалі падлеткаў і выклікалі міліцыю.
Пазьней яны выяжджалі зь міліцыянтамі ў Курапаты на сьледчы экспэрымэнт. У выніку міліцыянты справу спынілі нібыта з-за адсутнасьці складу злачынства, але пракуратура вынесла пратэст і абвінаваціла падлеткаў у злосным хуліганстве.
1 чэрвеня кіраўнік сьледзтва Бараўлянскай міліцыі мае прыняць рашэньне адносна крымінальнай справы супраць гэтых непаўналетніх. Справу могуць перадаць у суд, а могуць да падлеткаў ужыць амністыю.
Алесь Макаў лічыць, што справа й гэтым разам да суду ня дойдзе, бо хлопцаў амністуюць. Станоўчы момант ён усё ж бачыць у тым, што пракуратура апратэставала рашэньне міліцыянтаў спыніць справу:
“Я вельмі сумняюся, што яны будуць нарэшце пакараныя, бо, наколькі ведаю, яны падпадаюць пад амністыю. У сьледчага ўжо ёсьць адпаведная пастанова.
Аднак тут ёсьць станоўчы момант: тое, што пракуратура адмяніла пастанову міліцыянтаў аб спыненьні справы і прад’явіла новае абвінавачаньне, можа стаць добрым прыкладам для іншых, каму захочацца пазьбіваць крыжы ў Курапатах“.
Алег Сьвірыдаў: “Я мяркую, што гэта добра, бо створаны юрыдычны прэцэдэнт. Зроблены нейкія крокі, каб гэта не паўтарылася яшчэ раз”.
Актывіст Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі выказаў сваё меркаваньне:
“Час ад часу здараюцца акты вандалізму ў Курапатах. Хацелася б, каб пасьля гэтых апошніх падзеяў нарэшце зьявілася б там пастаянная ахова міліцыі. Трэба ставіць кругласутачны пост. Тады ня будзе тых выпадкаў.
У нацыянальным сэнсе Курапаты — тое ж, што й Хатынь. Два таталітарныя рэжымы зьнішчалі людзей. Курапаты, як і Хатынь, мусяць ахоўваць на дзяржаўным узроўні“.
У міліцыі Менскага раёну знаходзіцца яшчэ адна крымінальная справа, якую распачалі паводле красавіцкіх падзеяў, калі невядомыя злачынцы разбурылі ў Курапатах некалькі магіл і на жвіры пакінулі парэшткі нябожчыкаў.
Гэта ня першыя акты вандалізму ў Курапатах. Некалькі разоў тут ламалі “лаву Клінтана”, малявалі на крыжах і іконе фашысцкую свастыку, разбуралі магілы. Але не было ніводнага выпадку, каб злачынцаў знайшлі і пакаралі іх у судзе.