Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню ў Курапатах затрыманыя вандалы <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У суботу а палове на 22 гадзіну ва урочышчы Курапаты грамадзкія актывісты затрымалі двух маладзёнаў, якія ламалі крыжы. Пра гэта Свабодзе паведаміў адказны сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі.


Пасьля актаў вандалізму напачатку тыдня грамадзкія актывісты кантралявалі ўрочышча. Як паведаміў "Свабодзе" адзін зь іх спадар Алег, які пажадаў захаваць ананімнасьць, ён і Алесь Макаў патрулявалі ўрочышча і пабачылі двух маладзёнаў, якія падышлі да крыжоў і пачалі іх ламаць. Яна павалілі і зламалі пяць крыжоў.
Адзін з вандалаў


Грамадзкія актывісты затрымалі іх і выклікалі супрацоўнікаў міліцыі Менскага раённага аддзелу ўнутраных справаў. Паводле спадара Алега, вандалы былі нецьвярозыя, нецэнзурна лаяліся.
Гэты хлопец ламаў курапацкія крыжы


Пакуль чакалі прыезду міліцыі, хлопцы выклікалі сваіх бацькоў. Прыехала маці аднаго зь іх і ўгаворвала міліцыянтаў не затрымліваць яе сына, бо ён непаўнагадовы. Пасьля званкоў хлопцаў прыехалі таксама некалькі мужчынаў, але яны не прадставіліся.

22.30 Супрацоўнікі міліцыі разам з затрыманымі вандаламі і двума грамадзкімі актывістамі ў якасьці сьведак накіраваліся ў аддзел міліцыі ў Бараўлянах.

23.10 Зараз у Курапатах знаходзяцца кіраўнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі і Валер Буйвал. У іх прысутнасьці крыміналісты праводзілі сьледчыя дзеяньні.

"Адбылося тое, што павінна было адбыцца, яна павінны былі быць затрыманыя. Напярэдадні Дзядоў гэта знак Божы, калі ўвага людзей зьвернута да Курапатаў, да Дня памяці продкаў", кажа Юрась Беленькі.

23.30. У Бараўлянскім аддзеле міліцыі сьледчая Тацяна Камнавокава дапытвае сьведку грамадзкага актывіста Алеся Макава. Тут жа знаходзіцца бацька аднаго затрыманага вандала.

00.30 Актывіст Партыі БНФ Алесь Макаў і спадар Алег далі паказаньні і пакінулі адзьдзяленьне міліцыі. Як паведаміў Свабодзе Алесь Макаў, адзін з затрыманых 1992 году нараджэньня, ягонае імя Ўладзімер, прозьвішча не расчуў, імя другога таксама. На гэты момант вандалы заставаліся з бацькамі ў міліцыі.


***
Гэта ня першыя выпадкі вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысяч чалавек.

Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на Крыжы Пакуты.

Што да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, то было дванаццаць выпадкаў вандалізму. У 2002 годзе адрамантаваную каторы ўжо раз лаву Клінтана ўсталёўваў у Курапатах амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.

У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. Паводле фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты КХП БНФ аднавілі яго.

Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG