Праваабаронца патрабуе ад газэты 70 мільёнаў рублёў кампэнсацыі і абвяржэньня зьвестак пра сябе, якія ён лічыць зьняважлівымі.
Нагадаю, 6 сакавіка ў газэце “СБ-Беларусь сегодня” быў надрукаваны артыкул “Много у нас диковин, каждый чудак —Бетховен”. Аўтар артыкула, нехта Ксенафонт Суперфасфатаў, выказаўся адносна праваабаронцаў Алега Воўчака і Яны Паляковай.
Наконт Воўчака быў згаданы інцыдэнт на паркоўцы, які здарыўся яшчэ ў 2003 годзе. Паводле аўтара, Алег Воўчак тады беспадстаўна паведаміў мэдыям, што на яго напалі спэцслужбы, і назваў гэта помстай за праваабарончую дзейнасьць. Такія выказваньні Алег Воўчак абвяргае. Таксама ён на свой адрас прыняў словы ў канцы артыкула, паводле якіх беларускія праваабаронцы насамрэч нібыта “леваабаронцы”. Нагадаю, Яна Палякова празь дзень пасьля гэтага артыкула павесілася. Яе ж калега Алег Воўчак зьвярнуўся ў суд.
У газэце “СБ-Беларусь сегодня”, больш вядомай пад назвай “Советская Белоруссия”, Алегу Воўчаку паведамілі, што супрацоўніка, якога б звалі Ксенафонт Суперфасфатаў, у рэдакцыі няма, а хто працуе пад такім прозьвішчам, не сказалі. Тады спадар Воўчак падаў пазоў на газэту. Пры гэтым праваабаронца не выключае, што пад псэўданімам Ксенафонт Суперфасфатаў схаваўся рэдактар выданьня Павал Якубовіч. У падтрымку гэтай вэрсіі Воўчак згадаў, што Якубовіч неаднойчы пісаў пра яго ў сваіх артыкулах, у тым ліку апісваў інцыдэнт на паркоўцы.
Сёньня ў судзе Алег Воўчак працягваў спробы высьветліць сапраўднае прозьвішча Ксенафонта Суперфасфатава, але марна:
“Я ўсё ж разьлічваў, што аўтар артыкула набярэцца мужнасьці і прыйдзе ў суд, а ня будзе накіроўваць прадстаўніка. Вядома, гэта ягонае права, але я меркаваў, паколькі гэтая справа стала гучнай, што ён прыйдзе і будзе са мной дыскутаваць сам. Але гэта паказала, што, магчыма, у гэтага чалавека няма мужнасьці і сьмеласьці”.
Алег Воўчак не адмовіўся ад замірэньня бакоў пры ўмове, што газэта абвергне абразьлівыя зьвесткі і папросіць прабачэньня. Аднак прадстаўнік рэдакцыі, юрысконсульт Аляксей Шпілеўскі ісьці на міравую не пажадаў.
Аляксей Шпілеўскі заявіў, што газэта не друкавала зьняважлівыя зьвесткі пра Алега Воўчака, а толькі дала магчымасьць аўтару выказаць сваё меркаваньне пра праваабаронцаў, у тым ліку Алега Воўчака. Пры гэтым спадар Шпілеўскі спаслаўся на закон аб друку і Канстытуцыю. Тады Алег Воўчак паспрабаваў атрымаць зьвесткі пра асобу аўтара — Ксенафонта Суперфасфатава, але і тут ня меў посьпеху.
А.Воўчак: “Скажыце, аўтар мужчына ці жанчына?”
А.Шпілеўскі: “Гэта важна? Добра, мужчына”.
А.Воўчак: “Яму да 50 гадоў ці ён старэйшы?”
А.Шпілеўскі: “Гэта справы ня тычыцца”.
Разгляд пазову Алега Воўчака да газэты адміністрацыі прэзыдэнта “СБ-Беларусь сегодня” працягваецца.