Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянкі ад апазыцыі — непажаданыя


Сёньня беларускія апазыцыйныя палітыкі Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька і Анатоль Ляўковіч наведваюць чарнобыльскія раёны Гомельшчыны.

Апоўдні ў райцэнтры Карма яны разам з гомельскімі прадстаўнікамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў усклалі да мэмарыялу адселеным вёскам чырвоныя гвазьдзікі й вянкі. На вянках была чорная стужка з надпісам “Памятаем Чарнобыль”.

Зь вянкамі й кветкамі апазыцыйныя актывісты прайшлі па вуліцы Свабоды. Чарнобыльскі мэмарыял у Карме складаецца зь дзьвюх частак — паабапал вуліцы. На белых плітах, як бы перацягнутых чорнай жалобнай стужкай, напісаны назвы сельсаветаў і вёсак, якія пасьля Чарнобылю перасталі існаваць. Іх два з паловай дзясяткі.

Палітыкі ўсклалі чырвоныя гвазьдзікі і па вянку да абедзьвюх паловаў мэмарыялу.

Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін ускладаюць вянок да чарнобыльскага мэмарыялу

Цырымонія вялася пад наглядам міліцыянтаў, яе бесьперапынна здымаў на відэакамэру маладзён у чорнай цывільнай вопратцы.


Пасьля ўскладаньня вянкоў лідэр АГП Анатоль Лябедзька распавёў, што апазыцыйныя палітыкі ў дзень смутку ня толькі “топчуць асфальт у сталіцы”, але і наведваюць чарнобыльскія раёны:

“Гэта ўжо ня першая паездка. Насамрэч лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Што мы бачым? Гэта, прыкладна, як і ва ўсіх: цэнтар гораду чысты, акуратны, вычышчаны. Як заўсёды, крыху запалоханыя людзі і вельмі пільныя сілавыя структуры. Гэта тое, што кідаецца ў вочы”.


Пакуль спадары Лябедзька, Калякін і Ляўковіч гутарылі на вуліцах зь людзьмі, раздавалі ім газэты “Народная воля” і “Товаріщ”, нехта невядомы скраў з мэмарыялу вянкі. Прастаялі яны ня болей як паўгадзіны.

1Васіль Палякоў піша заяву
Прысутны кіраўнік гомельскай арганізацыі АГП Васіль Палякоў з паплечнікамі накіраваліся ў міліцыю:

“Зараз я напісаў заяву пра тое, што зьніклі тыя вянкі, якія былі ўскладзены ад імя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў да помніка выселеным вёскам. Вянкі зьніклі, і неабходна, каб яны былі знойдзеныя супрацоўнікамі міліцыі. Было вельмі шмат міліцыі, і, зразумела, проста так гэтыя вянкі зьнікнуць не маглі. Гэта з удзелам уладаў адбылося, і гэта нейкае вар’яцтва”.

Госьці вымушаны былі зьвярнуцца і ў Кармянскі райвыканкам. Старшыня Кармянскага райвыканкаму Васіль Яцэвіч таксама далучыўся да пошуку, зьвязваўся зь нейкімі службамі. А пасьля заявіў, што вянкі празь 5 хвілінаў будуць на месцы.

У хуткім часе да мэмарыялу пад’ехаў грузавік, і мясцовыя камунальнікі паставілі вянкі на месца. Начальніцкага выгляду мужчына пачаў пераконваць гасьцей, што вянкі прыбралі, каб рамантаваць мэмарыял, які і без таго меў сьвежаадноўлены выгляд.


Лідэр ПКБ Сяргей Калякін так пракамэнтаваў інцыдэнт:

“Гэта не якія там людзі звонку зрабілі. Зрабіла гэта ўлада. Чаму — ёй і самой, пэўна, невядома. Калі нехта ўшаноўвае памяць, дык гэта трэба ахоўваць, а не зьнішчаць. Я не разумею гэтых людзей, учынак вар’яцкі. Нейкая недарэчнасьць. Я ня ведаю, што й казаць”.

З Кармы апазыцыйныя палітыкі выправіліся ў Чачэрск і Ветку, каб і там ускласьці вянкі да чарнобыльскіх помнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG