Сваю пастанову гандляры прынялі на сходзе. Ён пачаўся а палове на пятнаццатую каля будынка адміністрацыі рынку і доўжыўся каля дваццаці хвілін. Удзельнікі эмацыйна выказвалі сваё абурэньне дзеяньнямі ўлады.
“Мы будзем страйкаваць. Няхай прыйдуць да нас і паглядзяць. У будзённы дзень стаім і нічога не прадаём. А нам падвышаюць падаткі. Тое ж самае творыцца і ў крамах. Яны таксама сядзяць у крамах. У людзей дабрабыт усё ніжэй і ніжэй, а падаткі ўсё вышэй і вышэй”, — зьвярнулася да сваіх калегаў адна з гандлярак.
Зь ёй салідарная і яшчэ адна прадпрымальніца:
“Чаму нас усіх пад адзін грабянец? Алігархі, якія маюць сотні тысяч даляраў, і мы, у параўнаньні зь імі ніхто. Калі ў нас у палатцы дзьве-тры тысячы даляраў у тавары — і ад нас такія падаткі. Вы разумееце, нам хана. Дык гэта нармальна, людзі добрыя? За што?”
Найбольш ад павышэньня церпяць гандляры абуткам:
“Мне на дзіцячы абутак зрабілі падатак семдзесят эўра. Як я яго магу выплаціць, калі ў мяне абутак каштуе 35 тысяч за пару? Якую я прадаю адну за дзень максымум. У мяне такая выручка за месяц, а павінна плаціць адзін мільён сто падатку толькі. Хіба можна так рабіць?” — абураецца гандлярка.
На Віленскім рынку працуе каля паўтары тысячы гандляроў. Паводле іх, ад першага красавіка ім давядзецца плаціць у сярэднім на сто эўра болей, чым раней. Гэта, заяўляюць яны, прывядзе да масавых банкруцтваў.
На фота: Віленскі рынак у Магілёве.
На фота: Гандляры рынку на сходзе.
На фота: Шмат у якіх гандляроў на палатках такая абвестка.