Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Укід», «вярцеп», «неапраўданыя чаканьні». Вядомыя асобы камэнтуюць абвінавачаньні супраць Паўла Латушкі


Павал Латушка на канфэрэнцыі ў Варшаве, 9 жніўня 2025 году
Павал Латушка на канфэрэнцыі ў Варшаве, 9 жніўня 2025 году

Дэлегатка Каардынацыйнай рады Вольга Карпушонак абвінаваціла кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Паўла Латушку ў сэксуальных дамаганьнях. Сам Латушка назваў абвінавачаньні паклёпам і «працай спэцслужбаў рэжыму».

Шэраг вядомых асобаў пракамэнтавалі абвінавачаньні на сваіх старонках у фэйсбуку.

Юрась Губарэвіч, лідэр зьліквідаванага руху «За свабоду»:

— На гэты момант ёсьць голыя словы ад Вольгі, не падмацаваныя канкрэтнымі доказамі.

Рэальная сытуацыя можа быць як і ў тым, што яна на 100% мае рацыю, так і ў тым, што яе словы і дзеяньні — на 100% выкананьне замовы спэцслужбаў.

Мы знаходзімся ў праўных дзяржавах, дзе рашэньні павінны прымаць адпаведныя органы на падставе пададзеных заяваў і прадстаўленых доказаў. І гэта адзіныя рашэньні, якія будуць мець рэальную вагу. А ня розныя эмацыйныя ўкіды экзальтаванай публікі.

Хацеў бы завярнуць увагу аматараў пазасудовай расправы, што яны могуць стаць наступнымі ахвярамі. Вялдома, калі не атрымалі адпаведныя «гарантыі» ад спэцслужбаў.

P.S. Чым больш зьяўляецца інфармацыі, тым больш гэтая гісторыя выглядае як сплянаваны ўкід з мэтай дыскрэдытацыі.

Натальля Дуліна, выкладчыца італьянскай мовы, былая палітзьняволеная:

— На жаль, будучы публічным чалавекам, Павал Латушка ня можа дазволіць сабе раскошы проста не рэагаваць на ўсе гэтыя старыя, як сьвет, падкопы праціўнікаў — бо гэта было б наймацнейшым адказам на ўсе спробы «куснуць», зрабіць гадасьць і затым трыюмфаваць, бачачы, як чалавек апраўдваецца, а тым часам вакол яго расьце напружаньне. Паўлу Латушку даводзіцца рэагаваць на гэтае ўбогае цкаваньне, бо за ім стаіць рух свабодных людзей і ён разумее сваю адказнасьць за іх і за лёс нашай краіны...

І яшчэ адна заўвага. Нешта мне трывожна і за жыцьцё Вольгі. Мы ж ведаем, як у іх гэта прынята: «няма чалавека — няма праблемы».

Павал Вусаў, палітоляг, прадстаўнік руху «Вольная Беларусь»:

— Былая адвакат (абаронца палітвязьня Аляксандрава), сябра Каардынацыйнай рады (ад клюбу Мартынавай), супрацоўніца, зь яе словаў, НАУ. Яна наўпрост абвінавачвае Латушку ў сэксуальных дамаганьнях (шыкоўным/двайным жыцьці), выкарыстаньні свайго становішча для аказаньня ціску на яе з пэўнымі мэтамі, у шантажы.

Як адвакат яна ня можа не разумець праўных і палітычных наступстваў сваёй заявы і ня толькі для Латушкі. Без расьсьледаваньня і судовага працэсу тут не абыдзецца.

У яе стужцы вялікі тэкст, які, у сутнасьці, можа быць падставай для крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да Латушкі (калі там ёсьць праўда) або ў дачыненьні да Карпушонак за паклёп, і даволі сур’ёзны. Паклёп, паўпраўда так ці інакш падрывае пазыцыі Латушкі. Пакуль будзе весьціся разбор, яго дзейнасьць у КР-АПК будзе пад пытаньнем. Асабліва калі Карпушонак зьвернецца ў польскія праваахоўныя органы. (І, як адвакат, гэта першае, што яна павінна была зрабіць, калі тое, што адбылося — праўда).

Замаўчаць гэта ці ігнараваць не атрымаецца, бо можа азначаць прызнаньне віны, адпісацца таксама немагчыма, адзіны выхад — судовы разбор, які і так будзе мець разбуральны эфэкт для КР, для Латушкі і кабінэту, бо агульна стварае ўражаньне глыбока папсаванай супольнасьці з праблемамі сэксуальнымі і маральнымі.

Нават калі выявіцца, што гэта чарговая інфармацыйная апэрацыя (Карпушонак вернецца ў Беларусь), усё будзе сьведчаньнем унутранай слабасьці апазыцыі, зь якой у любым выпадку небясьпечна мець дачыненьні, бо яна прасякнута альбо агентамі, альбо правакатарамі.

Эфэкт — дасягнуты, складаецца ўражаньне, што дэмакратычная супольнасьць ператварылася ў нейкі вярцеп.

Ніка Сандрас, мастачка:

— Для мяне сэксуальныя дамаганьні — гэта калі твой начальнік кліча цябе ў рэстаран, ты не ідзеш і табе пачынаюць пагаршаць умовы працы. Або калі ты адмаўляесься ісьці ў рэстаран і цябе ўвогуле звальняюць.

А калі ты ідзеш у рэстаран, «выдатна бавіш час», бярэш у мужчыны грошы гатоўкай, але пачынаеш скандал, даведаўшыся, што ты не адзіная палюбоўніца, гэта ўжо не сэксуальныя дамаганьні, а неапраўданыя чаканьні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG