Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над журналістам Ігарам Ільяшом адновіцца 4 верасьня


Ігар Ільяш, архіўнае фота
Ігар Ільяш, архіўнае фота

Ён перапыніўся амаль на паўгоду дзеля экспэртызы тэкстаў журналіста.

Працэс над журналістам Ігарам Ільяшом адновіцца 4 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» дзядуля жонкі палітвязьня Сяргей Ваганаў.

«Некалькі месяцаў спатрэбілася на псыхалінгвістычную экспэртызу аналітычных тэкстаў Ігара, які абвінавачваецца ў «садзейнічаньні экстрэмізму» і ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», — адзначыў ён.

Экспэртызай займаўся доктар філялягічных навук, загадчык катэдры на філфаку БДУ прафэсар Сяргей Лебядзінскі, нагадаў Ваганаў.

Ён падкрэсьліў, што пакуль ня ведае, ці выявіў экспэрт «доказы, якія адпавядаюць абвінавачаньням, або абазначыў сутнасную розьніцу паміж крытычным аналізам цяперашняй палітыкі і дыскрэдытацыяй дзяржавы, паміж распаўсюдам „загадзя ілжывых зьвестак“, як сказана ў Крымінальным кодэксе РБ, і пунктам гледжаньня аналітыка, яго меркаваньнем, свабода якога гарантавана Канстытуцыяй».

«Шчыра кажучы, мне, прафэсійнаму журналісту з больш як 60-гадовым стажам, што напісаў сотні аналітычных інфармацый, публіцыстычных артыкулаў, нарысаў і эсэ, асабліва цікава даведацца, якія „загадзя ілжывыя зьвесткі“, то бок факты, якіх не было, распаўсюдзіў Ігар Ільяш. Альбо не распаўсюдзіў. Я знаёмы практычна з усімі тэкстамі Ігара, і заўсёды адзначаў іх спакойны, ураўнаважаны тон, факталягічную грунтоўнасьць, лагічнасьць аналізу і высноў, іншы раз нечаканых», — падкрэсьліў Ваганаў.

Судовы працэс быў прыпынены 12 сакавіка акурат для правядзеньня экспэртызы.

Ільяша абвінавачваюць па арт. 369-1 («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і ч. 2 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу.

Пра яго затрыманьне паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка летась. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрвію незалежным СМІ. Заяўлялася, што тым самым ён займаўся «садзейнічаньнем экстрэмісцкім фармаваньням».

Таксама сьцьвярджалася, што журналіст ажыцьцяўляў «збор дадзеных для замежных разьведак — даваў камэнтары ўкраінскім выданьням».

У ліпені 2021 году Ільяша затрымлівалі на 10 дзён, ён быў у статусе падазраванага па ч. 1 арт. 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Далейшага ходу крымінальная справа не атрымала.

Кацярына Андрэева была затрыманая разам са сваім апэратарам Дарʼяй Чульцовай 15 лістапада 2020 году. Яна вяла прамы этэр зь месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі («плошча Перамен» — двор на вул. Чарвякова ў Менску).

У лютым 2021 году суд Фрунзенскага раёну Менску прызнаў журналістак вінаватымі ў «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК), і прысудзіў да двух гадоў пазбаўленьня волі.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

13 ліпеня 2022 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Андрэеву да васьмі гадоў пазбаўленьня волі па ч. 1 арт. 356 КК («здрада дзяржаве»). Паколькі раней яна ўжо была прысуджаная да зьняволеньня, шляхам частковага складаньня канчатковым пакараньнем ёй прызначылі пазбаўленьне волі на тэрмін восем гадоў і тры месяцы. Адлік вядзецца з моманту затрыманьня восеньню 2020 году.

Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у зьняволеньні ўтрымліваецца 36 прадстаўнікоў СМІ.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG