Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны змагаюцца зь беззаконьнем


Актывісткі грамадзкай ініцыятывы “Жанчыны супроць беззаконьня ў судох і пракуратуры” заяўляюць пра ціск з боку ўладаў напярэдадні пратэстных акцый.

Людміла Кучура пяты год дамагаецца перагляду крымінальнай справы мужа, асуджанага — як яна лічыць, незаконна — за забойства. Разам зь іншымі незадаволенымі прысудамі беларускіх судоў спадарыня Кучура ўвайшла ў грамадзкую ініцыятыву “Жанчыны супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры”. 12 лютага Людмілу Кучуру позвай выклікалі ў крымінальны вышук — нібыта як сьведку ў справе выбуху на праспэкце Пераможцаў 3 ліпеня 2008 году. У жанчыны запатрабавалі здаць адбіткі пальцаў, але яна запратэставала і адмовілася:

“Кажу, а дзе ў вас падставы лічыць, што я сьведка, калі я там не была ўвогуле? Мяне там хто бачыў, ці ў вас ёсьць кадры відэазапісаў?”

У суботу 14 лютага на менскай плошчы Бангалор пройдзе дазволены гарадзкімі ўладамі пікет пад антыкарупцыйнымі лёзунгамі. Заяўку на гэты пікет падавала Людміла Кучура. Яна мяркуе, што патрабаваньні міліцыі адносна адбіткаў пальцаў зьвязаныя менавіта зь яе грамадзкай дзейнасьцю. Паводле Людмілы Кучуры, гэтаксама напярэдадні акцыі міліцыя і КДБ цікавіліся актывісткамі ў іншых гарадох краіны. У размовах стала вядома нібыта пра існаваньне нейкага “сьпісу нядобранадзейных”:

“Калі прыяжджалі да нашых жанчын, вось у Лідзе прыяжджалі, да адной у Маладэчна прыяжджалі з КДБ, дык казалі пра нейкі «сьпіс нядобранадзейных». Маўляў, гэта сьпіс тых, хто шмат піша прэзыдэнту. Як даведваліся ў нашых, што мы таксама часта скардзімся, дык казалі: «А, цяпер зразумела, чаму вас выклікаюць»”.

Судовыя справы, якія аб’ядналі актывістак ініцыятывы «Жанчыны супроць беззаконьня ў судах і пракуратуры», — самыя розныя. Людміла Самусенка пратэстуе супраць незаконнай, як яна лічыць, пабудовы памяшканьня фірмы ўпрытык да яе дома на вуліцы Кальцова. Жанчына не выключае, што ў гэтай справе не абышлося без карупцыі з удзелам чыноўнікаў. Звароты Людмілы Самусенкі ў дзяржаўныя ўстановы прывялі да таго, што яе абвінавацілі ў паклёпе і спрабуюць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Не зважаючы на ціск, спадарыня Самусенка працягвае сваё змаганьне:

“Я гэта дараваць не магу. У дзяржаве павінен быць нейкі парадак, закон павінен нас абараняць. У нас жа ёсьць Канстытуцыя — чаму ж усё насуперак ёй?”

У прэсавай службе Вярхоўнага суду Беларусі паведамілі, што летась суды разгледзелі болей за 11 тысяч наглядных скаргаў. Па выніках гэтых разглядаў адменена 335 прысудаў. Судамі было прызнана, што 19 чалавек асудзілі незаконна. Большасьць актывістак ініцыятывы «Жанчыны супроць беззаконьня ў судах і пракуратуры» кажуць, што змагаюцца за справядлівасьць ужо некалькі гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG