Затрыманьне трох ваўкавыскіх прадпрымальнікаў выклікала шырокі рэзананс сярод палітызаванай супольнасьці. Як гэтая справа выглядае зь юрыдычнага гледзішча? Якія яе палітычныя мэты? Ці хочуць улады такім чынам закрыць “справу 4 ліпеня”?
Удзельнікі: праваабаронца Валянцін Стэфановіч і генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб.
Юрыдычны бок справы
Валер Карбалевіч: “Ужо само затрыманьне былых палітвязьняў Аўтуховіча і Лявонава, а таксама іх знаёмага Асіпенкі спэцпадразьдзяленьнем «Алмаз» у колькасьці 30-40 чалавек з маскамі і аўтаматамі, нібы для захопу групы ўзброеных тэрарыстаў, выклікала зьдзіўленьне. Ня менш пытаньняў узьнікае пасьля інфармацыі пра ператрус у офісе і кватэрах, а таксама ў гародзе з дапамогай мэталашукальнікаў. Затрыманых чамусьці прывезьлі ў Менск і пасадзілі на Акрэсьціна, хоць справу вядзе гарадзенская міліцыя.
Недарэчным выглядае і фармальная падстава затрыманьня: падазрэньне ў падпале хаты былога начальніка Ваўкавыскага РУУС Кацубы, што адбылося ў 2004 годзе. Прычым вінаваты ў злачынстве знойдзены і асуджаны, сам пацярпелы ад падпалу скаргаў на перагляд справы не пісаў. Але ўсе гэтыя недарэчнасьці можна было б сьпісаць на звычайную практыку паліцэйскай дзяржавы.
Аднак калі ў той жа дзень па БТ перадалі, што арыштаваныя падазраюцца ў зьдзяйсьненьні шэрагу падпалаў і выбухаў і ў іх знойдзена выбухоўка і зброя — а гэта няпраўда — то стала відавочна, што гэта падрыхтаваная правакацыя ўладаў. А як вы можаце ацаніць вядомыя факты гэтай справы з юрыдычнага гледзішча?“
Валянцін Стэфановіч: “Пакуль мала вядома, па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні якога злачынства яны затрыманыя. Інфармацыя пра падазрэньні ў падпале хаты былога начальніка Ваўкавыскага РУУС прагучала са словаў іншых асобаў, а не з афіцыйных крыніц.
Уражвае сама апэрацыя па затрыманьні. Ператрус рабілі ў некалькіх кватэрах, пад зямлёй шукалі выбуховыя рэчы. Дарэчы, быў праведзены ператрус у кватэры былога дэпутата Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, сябра апазыцыі БНФ сп. Аксаміта. І гэта падводзіць да думкі, што ператрусы рабілі проста ва ўсіх апазыцыянэраў Ваўкавыску“.
Палітычныя матывы
Мячыслаў Грыб: “Трэба меркаваць, што санкцыя на ператрус і затрыманьне ў супрацоўнікаў міліцыі была. Але маштаб спэцапэрацыі па затрыманьні перавышае маштаб абвінавачваньняў. То бок людзей, якіх абвінавачваюць у падпале, няма патрэбы затрымліваць 30-40 спэцназаўцамі. Шум, зь якім улады ажыцьцяўляюць гэтую апэрацыю, сьведчыць пра тое, што, здаецца, за гэтым стаяць палітычныя матывы”.
Карбалевіч: “Сапраўды, складаецца ўражаньне, што за гэтай справай стаяць нейкія палітычныя мэты. Можа, хочуць адцягнуць увагу ад некага ці ад нечага? Чаму выбар у якасьці фігурантаў справы ўпаў на Мікалая Аўтуховіча і ягоных сяброў? Яны ня лідэры апазыцыі, пацярпелі за абарону сваіх правоў як прадпрымальнікаў, жывуць цяпер у Ваўкавыску, працуюць кіроўцамі. Якая тут лёгіка дзейнічае?”
Стэфановіч: “
Магчыма цяперашнімі затрыманьнямі ўлады імкнуцца прадэманстраваць, што эфэктыўна працуюць па справе 4 ліпеня.
Магчыма цяперашнімі затрыманьнямі ў Ваўкавыску ўлады імкнуцца прадэманстраваць, што яны эфэктыўна працуюць па гэтай справе. А БТ падключанае для таго, каб падрыхтаваць грамадзкую думку для абвінавачваньня гэтых людзей у зьдзяйсьненьні выбуху 4 ліпеня.
У пэўным сэнсе затрыманыя падыходзяць на такую ролю. Вось Аўтуховіч — вэтэран вайны ў Аўганістане, таму ён можа мець досьвед у выкарыстаньні выбуховых рэчываў. Грамадзтву можна давесьці, што гэта былыя прадпрымальнікі, якія не былі задаволеныя прысудам па іх справе і цяпер вырашылі адпомсьціць“.
“Справа 4 ліпеня”
Грыб: “Аўтуховіч і ягоныя сябры — даволі вядомыя людзі. Аўтуховіч шмат разоў ладзіў галадоўкі, адстойваў свае правы. Сапраўды, найбольш верагодная вэрсія — прыцягнуць іх да «справы 4 ліпеня». Цікава тое, што крымінальная справа аб гэтым выбуху была заведзеная не паводле артыкулу аб тэрарызьме, што было б лягічна, а па справе аб злосным хуліганстве. Але для затрыманьня „злосных хуліганаў“ ня трэба была такая вялізарная група захопу”.
Карбалевіч: “Сапраўды, ёсьць лёгіка ў прыцягненьні гэтых людзей да «справы 4 ліпеня». Бо час ідзе, вінаватыя ў гэтым злачынстве ня знойдзеныя, ужо ўся краіна пачынае сьмяяцца з таго, як міліцыя шукае злачынцу, беручы адбіткі пальцаў ва ўсяго дарослага насельніцтва. Міністар унутраных спраў Навумаў паабяцаў прэзыдэнту і народу знайсьці злачынцу, а абяцаньне трэба выконваць. Усё гэта нагадвае «справу Мікалуцкага».
Але калі ўлады хочуць «павесіць» на кагосьці гэтае злачынства і закрыць справу, то можна было б знайсьці больш просты і не такі скандальны шлях.
Магчыма, улады імкнуцца забіць двух зайцоў.
Стэфановіч: “Сапраўды, больш просты шлях — «павесіць» гэтую справу на крымінальнікаў. Але, магчыма, улады імкнуцца забіць двух зайцоў. З аднаго боку, паказаць грамадзтву вінаватых у выбуху 4 ліпеня, упэўніць, што гэтае злачынства зьдзейсьнілі людзі, якія маюць дачыненьне да апазыцыі і прадпрымальніцкага руху. А з другога боку, прадэманстраваць, што ўлады кантралююць становішча, нягледзячы на лібэралізацыю”.
Грыб: “Гэта вельмі небясьпечна”
Грыб: “Улады вельмі мала выконваюць свае абяцаньні па раскрыцьці значных і цяжкіх злачынстваў. Зразумела, можна прымусіць кагосьці ўзяць гэтае злачынства на сябе. Але гэта азначае, што сапраўдныя злачынцы застануцца на свабодзе і могуць зьдзейсьніць новае злачынства. А гэта вельмі небясьпечна.
Цяпер сьледчым органам дзеля раскрыцьця «справы 4 ліпеня» даюць рабіць усё, не зважаючы на закон.
Цяпер сьледчым органам дзеля раскрыцьця «справы 4 ліпеня» даюць рабіць усё, не зважаючы на закон. Напрыклад, паводле закону браць адбіткі пальцаў можна толькі ў людзей, якія падазроныя ў справе, а не ўва ўсіх. Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся ў суд па гэтым пытаньні, і суд прызнаў незаконнымі такія дзеяньні работнікаў міліцыі”.
Ці здолеюць “прызначыць” вінаватага?
Стэфановіч: “Думаю, «прызначыць» вінаватых у гэтай справе не атрымаецца. Хоць спробы былі і раней. Як я адзначаў, адразу пасьля выбуху спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці шэраг апазыцыянэраў. Раней спрабавалі прыцягнуць моладзевага актывіста з Жодзіна Красоўскага да справы аб выбухах у Віцебску. Але ўсе гэтыя справы рассыпаліся. Гэта складана, бо трэба шмат доказаў альбо іх фальсыфікацыя”.
Карбалевіч: “Цяпер найважнейшае пытаньне ў тым, каб галоўнага фігуранта гэтай справы, Аўтуховіча, не напаткаў лёс галоўнага фігуранта «справы Мікалуцкага» Валерыя Ткачова, якога, нагадаю, знайшлі мёртвым у камэры: ён, паводле афіцыйнай вэрсіі, павесіўся, лежачы на ложку”.
Грыб: “Будзем спадзявацца, што гэтага не адбудзецца. Аўтуховіч — вельмі мужны і цьвёрды чалавек. Зь ім ня так проста нешта зрабіць”.
Стэфановіч: “Гарантыяй ад такога разьвіцьця падзей можа быць грамадзкі рэзананс гэтай справы”.