Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэдыт МВФ: перамовы ўзновяцца ў сьнежні


Місія МВФ (Міжнароднага валютнага фонду) завяршыла першы этап перамоваў у Беларусі наконт выдзяленьня крэдыту ў памеры два мільярды даляраў. У сьнежні яна зноў вернецца ў Менск.


Наколькі рэальнымі выглядаюць пэрспэктывы атрыманьня Беларусьсю пазыкі.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць: Беларусь мае шанец атрымаць крэдыт МВФ. Аналітык тлумачыць, што ў гэтым пытаньні больш залежыць, як ні дзіўна, ад Менску, а не ад Вашынгтону:

Яраслаў Раманчук
“Калі беларускі ўрад дакажа, што ён сур’ёзна ставіцца да рэформаў, да ацэнак крызісу, калі ён перастане імітаваць рэформы і зводзіць усё да заяваў, тады і крэдыт дадуць. Ужо мінула эпоха піяру, дэклярацыяў, абяцанак. Прыйшоў час тэхнакратаў, эканамічнага разьліку і платы за свае памылкі. І МВФ можа дапамагчы нам у гэтым становішчы, але ён найперш павінен бачыць, што гэта ня блеф, не выкананьне плянаў трэцяй пяцігодкі, а гэта — прагматычная і рэалістычная палітыка”.

Кіраўніцтва Нацыянальнага банку Беларусі тлумачыць жаданьне атрымаць крэдыт МВФ неабходнасьцю павялічыць золатавалютныя рэзэрвы краіны і так званую “падушку бясьпекі”. Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў кажа, што восеньскае скарачэньне дзяржаўных запасаў тлумачыцца і аб’ектыўнымі прычынамі:

“Скарачэньне ж адбываецца ня толькі таму, што мы ўдзельнічаем у валютных інтэрвэнцыях на біржах. Ідзе ж і пераацэнка актываў. Калі цана золата, плаціны, срэбра, каштоўных камянёў, эўра зьменшылася, то на пачатку месяца ідзе пераацэнка рэзэрваў. І цана зьмяншаецца. Хаця фармальна ні колькасьць золата, ні эўра, ні нечага іншага намінальна не скарацілася. Бо лічаць у далярах”.

З кулюараў перамоўнага працэсу паміж МВФ і беларускім урадам даходзяць зьвесткі, што прадстаўнікі Міжнароднага валютнага фонду найперш патрабуюць дэвальвацыі беларускага рубля і скарачэньня розных бюджэтных выплатаў. На Беларускім інвэстыцыйным форуме ў Лёндане спадар Мацюшэўскі, намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку, казаў, што ў 2009 годзе адбудзецца плаўная дэвальвацыя рубля на 5—10%.

Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч называе гэту заяву “надзвычай асьцярожнай”:

Станіслаў Багданкевіч
“Насамрэч, каб збалянсаваць зьнешні гандаль, трэба праводзіць больш сур’ёзную дэвальвацыю. Аб’ектыўны стан эканомікі патрабуе дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Так, дэфіцыт гандлёвага балянсу толькі з Расеяй за 9 месяцаў дасягнуў 9 мільярдаў даляраў. Праўда, ёсьць прафіцыт у гандлі з Захадам, па паслугах. Але ж у цэлым мы маем ужо два мільярды даляраў чыстага дэфіцыту. Гэта вельмі шмат для нашай краіны”.

У прэсавым рэлізе Нацыянальнага банку Беларусі адзначаецца: у сьнежні бакі абмяркуюць “пытаньні, якія маюць тэхнічны характар”. Таксама ўдакладняецца: “пасьля ўзгадненьня ўсіх тэхнічных пытаньняў адпаведны пакет дакумэнтаў будзе пададзены ў выканаўчую раду МВФ для канчатковага зацьвярджэньня”.

***


Урад Беларусі і Нацыянальны банк зьвярнуліся 22 кастрычніка да МВФ па рэзэрвовы крэдыт у 2 мільярды даляраў ЗША.

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі, разьлічаныя па нацыянальнай мэтодзе, складаюць 4,9 мільярдаў даляраў ЗША. У верасьні яны скараціліся на 11,8% праз высокі попыт на валюту.

29 верасьня – 4 кастрычніка ў Беларусі працавала традыцыйная штогадовая місія МВФ, якая вывучала эканамічную сытуацыю і выпрацоўвала рэкамэндацыі ў галіне эканамічнай палітыкі.

17-30 верасьня ў Менску працавала сумесная місія Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветанага банку, якая станоўча ацаніла вынікі дзеяньняў ураду Беларусі ў фінансавым сэктары ад моманту папярэдняй місіі ў 2004 годзе.

За пэрыяд супрацоўніцтва Беларусь атрымала ад МВФ 2 траншы крэдыту па праграме сыстэмнай трансфармацыі ў жніўні 1993 году ($98 мільёнаў) і ў лютым 1995 году ($101,7 мільёнаў), а таксама адну траншу крэдыту stand-by ў верасьні 1995 году($101,7 мільёнаў).

Пасьля гэтага фонд болей не выдаваў крэдыту Беларусі, бо эканамічная палітыка краіны не адпавядала рэкамэндацыям гэтай міжнароднай арганізацыі.

На пачатку 2004 году ўрад Беларусі і Нацыянальны банк заявілі, што спыняюць шматгадовыя перамовы з МВФ. На дадзены момант Беларусь ня мае абавязкаў па папярэднім крэдытам МВФ. 1 лютага 2005 году адбыўся апошні плацёж па крэдытам МВФ.

Беларусь зьяўляецца сябрам МВФ ад 1992 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG