Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сьверб рэфарматарства” ў адукацыі працягваецца?


Пасьля рэфармаваньня сярэдняй школы беларускі ўрад узяўся за вышэйшую адукацыю. Савет Міністраў разгледзеў праект Дзяржаўнай праграмы разьвіцьця вышэйшай адукацыі на 2008—2010 гады і на пэрспэктыву — да 2015 году. Асноўная задача — мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы ВНУ і фармаваньне інавацыйнай мадэлі разьвіцьця. Мяркуецца ўкараніць у адукацыйны працэс сучасныя тэхналёгіі, стварыць умовы і павысіць матывацыю для разьвіцьця інавацыйных працэсаў у вышэйшай адукацыі.

На паседжаньні Прэзыдыюму Савету Міністраў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў адзначыў “недастатковае фінансаваньне рэсурснага забесьпячэньня ВНУ”, паскардзіўся на састарэлае лябараторнае абсталяваньне (знос — звыш 70%), нізкую забясьпечанасьць вучэбна-лябараторнымі плошчамі (52%).

Распавядае дацэнт энэргетычнага факультэту Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту:

“На сёньняшні дзень энэргетычныя лябараторыі ў тым жа стане, як і тады, калі я быў студэнтам. 30 гадоў таму я вучыўся на тых жа самых экспанатах. Гэта нават ня тое, што нафталін: лябараторыям і абсталяваньню гадоў па 50”.

Адзначыў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў і нізкую забясьпечанасьць вучэбна-лябараторнымі плошчамі і прывёў лічбу — 52%.

Былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту Анатоль Паўлаў кажа:

“Што тычыцца забясьпечанасьці памяшканьнямі — гэта праблема. Калі яшчэ 60% платных месцаў летась па БДУ было — колькасьць плошчаў жа не павялічылі, а людзей набралі. Вось і атрымліваецца, што не хапае плошчаў. Кола замыкаецца ў адну праблему”.

На рэалізацыю Дзяржпраграмы патрабуецца безмаль 5 трыльёнаў рублёў з рэспубліканскага бюджэту і 72 мільярды пазабюджэтных сродкаў. З гэтай сумы на аднаўленьне вучэбна-лябараторнай базы ВНУ — звыш 1 трыльёна са сродкаў бюджэту і 53 мільярды пазабюджэтных сродкаў. Больш за 3 трыльёны — на будаўніцтва і рэканструкцыю вучэбных будынкаў. Паводле словаў прэм’ер-міністра С.Сідорскага, неабходна адысьці ад савецкай практыкі “выбіваньня” грошай на рэалізацыю праграмы. “Трэба разьлічваць ня толькі на бюджэтныя асыгнаваньні, паколькі інавацыйнае разьвіцьцё не павінна ісьці ў адрыве ад фінансаваньня з інавацыйных фондаў прадпрыемстваў і ведамстваў”.

Начальнік Упраўленьня навукі і інавацыйнага разьвіцьця Яўген Сапёлкін кажа, што якраз інавацыйныя фонды — гэта і ёсьць тыя бюджэтныя сродкі. Ён такім чынам тлумачыць словы прэм’ера:

“Сідорскі меў на ўвазе, што трэба выкарыстоўваць розныя крыніцы фінансаваньня. Перш за ўсё — заснаваныя на мэтавай падрыхтоўцы кадраў, на аснове заказаў прадпрыемстваў, фірм, карпарацый, міністэрстваў, якія б укладалі рэсурсы на падрыхтоўку. Прадпрыемствы, арганізацыі проста абавязаныя фінансаваць вышэйшую адукацыю. За кошт аднаго бюджэту гэта немагчыма зрабіць”.

Экс-прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў перакананы, што адукацыя павінна быць бясплатнай і фінансавацца зь бюджэту, а не шапкаваць, і прывёў такія аргумэнты:

“Фінансаваньне МУС, дзе колькасьць занятых як мінімум у 4 разы меншая, чым у сыстэме адукацыі (дзе колькасьць толькі сяброў прафсаюзу навукі і адукацыі — 500 тысяч, а МУС — тысяч 100), а фінансаваньне практычна аднолькавае. Дык вось я хацеў у спадара Сідорскага запытацца: а можа, настаў час задумацца пра адукацыю, пераразьмеркаваць той бюджэт, які ёсьць, на карысьць адукацыі, мэдыцыны, сацыяльнай сфэры, а не шукаць грошы дзесьці на старане?”

Адкуль яшчэ можна ўзяць сродкі на разьвіцьцё матэрыяльнай базы адукацыі? Не сакрэт, што з кожным годам колькасьць бюджэтных месцаў у ВНУ скарачаецца, а платных — імкліва расьце. Толькі сёлета на платныя дзённыя аддзяленьні прынята каля 40 тысяч студэнтаў. На некаторых прэстыжных факультэтах колькасьць платнікаў у 3—5 разоў перавышае колькасьць бюджэтнікаў. Патрэбна пераразьмеркаваньне гэтых сродкаў. Яшчэ адна крыніца, кажа начальнік упраўленьня Саўміну Яўген Сапёлкін:

“Мы сёньня арыентуем ВНУ, каб яны зараблялі і рыхтавалі замежных спэцыялістаў. Павінна быць дывэрсыфікацыя”.

Праектам праграмы прадугледжваецца павялічыць да канца 2015 году колькасьць замежных грамадзянаў, што навучаюцца ў Беларусі, з 6 тысяч да 14 тысяч. За час рэалізацыі гэтай праграмы экспарт паслугаў у адукацыі складзе 119 млн. даляраў.

Яўген Сапёлкін кажа, што пакуль гэты праект ня быў прыняты з адной простай прычыны: там не было ясных і дакладных мэханізмаў рэалізацыі. Па сутнасьці, быў закладзены затратны мэханізм, арыентаваны на бюджэтныя сродкі. Ён прапануе пакрокавую стратэгію:

“Я б выдзеліў асноўныя прыярытэты. На першым этапе выдаткаваў бы сродкі на падрыхтоўку і перападрыхтоўку кадраў, зьвязаных з укараненьнем новых тэхналёгій. Ну ўявіце: мы сёньня закладзем 5 трыльёнаў і атрымаем вынік калі? Нават не празь пяць гадоў, а, дай Бог, праз 7, 8, а то і 10 гадоў. А ў нас няма часу. У нас ёсьць 2—3 гады, каб мадэрнізаваць рэальны сэктар эканомікі”.

Пакуль у кулюарах Саўміну, Міністэрства адукацыі ды іншых міністэрстваў і ведамстваў чыноўнікі абмяркоўваюць, дзе ўзяць сродкі на паляпшэньне матэрыяльна-тэхнічнай базы вышэйшай адукацыі, сёньняшнія рэаліі, прынамсі, у БНТУ — асноўнай кузьні кадраў для прамысловасьці краіны — такія:

“Будуецца корпус для энэргафаку. Праўда, ужо 12 гадоў будуем. Мяркуецца так: калі дабудуем корпус у 12 паверхаў, забясьпечыць яго сучасным абсталяваньнем. То бок кожны факультэт, кожная катэдра стыкуецца са сваёй профільнай структурай. Хтосьці наперад прайшоў, хтосьці адстаў. То бок адзінае фінансаваньне вельмі мізэрнае, яго практычна няма. Калі хтосьці на сваіх асабістых кантактах прарываецца, там нармальна, калі не прарываецца — справы дрэнныя”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG