Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Галоўная бяда дэмакратаў – няўменьне знайсьці паразуменьне”


Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – адзін са стваральнікаў і лідэраў БНФ Юры Хадыка, які днямі адзначыў 70-годзьдзе.

Ён доктар фізыка-матэматычных навук, прафэсар. Адначасова абараніў кандыдацкую дысэртацыю па мастацтвазнаўству. За сваю актыўную грамадзкую дзейнасьць некалькі разоў быў за кратамі, амаль месяц трымаў бестэрміновую палітычную галадоўку.

Што непакоіць Юрыя Хадыку зараз?

“Няўменьне шукаць і знаходзіць паразуменьне. Гэта тычыцца ўсяго грамадзтва, у тым ліку й дэмакратаў. Ад асобных партыяў і структураў да АДС у цэлым. Мы паколатыя ўнутры сябе, мы бяспынна спрачаемся…

Таму пошукі кампрамісу, на мой погляд, зьяўляюцца абавязковай умовай руху наперад. Разьняволеная пэрсанальная чалавечая ініцыятыва павінна спалучацца з грамадзкімі інтарэсамі. Ідэя нацыянальнага адзінства патрабуе пераадоленьня палітычнага і мэнтальнага расколу ў грамадзтве.

У глябальных, прынцыповых пытаньнях апазыцыя мусіць выступаць адзінай сілай”.

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня замовіў журналістам “Свабоды” падрыхтаваць перадачу на тэму “Кампраміс як сродак выйсьця з палітычнага крызысу ў дэмакратычным лягеры”.

Наш гарадзенскі карэспандэнт пагаварыў з шэрагам мясцовых дэмакратычных актывістаў пра іхняе стаўленьне да палітычных кампрамісаў. Вось меркаваньне Алеся Зарамбюка з Мастоў, удзельніка Руху “За свабоду”.

“Вельмі важна, каб кампрамісы былі не на словах, а на справе. Таму што выглядае, што апазыцыя аб’яднаная, але гэта не заўжды так. І не заўжды ўлічваюцца інтарэсы абсалютна ўсіх удзельнікаў, напрыклад, аб’яднаных дэмакратычных сілаў, кааліцыі. Што тычыцца дачыненьняў Руху “За свабоду” і БНФ, а таксама АГП, ПКБ, то яны ня самыя лепшыя, і хацелася б больш гнуткасьці ад кіраўнікоў гэтых партый. Хацелася б атрымаць адказ на заяву аб супрацоўніцтве Руху з кааліцыяй. Гэтая прапанова была ў другой палове красавіка, дагэтуль адказ на яе Рух “За свабоду” не атрымаў”.

Зьміцер Трацяк: “Я думаю, кампраміс магчымы, бо няма з боку Міхалевіча намеру выключыць, прыкладам, Вячорку з партыі ці Хадыку”

Па гучнасьці унутраных канфліктаў Беларускі народны фронт – сярод лідэраў на палітычнай сцэне краіне. “Пачкаваньні” і высьвятленьне адносінаў з нагоды нібыта парушэньне партыйнай дысцыпліны пачаліся ў старэйшай палітычнай арганізацыі ад сярэдзіны 1990-х. Сёлета на апошнім зьезьдзе Партыі БНФ пасьля васьмі гадоў кіраваньня Вінцука Вячоркі Алесь Міхалевіч прапанаваў сябе ў якасьці альтэрнатыўнай кандыдатуры. Аднак перамагчы ня здолеў. У выніку Фронт часова ўзначаліў у якасьці кампраміснай фігуры Лявон Баршчэўскі. Аднак замест перамір’я ўспыхнуў новы канфлікт: на нядаўнім сойме 25 галасамі супраць 19 спадар Міхалевіч быў выключаны з БНФ. Аднак шэраг абласных і гарадзкіх суполак не пагадзіліся з гэтым рашэньнем. Сытуацыя перад наступным зьездам ізноў пачала абвастрацца.

Ці магчымы кампраміс у асяродку колішніх аднадумцаў?

Некаторыя аналітыкі назвалі спрэчку канфліктам пакаленьняў, зрабіўшы выснову: такія гісторыі ніяк не дадаюць вагі колішняму падмурку беларускай дэмакратыі, што аўтаматычна ўплывае на папулярнасьць БНФ у грамадзтве.

Паказальна, што Міхалевіч не застаўся адзіным у сваіх перакананьнях, ягоны радыкалізм наконт нібыта недзеяздольнасьці лідэраў Фронту старэйшага ўзросту падтрымалі ў многіх рэгіёнах. Аднак ці магчымы варыянт, пры якім будуць вышуквацца ня новыя забойчыя аргумэнты, а шляхі да кампрамісу? Вось меркаваньне намесьніка кіраўніка Берасьцейскай абласной рады БНФ Зьмітра Трацяка:

“Я думаю, што кампраміс магчымы, бо няма з боку Міхалевіча намеру выключыць, прыкладам, Вячорку з партыі ці Хадыку. І маё перакананьне, што партыя запатрабуе аднаўленьня. Магчыма, нейкія новыя накірункі дзейнасьці зьявяцца, можа новыя людзі прыйдуць. Але сядзець на адным месцы нельга. Проста зараз складваецца такая сытуацыя, што старшынство Баршчэўскага не прынесла згоды. Ён абіраўся як кампрамісны лідэр, аднак зь ягонага боку не было нічога зроблена, каб кампраміс адбыўся. На маю думку, ён павінен быў адразу на зьезьдзе прапанаваць Міхалевічу месца намесьніка. Ён гэтага не зрабіў. І гэта выглядала вельмі дрэнна, паколькі Міхалевіч зьняўся на яго карысьць”.

Карэспандэнт: “Партыйнаму аўтарытэту псуе, калі адбываюцца такія рэчы?”

“Так, калі адбываюцца такія вось унутраныя разборкі, гэта выглядае вельмі кепска. Зараз у нас і сярод шараговых сябраў адбываюцца падобныя спрэчкі. Больш сталага веку людзі кажуць: вось, вы нас таксама павыганяеце з партыі. Такое ўжо нават адбываецца”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч шум вакол выключэньня з партыі Алеся Міхалевіча называе неадэкватным рэальнаму становішчу. Ніякага канфлікту пакаленьняў, на які намагаюцца сьпісаць скандал, на ягоную думку, не існуе. Спадар Івашкевіч аргумэнтуе, што на кіруючых пасадах у фронце шмат маладых людзей – намесьнік старшыні Аляксей Янукевіч, сакратар Управы Ўладзімер Лабковіч такога ж узросту, што і выключаны Міхалевіч. Таму калі канфлікт і ёсьць, то ня ўзроставы, а адносна бачаньня тактыкі і прынцыпаў дзеяньня партыі. Да таго ж, як кажа Івашкевіч, пасьля выключэньня Міхалевіча не паступіла ніводная заява аб выхадзе з партыі, што не дае падставу казаць пра надзвычайныя маштабы канфлікту. Дый ад самога Міхалевіча ўжо паступіла заява аб прыёме ў партыю, яна будзе разглядацца ў жніўні:

“Першае: міт ці “дэза” пра канфлікт пакаленьняў – гэта хлусьня. Другое: ёсьць дыскусія аб тактыцы дзеяньняў у розных канкрэтных сытуацыях. Падчас падрыхтоўкі да зьезду БНФ агучваліся розныя падыходы, гэта адно. І таксама ёсьць правілы паводзінаў унутры арганізацыі, унутры партыі. Аснова такая: дыскутуем, пакуль не прынятае рашэньне, а пасьля прыняцьця рашэньня яго выконваем.

Каму не падабаецца – можа ствараць сваю самастойную партыю ці сыходзіць. Ці нават, па нашаму статуту, можа не выконваць, калі сам ня хоча ці лічыць, што гэта ня слушна. Але не павінен супрацьдзейнічаць. Можа сысьці і рабіць паралельную працу, якая адпавядае статуту – у сэктары СМІ, у навуковай дзейнасьці. Але калі ты займаесься палітыкай, то ў палітыцы дзейнічаюць палітычныя партыі, а палітычная партыя мае свой статут. І паводле рэглямэнту дзейнасьці партыі, калегіяльна прынятае рашэньне зьяўляецца законам для выкананьня”.

Гэта далёка ня першы разлад у шэрагах колішніх аднадумцаў. Самым балючым для дэмакратычнага руху стаў раскол у Беларускім народным фронце, які здарыўся ў 1999 годзе. На адным полі зьявіліся два адпачкаваньні – Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком і Партыя БНФ, якую ўзначаліў Вінцук Вячорка. Пасьля эміграцыі Зянона Пазьняка функцыі кіраўніка партыі на Беларусі выконвае Юрась Беленькі. Ягоныя прагнозы ў справе магчымай кансалідацыі пэсымістычныя:

“Трэба разглядаць гэтае пытаньне ў рэчышчы партыйнай палітычнай ідэалёгіі, палітычных плятформаў, на якіх стаяць розныя палітычныя плыні ў Рэспубліцы Беларусь. Беларускі народны фронт “Адраджэньне” узьнік як адраджэнцкая арганізацыя, якая ў свой час сфармавала галоўныя стратэгічныя накірункі ў сваёй дзейнасьці. Гэта – дамагчыся незалежнасьці Беларусі, дамагчыся стварэньня дэмакратычнай, эўрапейскай краіны.

Трошачку пазьней у нетрах фронту зьявілася супрацьлеглая ідэя. Супраць нацыянальнай ідэі, на якой сфармаваўся Беларускі народны фронт, была вылучаная ідэя, якую якраз агучыў у 1999 годзе Юры Хадыка ў бюлетэні “Избиратель”, – маўляў, нацыянальная ідэя ўжо збольшага сябе зжыла і трэба пераходзіць на пазыцыі, на якіх стаіць Аб’яднаная грамадзянская партыя. Фактычна гэта была супрацьлеглая ідэя, і з гэтага моманту трэба зрабіць вельмі важную заўвагу: калі людзі прынялі вось гэтую пазыцыю і сталі на гэтую плятформу, яны фактычна перасталі быць сябрамі Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”.

Камэнтуе Юры Хадыка:

– Другі раз за 20-гадовую гісторыю БНФ перажывае няпростую сытуацыю з адзінствам сваіх шэрагаў. Упершыню тое скончылася тым, што разам з Пазьняком адышло каля трэцяй часткі Фронту – тое быў раскол.

Сёньня ж канфліктная сытуацыя паўстала з-за пазыцыі спадара Міхалевіча. Сутнасьць яе – у, так бы мовіць, “эндэізацыі” (НДА – недзяржаўная арганізацыя) палітычнай дзейнасьці – падпарадкаваньні палітычных структураў недзяржаўным грамадзкім арганізацыям. Бо празь іх лягчэй атрымаць фінансаваньне.

Герэсіярхі – стваральнікі памылковых тэорый – зьмешчаныя Дантэ ў перадапошнім коле пекла.

Мы абмежаваліся тым, што выключылі спадара Міхалевіча з шэрагаў Партыі БНФ. Заклікаю ягоных прыхільнікаў і кіраўніцтва Фронту знайсьці паразуменьне. Дзеля чаго, магчыма, варта ўлічыць некаторыя іх патрабаваньні. І гэта было б ідэальным выйсьцем.


Анатоль Ляўковіч: “АДС – гэта нават нешта большае, чым кампраміс, бо тут усё трымаецца на кансэнсусе”

У 2005 годзе ў Менску прайшоў першы кангрэс Аб’яднаных дэмакратычныя сілаў, які фармальна паклаў канец раздробленасьці апазыцыі, абраў перад прэзыдэнцкімі выбарамі адзінага лідэра – Аляксандра Мілінкевіча. Аднак вельмі хутка высьветлілася, што адзінства тое пад пагрозай. У выніку спадар Мілінкевіч са сваімі прыхільнікамі стварылі новы рух – “За свабоду”. Крызіс паступова быў пераадолены коштам прынятай большасьцю кампраміснай ідэі калектыўнага кіраўніцтва АДС. Цяпер у яе ўваходзяць самыя розныя па палітычных спэктрах партыі і рухі. Як такой структуры ўдаецца прыходзіць да кансэнсусу? Дзякуючы чаму знаходзяць паразуменьне, да прыкладу, правыя і левыя? Партыя БНФ і Партыя камуністаў Беларуская, БСДП “Грамада”, лібэральная Аб’яднаная дэмакратычная партыя, рух “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, незарэгістраваны праварадыкальны “Малады фронт”... Таму сама структура – Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы – існуе ўжо тры гады толькі дзякуючы кампрамісу, кажа выканаўца абавязкаў старшыні БСДП “Грамада” Анатоль Ляўковіч:

«Там на самой справе ад самых левых да самых правых. Вялікая кааліцыя ў пляне спэктраў ідэалягічных. Дык такая структура гэта ня проста кампраміс, гэта нават нешта большае, чым кампраміс. Таму што ў гэтай структуры ўсё найбольш важныя рашэньні прымаюцца менавіта кансэнсусам. АДС – гэта ўзор палітычных кампрамісаў».

Карэспандэнтка: «А ці лёгка вы прыходзіце да кампрамісу? На паседжаньнях АДС бываюць жорсткія спрэчкі?»

«Канечне. Але палітыка існуе там, дзе ёсьць і жорсткія спрэчкі, дзе ёсьць і кампраміс. Бо дзе няма кампрамісу, там ужо няма палітыкі. Там тое, што называецца «бойка».

У кіраўніцтве АДС – 4 сустаршыні: Анатоль Ляўковіч (БСДП «Грамада», адказны за выбарчыя кампаніі), Вінцук Вячорка (Партыя БНФ, адказны за інфармацыйна-мабілізацыйную й міжнародную працу); Анатоль Лябедзька (АГП, адказны за распрацоўку пазытыўнай альтэрнатывы) і Сяргей Калякін (ПКБ, адказны за структурнае будаўніцтва). У складзе прэзыдыюму – 10 прадстаўнікоў розных партыяў і рухаў.

Без кампрамісаў наагул немагчымая палітыка. Усё залежыць ад таго, што гэта за кампрамісы, лічыць першы сакратар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін:

С.Калякін і В.Вячорка
«Немагчымыя кампрамісы ў нейкіх прынцыповых пытаньнях. А ўся палітычная дзейнасьць – яна складаецца з кампрамісаў. І, на мой погляд, існаваньне дэмакратычных сілаў, куды ўваходзяць палітычныя партыі розных накірункаў, з рознымі сьветапоглядамі – гэта таксама кампраміс. Прытым нікуды не падзеліся тыя мэты, якія перад сабой пастаўленыя партыямі, тыя прынцыповыя разыходжаньні, якія існуюць у ідэалёгіях гэтых партыяў. Але на пэўны час гэта па-за коскі ўсё вынесена, бо ёсьць галоўная мэта, якую сёньня трэба вырашаць, – трэба вызваліць Беларусь ад дыктатуры і дамагчыся дэмакратычных зьменаў, пасьля якіх магчымая палітычная барацьба за сьветапогляды, за тых прыхільнікаў, якія ёсьць у той ці іншай ідэалёгіі».

Сябра прэзыдыюму АДС, прадстаўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабраволькі перакананы:

«Калі ня будзе кампрамісу – будзе канфлікт. Шмат ёсьць людзей, якія лічацца бескампраміснымі і якіх вельмі паважаюць за гэта... Гісторыя стварэньня АДС сьведчыць: у мэтах інтарэсаў дзяржавы, у мэтах інтарэсаў Беларусі нам абавязкова трэба знаходзіць кампраміс. Ёсьць пытаньні, па якіх нельга ісьці на кампраміс, напрыклад, правы чалавека ці незалежнасьць Беларусі. На кампраміс па гэтых пытаньнях мы ня пойдзем ніколі. Па ўсіх астатніх можна ўсё абмяркоўваць і можна супрацоўнічаць.

Я ўпэўнены, што нават зь існуючай уладай па пэўных пытаньнях можна ісьці на кампраміс. Справа толькі ў тым, што ў яе кружыцца галава ад бязьмежнай улады... Але так ці інакш, у інтарэсах краіны можна і трэба ісьці на кампраміс».

Па просьбе нашага гарадзенскага карэспандэнта сытуацыю ў Аб'яднаных дэмсілах камэнтуе сябра Сойму КХП-БНФ Юры Качук з Зэльвы:

“Ні з кім зь сябраў іншых партый — з БНФ, з Грамады, з АГП у мяне няма ніякага напружаньня ў адносінах. Маю зь імі нармальныя стасункі і добрыя сяброўскія адносіны. На асабістым узроўні такія кантакты, на міжпартыйным – не, таму што ў нас разыходжаньні. Яны гавораць, што змагаюцца за незалежную Беларусь, але я лічу, што іхнія дзеяньні памылковыя. Напрыклад, удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, гэта — вялікая памылка, гэта значыць яшчэ больш умацоўваць гэты рэжым, яшчэ больш працягваць яго існаваньне”.

Камэнтуе Юры Хадыка:

– Што такое – неабходнасьць кампрамісу ў Аб’яднаных дэмакратычных сілах? Здаецца, ён ужо знойдзены. Але насамрэч пад вонкавай абалонкай паразуменьня ўсё ж існуюць пэўныя супярэчнасьці.

Я хачу закрануць тую праблему, якую некаторыя маладыя сябры БНФ занадта інтэнсіўна эксплюатуюць. Маю на ўвазе іхняе непрымірымае стаўленьне да саюзу з Партыяй камуністаў Беларускай.

Іх не цікавіць тое, што яна рэальна ўдзельнічае ў апазыцыйным руху, рэальна выступае за прававую краіну, за незалежную краіну.

Мне нават цяжка ўявіць, чым так кампартыя пакрыўдзіла людзей, узрост якіх зараз крышачку больш за трыццаць год – яны тады яшчэ ў піянэрах нават не былі.

Мне здаецца, што калі ты хочаш дасягнуць адзінства, ты павінен прызнаваць права за сябрамі твайго аб’яднаньня прытрымлівацца розных палітычных поглядаў.

Ніхто ж ня можа сьцьвярджаць, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы – гэта вечны саюз. Не, гэта яднаньне да перамогі над таталітарным, аўтарытарным, дыктатарскім рэжымам.


Усевалад Янчэўскі: “Патрэбна прымаць тое, што ёсьць. І мысьліць ужо сёньняшнім днём, а не сярэдзінай 1990-х гадоў, калі здавалася, што ўсё гэта на месяц”

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі, якія адбудуцца 28 верасьня, чарговым разам узьнялі старую праблему – пошук кампрамісу паміж уладамі і апазыцыяй. Да гэтай тэмы тры дні таму зьвярнуліся нават у Страсбуры. Там Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы правяла спэцыяльныя дэбаты пра становішча ў Беларусі. Афіцыйныя ўлады на іх прадстаўляў намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі, апазыцыю – сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька.

Апошні гаворыць: і ў Страсбуры, і ў Менску, і ў іншых гарадах прадстаўнікі апазыцыі неаднаразова падкрэсьлівалі сваю гатоўнасьць да кампрамісу з уладамі:

“Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы зрабілі тры прапановы. Летась увосень накіравалі ў адміністрацыю Лукашэнкі і ва ўрад пачаць непасрэдны двухбаковы дыялёг, у тым ліку і па пытаньнях выбарчых кампаніяў. Адказ з адміністрацыі – не, няма патрэбы ў гэтым.

Другое – падрыхтаваныя зьмены ў Выбарчы кодэкс і робіцца прапанова стварыць сумесную рабочую групу, з тым, каб зьмяніць выбарчае заканадаўства. Адказ з Палаты прадстаўнікоў – чатыры радкі: “не”.

Трэцяя прапанова – зьмяніць правапрымяняльную практыку выкарыстаньня выбарчага заканадаўства. Даслалі ў ЦВК пакет з шасьці прапановаў. Адказ – зноў “не”.

Прафэсійны юрыст, адзін з галоўных распрацоўшчыкаў Выбарчага кодэксу Анатоль Красуцкі лічыць, што шлях да паразуменьня ўладаў і апазыцыі ляжыць празь дзейнае выбарчае заканадаўства:

“Пытаньні, якія тычацца магчымых узаемаадносінаў улады і апазыцыі, падчас выбарчай кампаніі будуць будавацца ў рамках дзейнага заканадаўства. І тут самае галоўнае, каб усе гульцы працэсу зыходзілі з гэтага. І тады, я думаю, ня будзе тых нэгатываў, якія былі ў мінулым. Гэта важна разумець”.

З Усеваладам Янчэўскім – цяперашнім галоўным ідэолягам краіны, – я размаўляў на гэтую тэму крыху раней:

“Пачынаць трэба з прызнаньня апазыцыяй аднаго пункту. Пры ўсім тым, што нешта не падабаецца, бальшыня насельніцтва была і ёсьць за Лукашэнку. І ён зьяўляецца ў фактычным сэнсе гэтага слова легітымным прэзыдэнтам.

Калі б апазыцыя гэта прызнала, дык тут, на мой погляд, маглі б пачацца і нейкія дыялёгі і зьмяненьні. Прычым рэальныя, практычныя. А калі гэтага не ўлічваць, дык сытуацыя мне нагадвае тую, як белая эміграцыя на талерцы варажыла – скажы, калі згінуць бальшавікі? Але гэта зацягнулася надоўга.

Патрэбна прымаць тое, што ёсьць. І мысьліць ужо сёньняшнім днём, а не сярэдзінай 90-х гадоў, калі здавалася, што ўсё гэта на месяц”.

А чаму, сапраўды, апазыцыі не прыслухацца да гэтага выказваньня? – задаю пытаньне Анатолю Лябедзьку:

“Калі мы гаворым пра крокі мажлівага супрацоўніцтва, дык яны, на мой погляд, не павінны пачынацца з такога вялікага фундамэнтальнага пытаньня. Яны павінны пачынацца з таго, што больш рэалістычнае і рэальнае. А ад меншага можна пераходзіць на другі ўзровень дыскусіі, абмеркаваньня і г.д.”.

Наш гарадзенскі карэспандэнт высьвятляў стаўленьне да палітычных кампрамісаў з боку рэгіянальных дэмакратычных актывістаў. Вось меркаваньне удзельніка не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Андрэя Пачобута:

“Сёньняшня ўлада ў Беларусі такая, што кожную саступку, кожнае дэкляраваньне дыялёгу, яна разглядае менавіта як слабасьць. Гэта адна з характэрных рысаў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, што ён разглядае гэта проста як слабасьць, як жаданьне ў нечым саступіць яму. І ўлады хочуць пакласьці на лапаткі таго, каго лічаць сваім праціўнікам, прынамсі на гэтым этапе. Можа, калі нешта будзе мяняцца ў краіне, тады можна будзе гаварыць пра нейкія кампрамісы, пра пошук збліжэньня пазыцый. На сёньняшні момант казаць пра гэта, мне здаецца, немагчыма”.

Камэнтуе Юры Хадыка:

– Зусім нядаўна Тацяна Процька, якая працяглы час узначальвала Беларускі Хэльсынскі камітэт, выступіла з публічным заклікам да прадстаўнікоў апазыцыі ісьці ва ўладу.

Гэта, канечне, вельмі моцны заклік. Бо ў такім разе дэмакрат павінен знайсьці свой асабісты кампраміс з тымі прынцыпамі, на якіх будуецца сёньняшняя ўлада. Ці будзе ён падпарадкоўвацца любому загаду, сказанаму ў любой форме, нават хамскай? Ці ён будзе адстойваць сваю чалавечую годнасьць, а таксама тых людзей, якія будуць залежыць ад яго?

Але гэта праблема асабістая.

Разам з тым, трэба аб’ектыўна разумець, што ў словах Тацяны Процькі ёсьць многа праўды. Гэта ж факт: рэжым усталяваўся, у яго шмат прыхільнікаў. І разбурыць такую структуру будзе значна лягчэй, калі ўнутры яе будуць знаходзіцца прыхільнікі сувэрэнітэту, прыхільнікі прававой краіны, прыхільнікі правоў чалавека.


Франак Вячорка: “Пошук палітычнай партыяй поўнага кампрамісу з грамадзтвам называецца папулізм. Мы не шукаем танных прыхільнікаў і таннай славы”

І ўсё ж Юры Хадыка лічыць: пры ўсім тым галоўная задача беларускіх дэмакратаў – знайсьці паразуменьне з народам. Хоць бы таму, што цягам апошніх гадоў сацыялягічныя замеры сьведчаць: папулярнасьць апазыцыі ў электарату не ўзрастае.

Нядаўна перад жыхарамі Вялейкі Аляксандар Лукашэнка сказаў пра гэта наступнае: “Калі рэйтынг апазыцыі сёньня на ўзроўні арытмэтычнай памылкі, ці могуць яны зьявіцца ў парлямэнце? Такая апазыцыя ў парлямэнце зьявіцца ня можа. Але калі там будзе некалькі апазыцыянэраў, то ад гэтага наш парлямэнт не сапсуецца. Іх усё роўна будзе меншасьць”.

У якой форме магчымы кампраміс апазыцыі з грамадзтвам? Ці варта чакаць, пакуль грамадзтва “дарасьце” да тых каштоўнасьцяў, якія папулярызуе і прасоўваюць апазыцыйныя партыі?

Паводле Франака Вячоркі, старшыні культурніцкай камісіі партыі БНФ, Фронт лічыць кампрамісы з грамадзтвам праявай папулізму, а папулізм – непрымальным для сваёй палітыкі:

“Пошук палітычнай партыяй поўнага кампрамісу з грамадзтвам называецца папулізм. Партыя заўсёды павінна трымацца пэўных палітычных прынцыпаў, каштоўнасьцяў, вызначаных статутам і праграмай. Што да Фронта, то Фронт ёсьць пасьлядоўным у прасоўваньні сваіх ідэяў, мы не шукаем танных прыхільнікаў і таннай славы, а спрабуе сваёй пасьлядоўнасьцю прыцягваць разумных адукаваных людзей!”

Карэспандэнтка: “Часта сутыкаюся з гэткай зьявай: зьвяртаесься да людзей на вуліцы па-беларуску, і на цябе адразу рэагуюць: “Ага-а, зразумела, з БНФ”... Вы лічыце, гэткі стэрэатып – гэта добра ці дрэнна”?

“Гэта выдатна. Выдатна! Дзякуючы гэтаму, паводле апошніх дасьледаваньняў, праведзеных у красавіку, партыя БНФ выходзіць па папулярнасьці па-за межы статыстычнай памылкі”.

Паліттэхноляг Андрэй Кусільчук лічыць, што на беларускім палітычным полі часта блытаюць папулізм і звычайную паўсядзённую працу зь людзьмі.

“Пайшлі б у народ! І былі б бліжэйшымі да народу, калі ня проста ад выбараў да выбараў сустракаліся б дэпутаты альбо кандыдаты на дэпутацтва з грамадзтвам, а пайшлі б у вёсачку, у горад, пагутарылі б з людзьмі...”

На думку сацыёляга, філёзафа Ўладзімера Мацкевіча, беларуская апазыцыя нарабіла шмат памылак у працы з электаратам. Але іх можна выправіць:

“І можна выправіць, і трэба выправіць. Але ж для гэтага патрэбна сучасная тэхналягічная праца па піяру. Сёньняшнія сучасныя тэхналёгіі прадугледжваюць працу зь іміджам”.

Імідж – гэта частка дыялёгу з грамадзтвам. А грамадзтва ўрэшце ёсьць тым самым электаратам, чыё меркаваньне немалаважнае для посьпеху той ці іншай партыі. Таму, падкрэсьлівае Ўладзімер Мацкевіч, праца зь іміджам павінна быць пасьлядоўнай. На сёньняшні дзень прыкладаў гэтага амаль няма:

“Некаторыя ў слушным накірунку рухаліся, так можна сказаць. Але не дацягнулі. Ну, вось прыкладам, усё, што тычыцца Мілінкевіча і Казуліна, – гэтых двух постацяў, якія “выбухнулі” і паўсталі як новыя твары, новыя зьявы на палітычным полі... Але ж яны скарысталіся пэўнай сытуацыяй, абставінамі. А плянамернай працы ім не хапіла”.

Посьпех апазыцыі ў вачох беларускага грамадзтва – гэта не праява фартуны, падкрэсьлівае спадар Мацкевіч. І калі апазыцыйныя партыі будуць карыстацца сучаснымі мэтадамі дыялёгу з электаратам, не спатрэбіцца шукаць кампрамісаў. У гэтым проста ня будзе патрэбы”.

Працягваем тэму ацэнкамі гарадзенскіх дэмакратычных палітыкаў. Былы палітвязень, прадпрымальнік Валеры Леванеўскі:

“Ёсьць намеры, аб гэтым гавораць, што мы тут зьбіраемся дасягнуць кампрамісу, але насамрэч кожны ўсё-ткі хоча быць вершнікам на кані і хоча быць генэралам. Але генэралы атрымліваюцца, на жаль, вясельныя”.

Авось меркаваньне былога дэпутата Вярхоўнага Савету Міколы Маркевіча:

“Мне падаецца, што кампраміс і беларуская палітыка — гэта рэчы антаганістычныя: альбо адно, альбо другое. І такую накіраванасьць задае, безумоўна, самы галоўны беларускі палітык — Аляксандар Лукашэнка, які ніколі, нідзе і ні пры якіх абставінах не вызначаўся схільнасьцю да кампрамісаў. Для беларускіх апазацыйных палітыкаў, на вялікі жаль, кампраміс ня стаў сродкам дасягненьня мэты, вялікай палітычнай мэты па ўзяцьці ўлады ў краіне ў свае рукі. А толькі стаў спосабам выжываньня і вырашэньня нейкіх лякальных задачаў, у гэтым і параза, і такі кампраміс ніколі нікуды не прывядзе”.

Камэнтуе Юры Хадыка:

Найбольш складаны з майго гледзішча кампраміс – паміж апазыцыяй і грамадзтвам.

Ёсьць, канечне, розныя погляды на ролю палітыкі ў ім… Некаторыя перакананыя, што палітычныя лідэры павінны казаць грамадзе тое, што людзі хочуць чуць. І ёсьць іншы погляд. Я – прыхільнік такой ідэі: палітычныя партыі мусяць грунтавацца на сваіх прынцыповых канцэпцыях і быць лідэрамі грамадзтва.

Заклікаць яго, выхоўваць яго, рухаць наперад. На шляху павышэньня яго палітычнай культуры і дасягненьня тых мэтаў, якія на паперы ў любой апазыцыйнай партыі выглядаюць прывабна.

Паводле маіх назіраньняў, вялікія ідэйныя каштоўнасьці дэмакратыі, за якія ў многіх краінах людзі заплацілі жыцьцём, у нашых умовах зь вялікай цяжкасьцю даходзяць да грамадзтва.

Менавіта ў тым выпадку, калі яно будзе лепш разумець сапраўдныя мэты апазыцыі, мы й будзем мець той самы кампраміс паміж грамадзтвам і апазыцыяй. А не такая сытуацыя, якую сёньня фіксуюць сацыёлягі – падтрымка апазыцыйных партый вагаецца ў межах некалькіх працэнтаў.


***
Грамадзкі рэдактар наступнага тыдня – вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Днямі ён стаў ляўрэатам прэміі імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”. Уладзімер Арлоў даручыў нашым карэспандэнтам падрыхтаваць перадачу на тэму “Беларуская жанчына: гісторыя, сучаснасьць, будучыня”. Яна прагучыць у пятніцу, 4 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG