Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смалявічах скралі крыжы на могілках


З гарадзкіх могілак у Смалявічах мясцовы школьнік скраў сталёвыя крыжы і паспрабаваў іх прадаць як мэталалом. У міліцыі лічаць, што на сумленьні выкрадальніка нямала такіх грахоў. Чаму ўсё часьцей здараюцца злачынствы, за якія ўва ўсе часы на злачынцаў накладалі праклён?

Пра здарэньне стала вядома пасьля Тройцы, якую праваслаўныя адзначалі мінулай нядзеляю. Дзьве смалявіцкія пэнсіянэркі вярнуліся з могілак, якіх не наведвалі з часу Радаўніцы і зьвярнуліся ў міліцыю. Мясцовая журналістка Валерыя Рубіна паведаміла:

“Навучэнец вячэрняй школы, з адзінаццатай клясы, зламаў з помнікаў сталёвыя крыжы і паспрабаваў іх прадаць. Каштуюць яны новыя па 200 тысяч, але ён спрабаваў прадаць як мэталалом”.

У Смалявіцкай міліцыі завялі крымінальную справу і хутка знайшлі падазраванага. Паводле сьледзтва, ён не ўпершыню рабаваў могілкі. Больш дэталяў у міліцыі не паведамляюць. Ці сапраўды хлопец сэрыйны рабаўнік могілак, будзе разьбірацца суд. У найгоршым выпадку яму пагражаюць тры гады няволі, але могуць абмежавацца і штрафам, калі не дакажуць дачыненьня да іншых здарэньняў.

Пытаюся ў прэсавай службе МУС, якая з прычынаў вандалізму на могілках пераважае: нематываванае разбурэньне помнікаў ці матэрыяльны інтарэс. Кіраўнік прэсавай службы Алег Сьлепчанка аддае перавагу другой катэгорыі:

“З усёй масы здарэньняў у месцах пахаваньня збольшага гэта крадзяжы помнікаў ці іх частак і крадзяжы харчоў, якія людзі пакідаюць на могілках. А робяць гэта звычайна маргінальныя элемэнты, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця”.

Каб знайсьці рабаўніка са смалявіцкіх могілак, міліцыі хапіла два дні. А вось пад Менскам ва ўрочышчы Курапаты яшчэ ў красавіку былі паваленыя дзясяткі крыжоў. Грамадзкія актывісты выйшлі на сьведак і паведамілі міліцыі прыкметы злачынцаў: хлопцы ў спартовых касьцюмах, коратка стрыжаныя. Іх дагэтуль не знайшлі.

“Рэч ня ў тым, што Менск – вялікі горад, дзе знайсьці чалавека цяжка. Ня хочуць шукаць”, – мяркуе актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі. Збольшага актывіст бачыць сувязь паміж здарэньнямі ў Курапатах і на смалявіцкіх могілках:

“Уладамі створана так, што зьнікаюць маральныя каштоўнасьці ў людзей. Калі можна валіць крыжы адным, то чаму іншым не пайсьці на могілкі і сваім дзядам, бацькам не паваліць помнікі ды крыжы?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG