ЛІТПРАЦЭС
“КНІГАЗБОРАЎСКІ” ТОМ БАРАДУЛІНА ВЫДАДЗЕНЫ НА НАРОДНЫЯ ГРОШЫ
Новая, сорак трэцяя кніга двухсоттомавае выдавецкае сэрыі “Беларускі кнігазбор” аб’яднала пад сваімі чырвонымі акладамі выбраныя творы народнага паэта Рыгора Барадуліна. Адметнасьць выданьня ня толькі ў жанравай паліфаніі прадстаўленых твораў і ня толькі ў тым, што ў гэтай сэрыі за рэдкім выняткам выходзяць кнігі даўно спачылых клясыкаў. Адметнасьць “кнігазбораўскага” тому Рыгора Барадуліна яшчэ і ў тым, што ягоны паўтарытысячны наклад выдадзены на сродкі, ахвяраваныя чытачамі. З чаго ўсьцешаныя і аўтар, і выдавецтва. Распавядае Валянціна Аксак.
Новая кніга прыйшла да Рыгора Барадуліна неўзабаве пасьля ягонага лекаваньня ў шпіталі ды санаторыі й сталася дадатковым тэрапэўтычным сродкам. Мы сустрэліся ў ягонай менскай кватэры, і паэт не хаваў свайго радаснага ўзрушэньня “кнігазбораўскім” томам. Яшчэ б! Апошнім часам выдаўцы асабліва ня цешаць такіх творцаў новымі кнігамі.
Рыгор Барадулін: “У гэтыя змрочныя для мяне дні кніга прынесла самы ўзьнёслы, велікодны, можна сказаць, настрой, таму што яна выйшла ў шаноўнай сэрыі, паважнай сэрыі. І дзякуй усім, хто спрычыніўся да яе выданьня: і галоўнаму рэдактару Кастусю Цьвірку, і ўкладальніку Міхасю Скоблу, і выканаўчаму дырэктару выдавецтва Генадзю Вінярскаму. Гэта быў такі ўсенародны збор сродкаў для яе. “Кнігазбор” і – збор грашовы. Дык дзякуй усім-усім! Я проста рады, што гэтая кніга – нейкая кропка ў маім жыцьці”.
Генадзь Вянярскі кажа, што хоць і ня надта шчодрыя былі чытацкія ахвяраваньні, але іх урэшце хапіла, каб выдаць кнігу народнага паэта на народныя грошы. Асноўную частку патрэбных сродкаў фундавалі Валянціна Якімовіч і яе сябры, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах Амэрыкі.
Кніжка атрымалася дыхтоўная, з мноствам ілюстрацый, у ёй прадстаўленыя розныя жанры.
Генадзь Вінярскі: “Выбраныя творы” Рыгора Барадуліна налічваюць шэсьцьсот старонак, плюс блёк ілюстрацый. Кніжку складаюць вершы (першы зь іх датуецца 1952 годам, апошні па часе напісаньня – 2007-м), вядомыя паэмы “Куліна”, “Самота паломніцтва” і “Аблачына-самабранка”. У разьдзел прозы ўвайшлі артыкулы “О Беларусь, мая шыпшына” (пра Ўладзімера Дубоўку), “Унучка Францыска Скарыны, або Зэк № 0287” (пра Ларысу Геніюш), тры эсэ, прысьвечаныя Васілю Быкаву, – “Апостал нацыі”, “Космас Васіля Быкава”, “Як васілёк у жыце беларушчыны”. Шырока прадстаўленыя ў кнізе пераклады – ад біблійскай “Песьні над песьнямі Саламонавай” – да нашых сучасьнікаў Івана Драча ды Імантса Зіеданіса. Яшчэ задоўга да выхаду кнігі ў выдавецтва зьвярталіся дзясяткі людзей, якія хацелі б набыць гэты том Барадуліна. Званілі з рэгіёнаў і нават з-за мяжы. Усім прыхільнікам творчасьці нашага клясыка я магу параіць толькі адно – сьпяшайцеся ў кнігарню!”
АЎТАР І ТВОР
ЛЕАНІД МАРАКОЎ: “БАЛЬШАВІКІ ВУЧЫЛІСЯ КАТАВАЦЬ У СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ІНКВІЗЫЦЫІ”
Першае апавяданьне Леанід Маракоў напісаў і апублікаваў у 1998-м. Потым былі доўгія гады карпатлівых архіўных пошукаў, складаньне энцыкляпэдычных даведнікаў з тысячамі жыцьцяпісаў ахвяраў антыбеларускага тэрору. Вывучаючы лёсы рэпрэсаваных, Леанід прыхапкамі пісаў і прозу. Нядаўна ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў сэрыі “Беларускі дэтэктыў” выйшла ў сьвет ягоная кніга “Запісы забітага кантрабандыста”. З аўтарам сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Леанід, зьмест тваёй кнігі нагадвае сёньняшні тэлеэфір: забойствы, самазабойствы, гвалт. Нават у разьдзеле “Апавяданьні пра каханьне” не абыходзіцца без забойстваў, часам іх прыпадае па тры-чатыры на старонку. Няўжо ў гэтым табе бачыцца прызначэньне літаратуры?”
Леанід Маракоў: “Забойства у мяне, заўваж, не самамэта, не забойства дзеля забойства. Забойства ў мяне або вымушанае – самаабарона, або абарона годнасьці й гонару сваёй ці блізкіх. Забойства – гэта суд, нават самасуд, але што рабіць, калі ў краіне, дзе жывуць мае героі, па іншаму праўды й справядлівасьці не дамагчыся. Самазабойства ў “Запісах забітага кантрабандыста” сустракаецца, здаецца, толькі ў апавяданьні “Апошні варыянт”. Але яно з элемэнтамі містыкі й дэтэктыву, і таму да забойства ці самазабойства тут, відаць, трэба адносіцца ня так, як у рэальным жыцьці, а трохі з жартам… Наконт гвалту. Нашу краіну ўжо гадоў 200 гвалцяць то тыя, то гэтыя… А ў мяне ахвяра адпомсьціла гвалтаўніку… Лічу – добры прыклад, паказальны і ўзорны.
Прызначэньне літаратуры ці мастацтва мне бачыцца ў тым, каб у іх не было аніякага прызначэньня. Крый Божа! Гэта мы ўжо праходзілі. А вось прызначэньне пісьменьніка бачыцца мне ў адным – каб яго творы працягвалі жыцьцё тым, хто іх чытае. Ну й, вядома ж, заклікалі да справядлівасьці… А забойства, адзначу, яшчэ як можа быць справядлівым!
Скобла: “У цябе ёсьць папярэднік – пісьменьнік Віктар Сазонаў з Горадні. Колькі гадоў таму ён выдаў свае запіскі кантрабандыста, чаўнака, які возіць у Польшчу на продаж пераважна сьпірт. Твае фарцоўшчыкі гандлююць адзеньнем, электронікай… Але фарца – прыкмета савецкага часу, і як зьява паціху адышла ў нябыт. Ці тэма “купі-прадай” вечная?”
Маракоў: “Амаль усе творы са “Сшытку забітага кантрабандыста” з 1998-га да 2003 году друкаваліся ў беларускім (і ня толькі) пэрыядычным друку. Пісаліся ж яны, вядома, яшчэ раней. Друкаваліся як у дзяржаўных выданьнях (“Маладосьць”, “ЛіМ”, “Зьвязда”, “СБ”), гэтак і ў незалежных (“Дзеяслоў”, расейскія, украінскія літаратурныя сайты). І таму Віктар Сазонаў, чые “занатоўкі” зьявіліся, здаецца, у 2005 годзе, для мяне аніякі не папярэднік.
Папярэднік у мяне адзін – Сяргей Пясецкі. Але й ён – больш легенда, чым папярэднік, бо Пясецкі, як і Сазонаў, не кантрабандысцкае жыцьцё апісалі. І нават не жыцьцё чаўнака. Чаўнок ці кантрабандыст – гэта той, хто змог атрымаць адукацыю ня горшую, чым служкі таталітарнага рэжыму. І, атрымаўшы, ня стаў уступаць у крывавую бальшавіцкую партыю, служыць злачыннай уладзе, быць побач зь ёю, карыстацца яе “дабрабытам”. А пайшоў сваім няпростым шляхам.
Мае чаўнакі ці кантрабандысты пры пераходзе дзяржаўнай мяжы – і не адной! – рызыкуюць дзясяткамі, а то й сотнямі тысячаў даляраў, а значыць, сваім жыцьцём. Яны гуляюць з агнём, са сьмерцю, бо за такія сумы могуць і забіць. Той жа, хто спрабуе праз мяжу перанесьці гарэлку ці парсюка, ён не кантрабандыст. Проста чалавек выйшаў пагуляць, аматар. Можаш сам у такога спытаць на памежным пераходзе. “Ты – чаўнок”? І ён адкажа: – “Крый Божа!” А наконт “купі-прадай”… Купі-прадай – гэта капіталізм. А вось зрабі і аддай за кавалак хлеба – гэта сацыялізм. Як сьпявалася ў адной песьні: думайце самі, рашайце самі…”
Скобла: “У твам апавяданьні “Чужаземец” падрабязна апісаная камэра катаваньняў і нават усё жудаснае начыньне ката. Дзе ты спасьцігнуў гэты цёмны бок чалавечага жыцьця?”
Маракоў: “Мною складзена каля 20 000 біяграфіяў расстраляных ці загінулых у ленінска-сталінскіх канцлягерах. Амаль усе яны цяпер ёсьць на маім інтэрнэт-рэсурсе marakou.by. Большасьць з рэпрэсаваных прайшлі праз сталінскі канвэер катаваньняў. Дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам іх душылі, палілі, тапілі, ламалі ім косьці, садзілі на кол, зьбівалі. Кажуць, бальшавіцкія нелюдзі вучыліся катаваць, зазіраючы ў паперы-рэкамэндацыі інквізыцыі… А згаданае табою апавяданьне “Чужаземец” было зь дзьвюх частак. І без другой, якую ў выдавецтве “зарэзалі”, яго зразумець цяжка…”
Скобла: “У выдавецкі рэдакцыйны савет, які мусіў чытаць рукапіс тваёй кнігі, уваходзяць пісьменьнік-сэнатар Чаргінец і намесьнік міністра ўнутраных справаў Шчурко. У сувязі з гэтым, ці ня ставіліся табе якія-небудзь умовы: прыкладам, уступіць у прыўладны Саюз пісьменьнікаў?”
Маракоў: “З вышэйпералічанымі спадарамі-начальнікамі я не знаёмы. Відаць, і добра – як для мяне, так і для начальнікаў. Бо як толькі паразмаўляю зь якім-небудзь кіраўніком, гляджу – бедалага неўзабаве пазбаўляецца пасады”.
Скобла: “Многія ведаюць цябе як дасьледчыка сталінскага тэрору. Пазалетась ты выдаў даведнік “Рэпрэсаваныя праваслаўныя сьвятары”. Ці рыхтуюцца аналягічныя даведнікі пра рэпрэсаваных прадстаўнікоў іншых канфэсій?”
Маракоў: “Пры актыўнай дапамозе Касьцёлу і пры асабістым удзеле біскупа Антонія падрыхтаваў том “Рэпрэсаваныя каталіцкія вернікі Беларусі: духоўныя, кансэкраваныя і сьвецкія асобы”. Каля 800 біяграфій плюс іменны і геаграфічны (на 1000 касьцёлаў) паказальнікі. Апошняе зрабіць было найскладаней. Цяпер заканчваю складаньне тому “Рэпрэсаваныя мэдыцынскія і вэтэрынарныя работнікі”. Паралельна працягваецца праца над томам “Беларусы ў расейскіх канцлягерах”. Далей паспрабую скласьці том “Рэпрэсаваныя службоўцы”, куды ўвойдуць біяграфіі дырэктароў прадпрыемстваў, інжынэраў, юрыстаў, вайскоўцаў (усяго каля 5 тысяч чалавек!). А пасьля гэтага можна будзе брацца за “Ахвяры і карнікі–ІІ”.
Скобла: “Я памятаю тваю першую кнігу “Валеры Маракоў: лёс, хроніка, кантэкст”, у якой расказвалася пра твайго дзядзьку-паэта, расстралянага ў 1937-м… Ці думаў ты тады, што станеш пісьменьнікам-дэтэктыўшчыкам?”
Маракоў: “Тады, дзесяць гадоў таму, я быў упэўнены, што мы абавязкова будзем у Эўрасаюзе. Во быў наіўны! Тады я марыў: гадоў за 20 калі змагу скласьці 3 тамы рэпрэсаваных, дык можна будзе паміраць спакойна – жыцьцё не прайшла марна. Выйшла ўжо 9 тамоў рэпрэсаваных, рыхтуецца яшчэ 6, але думкі, што праца ўсяго жыцьця можа абрынуцца ў бездань разам з краінай, усё часьцей наведваюць мяне… І як нам адчапіцца ад гэтай “брацкай” Расіі? Во які дэтэктыў трэба разгадваць! Што да маёй прозы… Першае апавяданьне “Яблыня” я напісаў у канцы 1998 году (памятаецца, Міхась, ты яго першым прачытаў і са зьдзіўленымі вачыма паціснуў мне руку). Апошняя рэч “Байцы нябачнага фронту” закончаная ў пачатку 2004-га. За пяць гадоў было напісана больш за 50 аповедаў і каля 200 мініятураў. І вось ужо амаль 4 гады нічога ня пішацца. Відаць, Усявышні вырашыў, што спачатку я павінен зрабіць самае сьвятое – закончыць складаньне заплянаваных 15 тамоў “Рэпрэсаваных дзеячаў культуры і грамадзтва Беларусі”.
ЛЕАНІД МАРАКОЎ. І ВОСЬ ЁН ВЯРНУЎСЯ…
Бэнзын скончыўся ўначы ў хвілінах язды ад дому. Бэнзын ня мог ня скончыцца: лёс не хацеў адпускаць яго вось так проста, не выпрабаваўшы на астатак і ў родным горадзе.
Разбуджаны таксіст за буксіроўку заламаў столькі, што калі б у чаўнака быў пісталет, ён адразу ж застрэліў бы крыхабора. Але пісталета не было, і чаўнок, сьціснуўшы зубы, згадзіўся. Гэта быў той выпадак, калі зь першых крокаў (а масьць у гэтую паездку не пайшла адразу) ён вырашыў прабівацца любым коштам. Любым!
“Цікава, – пасьміхнуўся вяла, – я ў мінусе, ці хоць нешта на жыцьцё засталося? Зрэшты, цяпер такі час, што не выпасьці з абоймы – ужо дасягненьне”.
Таксіст дацягнуў яго “васьмёрку” да пад’езду. Прыкінуўшы, што спрасонку бухнуў суму, разоў у дзесяць большую за тарыф, моўчкі дапамог занесьці тавар, асабістыя рэчы. Падзякаваў і зьнік.
Чаўнок перахрысьціўся: здаецца ўсё ціха, жонку не пабудзіў. Хай адпачывае – і так, гаротная, перанэрвавалася: шэсьць сутак чакала. Стаў пад душ. Уключыў гарачую ваду. Саграваўся. Адчуў, што ад цяпла, што нахлынула, засынае. Выйшаў. Уздыхнуў. Нешта сэрца паколвае. Не ўпершыню... Прысеў. Так лепш. Паглядзеў у акно. Позірк сьлізгануў на сьцяну, столь – чаўнок траціў прытомнасьць…
Раніцай, калі жонка выклікала “хуткую”, ён ужо ня дыхаў.
“Што ж гэта робіцца, што ж?”, – стагнала яна, абдымаючы мужа, спрабуючы цяплом свайго цела вярнуць яго да жыцьця. Але чаўнок ня чуў.
Ён быў ужо там. Дакладней, тут. З намі. У “ТУ-154”, які разьбіўся пяць гадоў назад. З усіх пасажыраў ён адзін тады выжыў.
І вось ён вярнуўся.
КРЫТЫКА
МАРЫЯ МАРТЫСЕВІЧ. СЬВЯТЫЯ ПАТРОНЫ І ВЕЧНЫЯ ДЗЕВЯНОСТЫЯ
Сяргей Прылуцкі. Дзевяностыя forever (бібліятэчка часопісу “Дзеяслоў”). Менск: Медысант, 2008.
Паэт, які пачынае свой самы лірычны тэкст радком: “Дзяўчына падобная на экскаватар”, – і прымушае рэдактараў расстаўляць кропачкі ў безьлічы словаў, ад чаго ў выніку робіцца няясным, “засЦаны” ён, гэты сьвет паэта, ці “засРаны”... Ён прыйшоў у літаратуру, каб эпатаваць і весяліць, каб адцяніць Велічнае і Вечнае трэшавым калярытам пралетарска-памежнага Берасьця і ўласным наркатычна-алькагольным досьведам. Гэтую ісьціну данясе да вас любы кваліфікаваны выкладчык белліту. Я крыху паразважала і ўсё-ткі вырашыла папярэдзіць, што з кнігай вершаў Сяргея Прылуцкага “Дзевяностыя forever” ўсё нашмат сур’ёзьней, чым здаецца на першы погляд.
Калісьці, у тых самых вечных дзевяностых, у паветры вісела пытаньне: “Што пасьля постмадэрнізму?” Эпоха постмадэрну здавалася канцом усяго, а постмадэрнізм – адзіным, што наканавана актуальнай літаратуры. Заўважна, што як паэт Сяргей Прылуцкі пачаўся яшчэ тады. Іронія, слоўныя гульні, адсылкі да шанаваных ім клясыкаў усясьветнай літаратуры – гэтаму ўсяму Прылуцкі-пачатковец напоўніцу аддаецца сьледам за раньнім жа Андрэем Хадановічам, які, мяркуючы па добрай траціне вершаў зборніка, поруч з украінцамі Юрыем Андруховічам і Сяргіем Жаданом – яго старэйшы брат-растафарыян у постмадэрністычным манастыры паэзіі (а можа, і сам ігумен). Хоць вэрсыфікуе і калямбурыць Прылуцкі менш рафінавана, чым папярэднікі. Фармаліст Хадановіч памрэ за дакладную рыфму; Прылуцкі наўмысна робіць свае тэксты шурпатымі, як наждак. Ці ня ў кожным яго рыфмаваным вершы спатыкнешся аб кансанантную рыфму: “дворыкі крамаў сны малалетніх лярваў сьляпое РБ дзевяностых амнэзія нэрваў” Асабліва часта ўжываны і ад таго занудны прыём Прылуцкага – пералік. Часам здаецца, што некаторыя вершы можна скарыстоўваць як дапаможнік па складаньні крыжаванак – столькі экзатызмаў з супадаючымі складамі і літарамі ў іх напхана: “піць грапу, ня ведаць грыпу, грэць дупу ва ўласным джыпе”.
Самая выразная рыса паэтыкі Прылуцкага – алюзійнасьць. Яго каронны жанр – рымэйк. Але, перарабляючы сваіх “сьвятых патронаў” (свае “сьвятыя патроны”?) – Рыльке, Одэна, Фроста, Бродзкага, Гербэрта ды іншых, – Прылуцкі не іранізуе. У стаўленьні да куміраў ён сур’ёзны і ўрачысты. Тут мы пачынаем заўважаць першыя сымптомы пераадоленьня постмадэрнізму.
Некалькі гадоў пасьля заканчэньня гістфаку Прылуцкі працаваў рабочым на берасьцейскім заводзе “Гефэст”. Ці не адсюль – цяга да антычных матываў? Дакладней, да іх зьмяшаньня з брутальнай беларускай рэчаіснасьцю?
І чамусьці згадваеш рымскія пляцы, афінскі форум,
але тут не сустрэнеш філёзафа ў тозе, атлета ў позе.
Як відаць з апытаньняў й статыстыкі, у гэтым годзе
разрастуцца калгасы, нэкропалі і падаткавыя канторы.
Можна абагульніць: лірычны герой кнігі “Дзевяностыя forever” – Арфэй, якому навакольная рэчаіснасьць здаецца Аідам, і ад таго яму карціць перакваліфікавацца ў Адысэя. Але, як мы памятаем, Адысэю наканавана вярнуцца на Ітаку. І Арфэй-Прылуцкі вяртаецца – з Кракава, Львова, Рыгі, – “у цёмныя сутоньні часу, ў неасьветленыя далячыні”. Правінцыя – яшчэ адзін выразна антычны элемэнт кнігі Прылуцкага, няхай фарбы для яе жывапісаньня паэту дае сучаснасьць:
Людзі з маленькіх правінцыйных мястэчак
засынаюць па дозе вячэрніх навінак.
На вячэру ў іх каша, гарбата, булка, варэньне з парэчак.
Некаторыя зь іх пераможцы мясцовых дажынак.
На прэзэнтацыі сваёй кнігі ў Менску Прылуцкі назваў свае вершы “генэрацыйнымі”. Маўляў, яго мэтаю было адлюстраваць сваё пакаленьне і яго час. Час, які спыніўся ў Беларусі тады, у дзевяностых, у яго (нашым) постсавецкім дзяцінстве. Але дзевяностыя – далёка не назаўсёды. Інакш чытаць дэбютную кнігу Прылуцкага было б проста нецікава. Вершы ўпарадкаваныя па цыклях, але ўсё адно заўважна, што “Дзевяностыя forever” выразна распадаюцца на дзьве першыя кнігі паэта: першую першую і другую першую. Другая вабіць мяне значна болей.
Чым далей ад дзевяностых, тым адказ на пытаньне: “Што пасьля постмадэрнізму?” – відавочнейшы. Прылуцкі таксама дае гэты адказ. У прыватнасьці, адным з праграмных вершаў пад назвай “11-я запаведзь”. Адказ – ня ў зьмесьце вершу (лірычны герой назірае, як пралетарыят, што насяляе яго стары панэльны дом, займаецца звыклымі вечаровымі справамі) і нават не ў яго фармальных асаблівасьцях (вэрлібр) а ў яго патасе: “...што б ні казалі апосталы бацькі альбо твой участковы, забудзь усе запаведзі і пастарайся палюбіць гэты кашмар”.
Літаратура стамілася перажоўваць саму сябе. Яна разарвала заганнае кола самацытацыі, пазбылася іроніі дзеля іроніі, вырашыўшы: пляваць, што ўсе новыя ісьціны – гэта добра забытыя старыя. Яны патрэбныя чалавецтву тут і цяпер, у абноўленым выглядзе, – і таму трэба прадукаваць іх. І літаратары прадукуюць, уступаючы, разам з усім чалавецтвам, у культурную сытуацыю “новачасься” – “нью эйджу”.
Яе прыкметы – эмацыйнасьць, шчырасьць і пэрманэнтны стан прадчуваньня другога прышэсьця. У дэструктыўных сэктаў пакралі іх рыторыку. Сучасныя паэты зракліся паэтыкі папярэднікаў, але запазычылі ў іх сёе-тое іншае: яны зноў сталіся прарокамі. Верш Прылуцкага “Vigilia” – ня простая інтэрпрэтацыя “каляднага” топасу. Гэта – новае візіянэрства:
кожны сьнежань перад калядамі
жыцьцё нібыта робіцца сьвятлейшым
быццам сьвяты Пётр прыадчыняе сваю браму
і райскія промні кранаюцца нашых твараў
і тады верталёты падаюцца ўкормленымі анёламі
што патрулююць паветраныя калідоры
а неба – бясконцым сюррэалістычным фільмам
Эмацыйнасьць – тэарэтычная база ня толькі распаўсюджанай цяпер моладзевай субкультуры; шчырасьць – творчы мэтад не аднаго звышпапулярнага расейскага пісьменьніка Яўгена Грышкаўца. На вокладцы кнігі Прылуцкага – звычайная, здавалася б, рэч: аўтограф вершу. Але – звычайная яшчэ тады, у дзевяностых. Цяпер, калі вершы ўсё часьцей пішуцца адразу ў файл кампутара і трапляюць да чытача ў электронным выглядзе (у выпадку Прылуцкага – праз блог аўтара), пісаньне ад рукі ўспрымаецца як нешта неверагодна інтымнае, кранальнае і шчырае. Акурат адпаведнае радкам, якія ад рукі запісаў Прылуцкі:
дзяўчына не падобная на швайцарскі гадзіньнік
у яе наагул пашкоджаны мэханізм
але ты безь яе ня можаш, хаця і цынік
але ты кахаеш яе хоць гэта і атавізм
і ў гэтыя хвілі вы пляшка гарэлкі і колы
вып’еш адну – і зьнікае патрэба ў другой
калі ты стаіш перад ёй абсалютна голы
яна мусіць таксама быць чыстаю перад табой
Бадай, самы любімы мой кірунак у мастацтве – маньерызм. У падручніках яго характарызуюць як нешта пераходнае, – барока, якое пакутліва прарастае з рэнэсансу. Вонкава гэта выглядае... незразумела. Сапраўды патасна ды манэрна. Але самыя моцныя эстэтычныя перажываньні са мной здараліся, калі я трапляла ў маньерыстычныя інтэр’еры. Мэтад Прылуцкага па сваёй сутнасьці блізкі да маньерызму. Штосьці старое (постмадэрн?) скончылася, штосьці новае (нью-эйдж?) яшчэ не нарадзілася, але вось-вось народзіцца. Калі радзіма расколваецца напалову, шчыліна праходзіць праз сэрца паэта – сказаў калісьці Гётэ (яшчэ адзін “сьвяты патрон” Прылуцкага). “Дзевяностыя forever” натхняюць на рымэйк клясыка: калі краіна застывае ў бясчасьсі, сэрцу паэта не застаецца нічога іншага, як узяць на сябе функцыю мэтранома.