ЛІТПРАЦЭС
ЛЯВОН БАРШЧЭЎСКІ: “ЦІКАВАСЬЦЬ ПАЛЯКАЎ ДА НАШАЙ ЛІТАРАТУРЫ АБУДЗІЛА ПЛОШЧА”
У польскім горадзе Ўроцлаў пад патранажам фундацыі “Калегіюм Усходняй Эўропы” выйшаў першы том анталёгіі беларускай паэзіі. Цягам бліжэйшага месяца чакаецца выхад другога тому, падрыхтаваны да друку і трэці. Гэта самае вялікае замежнае анталягічнае выданьне беларускае паэзіі. Яго падрыхтавалі: з польскага боку знаны паэт і перакладчык, віцэ-прэзыдэнт Польскага ПЭН-цэнтру Адам Паморскі, а зь беларускага – перакладчык і ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі. Зь ім сустрэлася наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Ужо чатыры гады запар – сёлета, відаць, будзе пяты – у польскім горадзе Ўроцлаў ладзіцца фэст беларускае культуры. У ягоных межах адбываюцца сустрэчы зь вядомымі беларускімі літаратарамі. Два гады выходзіць па-польску кніжная сэрыя “Беларуская бібліятэка”. Спадар Баршчэўскі, нагадайце, калі ласка, беларускіх аўтараў і іх кнігі, якія апошнім часам выйшлі ў Польшчы?”
Лявон Баршчэўскі: “Літаральна днямі выйшла кніга эсэ Ігара Бабкова “Каралеўства Беларусь”, месяца паўтара таму – кніга Валянціна Акудовіча “Дыялёгі з Богам” і тры месяцы таму кніга Сьвятланы Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі”.
Аксак: “А пачыналася гэтая сэрыя...”
Баршчэўскі: “...пачыналася сэрыя з супольнай кнігі Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна “Калі рукаюцца душы”. Пасьля яе выйшла кніга паэзіі Андрэя Хадановіча, кніга прозы і эсэістыкі Ўладзімера Арлова, кніга вэрсэтаў Алеся Разанава і супольная кніга дзесяці прадстаўнікоў самай маладой беларускай паэзіі”.
Аксак: “І вось сьвежы прыклад зацікаўленьня палякаў беларускім прыгожым пісьменствам – выйшаў першы том анталёгіі беларускай паэзіі. Да гэтага за мяжой звычайна выходзілі аднатомныя анталёгіі вершаў нашых аўтараў. Палякі ж набралі ў беларускай паэзіі анталягічных вершаў ажно на тры тамы. Але насамрэч ці так добра польскія выдаўцы арыентуюцца ў даволі вялікім моры беларускай паэзіі? Які прынцып гэтага беспрэцэдэнтнага выданьня? Хто адбіраў для яго творы – перакладчыкі на польскую ці беларускія складальнікі трохтомніка?”
Баршчэўскі: “Мы, дзейнічаючы ад імя Беларускага ПЭН-цэнтру, прадставілі перакладчыкам кола нашых аўтараў, якія абавязкова павінны былі знайсьці сваё месца ў гэтай анталёгіі, асабліва гэта тычыцца клясыкаў нашай паэзіі. А ўжо з аўтараў другой паловы ХХ стагодзьдзя быў суб’ектыўны выбар перакладчыкаў – каго яны захацелі перакладаць, каго не захацелі, каго яны не змаглі перакласьці, можа быць”.
Аксак: “А ці ўвайшлі ў гэтую анталёгію беларускія паэты, якія жылі за межамі ўласна Беларусі?”
Баршчэўскі: “Безумоўна. Натальля Арсеньнева добрай падборкай прадстаўлена – з бліскучым перакладам знакамітае “Малітвы” і іншых яе вершаў, зробленым Адамам Паморскім. Масей Сяднёў, Янка Юхнавец, Надзея Артымовіч зь Беласточчыны... Трэба асабліва адзначыць, што ў гэтай кніжцы ёсьць і Адам Міцкевіч, ёсьць і Ян Чачот, і мы ўпершыню давядзем польскаму чытачу, што былі такія беларускія паэты, якія пісалі па-польску”.
Аксак: “І якіх ня трэба было перакладаць для гэтай анталёгіі”.
Баршчэўскі: “Для гэтай анталёгіі мы далі пераклады іх твораў на беларускую мову”.
Аксак: “А якімі накладамі выходзяць у Польшчы кнігі беларускіх аўтараў? Ці маюць яны попыт чытачоў? І ці адсочваеце вы рэакцыю на іх прэсы і крытыкаў?”
Баршчэўскі: “Вельмі хутка распрададзены тысячны наклад анталёгіі маладой беларускай паэзіі. Добра прадалася кніга паэзіі Андрэя Хадановіча і астатніх кніг, якія выйшлі ў мінулыя два гады, наколькі мне вядома, ужо мала асобнікаў засталося на складзе. Гэтыя кнігі, якія выйшлі сёлета, я спадзяюся, таксама будуць добра прадавацца”.
Аксак: “А з чым наогул зьвязаны ўсплёск зацікаўленасьці нашых заходніх суседзяў беларускай літаратурай?”
Баршчэўскі: “Ёсьць тут, канечне, пэўны палітычны падтэкст. Падзеі 2006 году перад Плошчай, на Плошчы, пасьля Плошчы выклікалі зацікаўленасьць ня толькі тым, як там беларусы змагаюцца за сваю свабоду і незалежнасьць, а і тым, што ў гэтых беларусаў ёсьць – якая ў іх культура, якія ў іх літаратары, якія кнігі. І я хачу сказаць, што пералікам на пачатку праграмы сьпіс выдадзеных у Польшчы беларускіх кнігаў не абмяжоўваецца. Сёлета выходзіць раман Ігара Бабкова “Адам Клакоцкі і яго цені”, плянуецца выданьне раману Наталкі Бабінай “Рыбін горад” і кнігі Артура Клінава “Падарожжжа па горадзе Сонца”. Гэта, паўтаруся, па-за тым, што я пералічаў. Можна сказаць, што гэта ня штучная цікавасьць палякаў да нашай літаратуры, а рэальная, бо ёсьць водгукі, і сам Адам Паморскі, суўкладальнік і адзін зь перакладчыкаў трохтомнае анталёгіі, казаў, што яму тэлефанавалі знаёмыя паэты і казалі: “Аказваецца, у беларусаў ёсьць паэзія!” Яны раней ня мелі пра яе ўяўленьня”.
Аксак: “А калі ў Беларусі нармалізуецца сытуацыя і яе жыхарам ня трэба будзе больш даводзіць сваё права на свабоду, яны яе будуць мець, дык ці ня будзе гэта азначаць, што выкліканы палітычнымі падзеямі ўсплёск зацікаўленасьці беларускай літаратурай тады зьнікне?”
Баршчэўскі: “Ведаеце, гэта агульная праблема. Цяпер чытаць усюды сталі менш, і сьвет ідзе ў такім кірунку, што на нейкі час зьніжаецца цікавасьць да мастацкага слова. Але я веру, што гэта ўсё хвалямі ідзе, і што празь нейкі час зноў ва ўсім сьвеце адродзіцца цікавасьць да літаратуры. І дай Бог, каб мы да таго часу прыйшлі з выдатнымі перакладамі ня толькі на польскую мову, а і на ангельскую, і на нямецкую, і на францускую і на іншыя мовы цывілізаванай Эўропы як мінімум”.
АЎТАР І ТВОР
НІНА МАЦЯШ: “ЖЫРАНДОЛЯ” – КАЛЕКТЫЎНЫ ПАРТРЭТ БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЫ ЛІТАРАТУРНАЙ”
Рэгіянальныя літаратурныя выданьні ў Беларусі можна пералічыць на пальцах адной рукі: полацкае “Калосьсе”, “Лідзкі летапісец”, гарадзенскія “Галасы”, віцебская “Дзьвіна”. Нядаўна гэты сьпіс пашырыўся: у сьвет выйшаў першы нумар альманаху “Жырандоля”, які заснавала Берасьцейская філія Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Са старшынёй філіі, паэткай і складальніцай альманаху Нінай Мацяш пагутарыў Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Спадарыня Ніна, найперш віншую вас са зьяўленьнем “Жырандолі”. На жаль, тыя нешматлікія літаратурныя выданьні, якія выходзяць у рэгіёнах, маюць нясталую пэрыядычнасьць, маленькія, як правіла, наклады. Жадаю вашай “Жырандолі” доўгага веку і чытачоў па ўсёй Беларусі. 250 старонак паэзіі, прозы, перакладаў… Як узьнікла задума гэткага маштабнага выданьня?”
Ніна Мацяш: “Задума ўзьнікла вельмі проста – нам няма дзе друкавацца. І таму выдаваць нешта “сваё”, я думаю, мараць многія пісьменьнікі. Гэта па-першае. А па-другое, хацелася, каб чытачы пабачылі аблічча нашай пісьменьніцкай арганізацыі – Берасьцейскай абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Нам хацелася стварыць свой партрэт. І так атрымалася: “Жырандоля” – своеасаблівы калектыўны партрэт, хоць і абрысны, контурны, зьменлівы, нашай літаратурнай Берасьцейшчыны. А за віншаваньне дзякуй”.
Скобла: “А колькі аўтараў прастаўлена ў “Жырандолі”?”
Мацяш: “Усіх – сорак сем аўтараў. А калі мець на ўвазе берасьцейцаў – то сорак тры”.
Скобла: “У рубрыцы альманаху “Нашы госьці” прадстаўленыя беларускія пісьменьнікі Ян Чыквін і Юрка Баена, якія жывуць на Беласточчыне. Ці не перашкаджае мяжа Эўразьвязу сяброўскай лучнасьці літаратараў Берасьцейшчыны і Беласточчыны?”
Мацяш: “Не, вядома. Нам гэтая мяжа не замінала і тады, калі Польшча не была ў Эўразьвязе. А цяпер – пагатоў. Мы сябруем даўно. Берасьцейскія літаратары – частыя госьці на старонках беластоцкага гадавіка “Тэрмапілы”, які рэдагуе Ян Чыквін. Так што беластачане цікавыя нам, мы, спадзяюся, – беластачанам. Нам добра сустракацца на нашых літаратурных “палетках” – у “Тэрмапілах” і, цяпер”, у “Жырандолі”.
Скобла: “У альманаху друкуюцца паэты і празаікі, якія пішуць па-беларуску, па-расейску і па-украінску. Чаму было вырашана зрабіць “Жырандолю” трохмоўнай?”
Мацяш: “Таму што нашыя пісьменьнікі пішуць на трох мовах. Вось, напрыклад, Мікола Тэлічка пачынаў і вельмі доўга працягваў пісаць па-расейску. А пару гадоў таму згадаў, што ён – украінец, успомніў сваю родную мову і пачаў пісаць па-ўкраінску. Дзьве кнігі ўжо выдаў на роднай мове. Нам зразумелыя мовы – і ўкраінская, і расейская. Думаю, чытачы “Жырандолі” ня выкажуць моўных прэтэнзій. Мы паказваем свой рэгіён такім, якім ён ёсьць насамрэч. Я не лічу, што аблічча трэба паказваць скрыўленым ці перайначаным”.
Скобла: “Сёлета вы былі ўганараваныя Міжнароднай літаратурнай прэміяй Украіны імя Рыгора Скаварады. Наколькі блізкая вам украінская літаратура, і ў якой ступені паўплывала яна на фармаваньне вашага культурнага кругагляду?”
Мацяш: “Вядома ж, блізкая. Па-першае, блізкая геаграфічна. Наша Бярозаўшчына мяжуе зь Янаўшчынай, за якой – Валынь. І наш мясцовы дыялект мае ў сабе вельмі шмат украінізмаў. Украінская мова блізкая і родная мне адмалку, і ў мяне няма ніякіх праблемаў з разуменьнем нашых братоў-украінцаў. З маленства я памятаю ўкраінскія кнігі ў нашай хаце. Найперш, гэта “Кабзар” Тараса Шаўчэнкі, ён быў у нашай невялічкай хатняй бібліятэчцы. З маленства чыталіся і “Вечары на хутары паблізу Дзіканькі”.
Скобла: “А Вы лічыце Мікалая Васілевіча Гогаля ўкраінскім пісьменьнікам?”
Мацяш: “Безумоўна. Нягледзячы на тое, што гэтая цудоўная кніга напісаная па-расейску, там усё прасякнута ўкраінскім духам, украінскім нацыянальным гумарам! А Гогаль, як вядома, пісаў таксама і па-украінску”.
Скобла: “Дзякуючы вам па-беларуску загаварылі францускія, польскія, украінскія пісьменьнікі. Назаву толькі некалькі слынных імёнаў: Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, Віслава Шымборска, Ліна Кастэнка… Да якіх здабыткаў замежнай літаратуры вы зьбіраецеся зьвярнуцца ў найбліжэйшы час?”
Мацяш: “Мне трошкі няёмка было атрымліваць гэтую прэмію з рук амбасадара Ўкраіны ў Беларусі спадара Ліхавога. Мне здаецца, я працую не напоўніцу. Таму цяпер, у аддзяку за гэткую ўвагу да мяне з боку ўкраінцаў, буду перакладаць украінскую паэзію. І найперш – нашых суседзяў-валынянаў. Мы, дарэчы, сустракаліся зь імі ў Беларусі на пачатку году, а потым нашыя літаратары Філатаў, Мельнічук і Ярына Дашына езьдзілі да іх у Луцк, удзельнічалі ў паэтычных украінска-беларуска-польскіх чытаньнях. Тамсама было падпісанае пагадненьне аб супрацоўніцтве”.
Скобла: “За перакладамі вы, мабыць, забыліся на ўласную музу… Я пра тое, што рэдка друкуеце свае вершы”.
Мацяш: “І сапраўды, яна апошнім часам наведвае мяне нячаста. Я яе гукаю-гукаю, а яна ня хоча азывацца... Ну, можа, як-небудзь угавару, перапрашу”.
НІНА МАЦЯШ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ
ПОЎХ
Прамаўляю слова «поўх» –
і зьяўляецца адразу
луг, папляжаны капцамі
з долу выпхнутай зямлі...
Поўша! Хто ты ёсьць? Які ты?
Ці ў мадэлі твайго сьвету
насамрэч няма мне месца
з сакавітаю травой
і пяшчотаю шматквецьця?
Што, сьляпко, хацеў сказаць ты
гэтым сьледам сваім цёмным?
Што супольнага нічога
і няма ў нас, і ня будзе?
Ох, баюся, недалёка
адышла я ад цябе:
зь невідушчасьцю ў вакольным,
з прагай выйсьця ў іншасьвет
я сама хіба нічога
не касую неабачна –
мерывам уласным цемры,
сваім мерывам сьвятла?
Поўша, з нораў непрасьветных
калі рыў дарогу ўгору –
гэта стаць хацеў ты птушкай?
БУСЯ
На крыжы твайго цела
вяртаюцца з выраю
траваквецьце і птаства,
матылі і грамы.
Убачыць цябе ў палёце –
атрымаць блаславенне,
убачыць на доле –
уварціцца перасьцярогі.
«Буся! Буся!» –
гукаюць усьлед табе дзеці,
а ты ляціш у гняздо сваё,
вятрам і небу адкрытае,
і засяроджана молісься
за іх
доўга-доўга.
Бусько, буся,
чорна-чырвана-белы
герогліф жыцьця,
пацалунак прыроды,
якога баяцца
балотныя жабы і гады.
Пацалунак вясны
зьзімелым Палесьсю і мне.
ЯШЧАРКА
Бы хтосьці заўзята
пацягнуў за нябачную нітку
вераценца рудое:
перабегла дарожку
і зьнікла ў атаўцы
неспадзяваная яшчарка!
I хоць бы познак які там
пра жывую прысутнасьць яе,
хоць бы зельлейкавы ўскалых!
Тут была – тут няма...
...Як па адлёце душа:
ненаяўная толькі таму,
што няўгледная...
ДАРОГА
Інаку Мікалаю
Табе ўсё адно,
ступакі цябе мераюць,
колы ці капыты.
Табе ўсё роўна,
хто ці што ў таварыстве тваім –
пясок, мурог, лес ці скалы,
разумныя ці неразумныя,
і ці ўхваляюць цябе,
ці гудзяць.
Стаяць пры табе
і вучэльня, і балаган,
тут храм, а там крама,
ды няма табе справы да гэтага,
бо твой клопат – злучаць,
а не залучаць,
зьвязваць,
а не навязваць.
I дзяліцца з усімі
праўдай сваёй,
як сёньня са мной:
зусім нескладана –
а як прыгожа! –
быць адзінымі ў існаваньні,
адзінымі
і памкнёнасьцю, і пакліканьнем.
Бо не ў табе раздарожжа.
Памажы, Божа!
КРЫТЫКА
МІХАСЬ ТЫЧЫНА. ЗБЛІЖЭНЬНЕ ЗАХАДУ І ЎСХОДУ
Арашонак Арцём. Сэнр’ю: сэнр’ю, танка, кароткая проза. – Менск: Логвінаў, 2007. – 132 стар.
Арцём Арашонак – паэт, празаік, перакладчык. Ляўрэат літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай (2003). Удзельнікам сэмінару запомніўся сваёй захопленасьцю японскай экзотыкай. У яго былі свае папярэднікі.
Першыя танка – пяцірадковыя нерыфмаваныя вершы, зь якімі звязанае ўяўленьне пра японскі характар, – у беларускай паэзіі зьявіліся ў творчасьці Максіма Багдановіча яшчэ ў 1915 годзе. Вось адзін зь яго ўзораў: "Ах, як сьпявае / Сінявокая птушка / У муках каханьня. / Сьціхні, птушачка, сьціхні, / Каб не тамілася я". Ёсьць падставы прыняць як літаратурны факт біяграфіі Максіма Танка легенду пра сапраўднае паходжаньне ягонага псэўданіму: ня "танк" – сталёвая пачвара, – а менавіта "танка" выявіла глыбінную сутнасьць беларускай душы паэта. Прыклады танка і створанага на яго аснове хоку прадстаўленыя ў зборніку "Круглы год" (1996), у якім зьмешчаны вершы М.Танка, У.Арлова, У.Адамчыка, У.Сіўчыкава, В.Шніпа і інш. Кнігу танка і хоку "Высакосны год" (2004) выдаў У.Сіўчыкаў. Свае варыянты японскага жанру прапанаваў у кнізе "Ксты" Р.Барадулін.
Сучасны японец, нават зацікаўлены ў экспансіі сваёй прадукцыі на Захад, азнаёміўшыся з узорамі беларускага хоку і танка, мусіць, схавае за усьмешкай свае адносіны. Відавочных адступленьняў ад досыць жорсткай структуры японскіх паэтычных жанраў надзвычай шмат. Многія "танкісты" сьвядома лічаць, што трэба "ўзбагачаць" традыцыю за кошт павелічэньня колькасьці складоў, радкоў, ужываць забароненую японцамі мэтафару. Так выяўляе сябе супрацьстаяньне танкі, "кароткай песьні", з уласьцівымі ёй ляканізмам, багатым падтэкстам, эмацыйнай і інтэлектуальнай насычанасьцю, і "доўгай песьні", якая дыскрэдытуе беларускую паэзію, дзе лішак шматслоўя, рыторыкі, патасу. Нездарма некаторыя вершазнаўцы прапануюць адмовіцца ад рыфмы: ніякі іншы кампанэнт вершу не прыцягвае так багата лішніх слоў і лішніх вобразаў, як рыфма.
Арцём Арашонак, сьвядома ці міжволі, уключаецца ў гэтае супрацьстаяньне "старой" і "новай" эстэтыкі. Менавіта таму ён абраў такі жанр сатырычнай паэзіі, у якім моцны элемэнт іроніі й пародыі, як сэнр’ю, засьведчыўшы свой выбар у назьве кніжкі. Разьвіты на базе страфы хоку жанр сэнр’ю ўяўляе зь сябе паэтычнае трохрадкоўе з памерам 5 – 7 – 5: антычны прынцып "залатога сячэньня", зьвязаны з паняткамі гармоніі, сымэтрыі, меры, раўнавагі, мае эратычную аснову. У параўнаньні з хоку і танка сэнр’ю выяўляе трохі спрошчаны зьмест, але затое дазваляе большую свабоду ў галіне тэматыкі. Філязофскі грунт у іх, тым ня менш, агульны. У зацемцы зь нізкі "кароткай прозы" А.Арашонак згадвае банальна вядомае выказваньне Гётэ, клясыка і алімпійца: "Краіны Захаду і Ўсходу будуць разам назаўсёды", – і Кіплінга, мадэрніста і пэсыміста: "Захад ёсьць Захад, Усход ёсьць Усход, і ім не сустрэцца ніколі". На гэтым фоне куды больш набліжаным да сучаснай рэальнай сытуацыі ўспрымаецца фінал зацемкі – хоку Басё, вандроўнага паэта, творцы "сапраўднай школы", зь яе гратэскам і даступнай мовай: "Заходні вецер? Усходні? / Лепей паслухаю, як шуміць / вецер над рысавым полем".
Слушнасьць заўсёды мае рэальнае, зямное жыцьцё зь яго хуткаплыннасьцю, выяўленай у шматзначнай сыстэме вобразнасьці (вецер, зьнічкі, сьняжынкі ў паветры, адлюстраваньне поўні ў калюжыне, кропля расы, асеньняя лістота), юнацкае каханьне ("Дзяўчо з лазьні, / На грудзях – пацалункі / дубовага лісьця"), апошняя ростань ("Надпіс на крыжы / высьвечвае поўня, / як сумнае хайку", або "Па рацэ Сусьвету / плыве і берага ня знойдзе / жыцьця адзінокі човен").
Беларусаў зь японцамі збліжае эстэтыка гармоніі, якая стала асновай нашай літаратурнай клясыкі й нацыянальнай філязофіяй жыцьця. Прынцып жыцьця на ўлоньні прыроды, пошукі водгуку сваім пачуцьцям у навакольным сьвеце, бачаньня хараства сьвету ў малым выявіў Я.Купала (ягонае вядомае "Завецца спадчына мая ўсяго старонкай роднаю", а спадчына гэта дзіўная – "і той стары амшалы тын, што лёг ля вёсак покатам", і "крык вароніных грамад на могілкавым кладзьбішчы"), Я.Колас (хрэстаматыйнае "блінцы пякліся на сьняданьне"), К.Чорны (Марцін Прыбыткоўскі, герой яго няскончанай аповесьці "Скіп’ёўскі лес", мог бясконца цешыцца відовішчам, як па саломіне, якая вытыркнулася са страхі, паволі скочваецца кропля начной расы).
Рэчыўны, прадметны сьвет, які акружае беларуса зь першых дзён яго жыцьця, спыняе ўвагу і А.Арашонка. Паэт надае асаблівае значэньне эмацыйнаму стану героя, яго настраёвасьці на мэлёдыю нацыянальнага космасу, недавыказанаму словамі, намёку, сымбалю, іншасказаньню. Прыкладаў у яго кніжцы шмат: "Пасярод поля / адзінокі Буда – / стары валун"; "Згаслыя зьнічкі... / Зьбіраюць вяскоўцы / бульбу ў разорах"; "У цэбрык з вадою / кроплямі падаюць / зоры. Тут іх прытулак?" Ідэалам становіцца хараство бяз зьзяньня, якое асьляпляе вочы, эстэтыка простага, звычайнага, паэт адмаўляецца ад складаных прыёмаў і вобразаў, ад адцягненых разважаньняў, аддае належнае непасрэднасьці, імгненьню, імпрэсіі. Навідавоку працэс выпрацоўкі новай эстэтыкі, паэтыкі, філязофіі, якой захопленыя прадстаўнікі новай літаратурнай генэрацыі.
А эстэтыка – гэта этыка будучыні, То, што сёньня было словам, заўтра стане справай. А.Арашонак у гэтым пэвен. Вось яшчэ адна яго зацемка:
"Маленства. Зношу з бабуляй Ульлянай камяні з поля. Стаміўся, падыходжу да крушні і кажу: "Навошта табе столькі?" "Так трэба", – сьцішана адказвае бабуля. Праз год з гэтага каменьня дзед Сашка зладзіў падмурак пад новую хату. Сёньня часта ў мяне пытаюцца: "Навошта табе беларускае слова?" "Так трэба", – сьцішана адказваю я".
Вось ён, беларускі варыянт сызыфавай працы, вобраз нашага беларуса-Сызыфа, які жыве зь верай у простую ісьціну: "Так трэба".