Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Беларусі зьявіліся яшчэ тры палітзьняволеныя"


Старшыня аргкамітэту для стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец і лідэр стваранага руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч перадалі сёньня ў Брусэлі старшыню Эўрапейскага парлямэнту Гансу-Герту Пётэрынгу 50 тысяч подпісаў у абарону свабоды сумленьня ў Беларусі.


Падчас сустрэчы з эўрадэпутатамі абмяркоўвалася больш шырокая беларуская праблематыка. Павал Севярынец сказаў, што ў Эўрапарлямэнце сочаць са апошнімі судовымі працэсамі ў Беларусі. Адносна сёньняшніх прысудаў у “справе 14” Севярынец сказаў:

“У Беларусі зьявіліся яшчэ тры палітзьняволеныя. Гэтая так званая хатняя хімія – гэта ні ў якім разе ня лёгкае пакараньне. Гэта чалавек стаіць перад страшнай пагрозай адпраўкі ў калёнію за два ці тры прыдуманыя парушэньні. Таму трэба біць у званы. Безумоўна, гэта чарговы этап рэпрэсіяў”.

Нагадаем, што подпісы, якія сёньня перадалі Севярынец і Мілінкевіч, былі сабраныя за адмену дзейнага ў Беларусі закону “Аб свабодзе сумленьня”. Яны былі перададзеныя ў беларускія ўладныя структуры – ва ўрад, Палату прадстаўнікоў, Канстытуцыйны суд. Аднак там гэтыя подпісы праігнаравалі. Сёньня пэтыцыя і 50 тысяч подпісаў беларускіх грамадзянаў перададзеныя ў Эўрапарлямэнт. Павал Севярынец сказаў:

“Сустрэча з Пётэрынгам праходзіла ў прысутнасьці юрыстаў, якія займаліся падачай пэтыцыі, у прысутнасьці кіраўніка камітэту па пэтыцыях Эўрапарлямэнту, некалькіх эўрадэпутатаў. І размаўлялі ў першую чаргу аб свабодзе веравызнаньня ў Беларусі. Спадар Пётэрынг прыняў 50 тысяч подпісаў, мы расьпісаліся ў ягонай гасьцявой кнізе, абмяняліся думкамі, што беларускае пытаньне абавязкова трэба вырашаць, бо Беларусь – гэта частка Эўропы. І Пётэрынг паабяцаў, што ён зробіць усё належнае: Беларусі дапамагаць будуць. На ўзроўні кіраўніцтва Эўрапарлямэнту адчуваецца, што ўвага да Беларусі расьце з кожным месяцам”.

Гэта фактычна прарыў беларускіх хрысьціянаў у міжнародную палітыку
Павал Севярынец сказаў, што ён чакае разгляду пэтыцыі ў Эўрапарлямэнце, слуханьняў па беларускай праблематыцы і хвалі салідарнасьці ў эўрапейскіх краінах за свабоду веравызнаньня ў Беларусі:

“Гэта фактычна прарыў беларускіх хрысьціянаў у міжнародную палітыку. Беларускія хрысьціянскія цэрквы робяцца палітычнай сілай. І на самым высокім узроўні ў Эўропе гэта праблема ўжо заўважаецца”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG