Ён быў сябрам камісіі Вярхоўнага Савету па правах ахвяраў палітычных рэпрэсій на пачатку 1990-х гадоў. Фільм “Дарога на Курапаты”, аўтарам сцэнару якога ён быў, атрымаў Дзяржаўную прэмію. Ён аўтар кніг пра гісторыю рэпрэсій “За кіпучай чэкісцкай работай”, “Зьдзек”. Адзін з заснавальнікаў “Мартыралёгу Беларусі” пры канцы 1980-х і сайту “Мартыралёг” ў 2005 годзе.
Соўсь: Аляксандар Міхайлавіч, памятаеце, калі першы раз былі ў Курапатах? І калі – апошні?
Лукашук: Першы раз гэта было ў чэрвені 1988 году, адразу пасьля публікацыі ў “ЛіМе” – чэрвень, зялёная трава, ціха толькі грузавікі езьдзілі па той тады яшчэ вузкай акружной дарозе...
Калі ён даведаўся, што мы з Радыё Свабода, і што я дырэктар беларускай службы, ён сказаў: “Дазвольце дакласьці, вядзецца кругласутачнае патруляваньне, шукаем зламысьнікаў"
Візуальная памяць пра Курапаты ў нас прысутнічае амаль штодня, асабліва цяпер, калі ідзе фотаконкурс...
Соўсь: Давайце вернемся на 20 гадоў таму. За некалькі тыдняў да 3 чэрвеня 1988 году, калі ў “ЛіМе” быў надрукаваны знакаміты артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці”, у газэце “Звязда”, дзе Вы тады працавалі, выйшаў Ваш артыкул пра рэпрэсіі, і праўдападобна, што менавіта дзякуючы гэтаму Анатоль Вярцінскі прыняў тады рашэньне друкаваць публікацыю Пазьняка і Шмыгалёва. Скажыце, ці лёгка было надрукаваць той артыкул у “Звяздзе”?
Лукашук: Мне сапраўды спадар Вярцінскі нядаўна расказваў, што адным з фактараў, які дазволіў яму прыняць такое рашэньне, што зараз можна публікаваць, была тая мая публікацыя ў “Звяздзе”.
Тады ў некалькіх нумарах газэты з працягам друкавалася маё дасьледаваньне трох месяцаў жыцьця Беларусі ў 1937 годзе. Я зрабіў гэтую працу на падставе архіўных дакумэнтаў, старых газэтных публікацый матэрыялаў працэсу з “трацкісцка-бухарынскай групай”, якія былі апублікаваныя асобнай кнігай у Маскве, і перад тым як публікаваць газэта мусіла даслаць гэты матэрыял у ЦК КПБ па дазвол. Прайшоў тыдзень, другі... Матэрыял прайшоў аддзел аргпартработы, намесьніка першага сакратара, аддзел культуры...
Так ідзе месяц, другі... Матэрыял не вяртаюць – яго паслалі некуды на рэцэнзію ў Інстытут гісторыі партыі, там напісалі, што ўсё ў ім дакладна, і пазьней яго вярнулі ў ідэалягічны аддзел, якім тады камандаваў добра вядомы тады супрацоўнікам друку Савелі Паўлаў. У яго была страшная рэпутацыя – пра ягоны нораў, пра ягоны жорсткі спосаб размовы зь людзьмі хадзілі проста легенды...
Мяне выклікалі да яго на 9-ю раніцы. Я прыйшоў недзе безь пятнаццаці, безь пяці дзевяць, чакаю. Яго не было, ён сыйшоў да першага сакратара ці да сакратара па ідэялёгіі, і сакратарка кажа: “Вазьміце пакуль газэты пачытайце”. І дае мне “Правду”. А ў “Правде” быў вялікі артыкул, адказ на ранейшую публікацыю хіміка зь Ленінграда Ніны Андрэевай “Не магу паступіцца прынцыпамі” – Н.Андрэева адстойвала сталінскую лінію. І вось “Правда” на чале з Аляксандрам Якаўлевым дала адказ на тую кансэрватыўную атаку. Я пачаў чытаць той артыкул, і ня мог паверыць сваім вачам, што там напісана. Я ажно пачаў падскокваць у тым крэсьле...
І тут вяртаецца Паўлаў – увесь нейкі змрочны, без усякага настрою. Заходзіць у свой кабінэт, выклікае мяне – у яго на стале ляжыць мой артыкул – пакрэсьлены, пакрэмзаны, ніводнага жывога месца няма – але таксама побач ляжыць гэты артыкул з “Правды” таксама з падкрэсьліваньнямі... І ўвесь ягоны запал выйшаў, ён пачаў нешта мямліць, маўляў, так вось нельга, я толькі пасьмяяўся... Артыкул пачалі друкаваць у “Звяздзе” – нічога ня выразалі. Я памятаю, лісты чытачоў завалілі тады проста ўвесь мой рэдакцыйны стол. Калі б гэта было на дзень раней, гэтага магло і ня быць...
Соўсь: Напачатку 1990-х гадоў Вы працавалі ў архівах КДБ, адным з вынікаў гэтага стала кніга “За кіпучай чэкісцкай работай”, дзе названыя імёны 188 карнікаў НКВД. І завяршаючы кнігу(гэта было больш за 10 гадоў таму) Вы напісалі “Працяг будзе”. Што дадалося ў гэтай тэме за гэтыя 10 гадоў?
Але калі я пераварочваў старонку, на другім баку я мог пазнаць літары, і такім чынам мне ўдалося аднавіць тыя 188 імёнаў, як я іх называю, “курапатчыкаў”, супрацоўнікаў НКВД і інфарматараў, даносчыкаў
У той час кароткай адлігі, які мы мелі напрыканцы 1991 – напачатку 1992 году, гэтыя архівы вельмі хутка раскрыліся. Я мог там пабываць толькі таму, што я быў сябрам камісіі Вярхоўнага савету. Стаўленьне да мяне было больш лагоднае пару месяцаў, пакуль яны баяліся – тое, што я прасіў, яны давалі. Я гартаў машынапісныя старонкі спраў, але папера была ня вельмі якасная – рыхлая, і друкарская машынка, на якой друкавалі, яе прабівала. Імёны даносчыкаў, НКВДыстаў былі часта замазаныя чорнай фарбай. Замазвалі іх, верагодна, ужо ў 1950-я гг., калі пачалася першая хрушчоўская адліга. Але калі я пераварочваў старонку, на другім баку я мог пазнаць літары, і такім чынам мне ўдалося аднавіць тыя 188 імёнаў, як я іх называю, “курапатчыкаў”, супрацоўнікаў НКВД і інфарматараў, даносчыкаў. Але такога эфэкту, на які грамадзтва магло б разьлічваць з поўным адкрыцьцём архіваў – такога не адбылося.
Соўсь: Нехта з Вашай сям’і быў рэпрэсаваны?
Лукашук: Не, са сваёй сям’і я нікога ў архівах ня бачыў. Справа ў тым, што я з Заходняй Беларусі, і нашу сям’ю мусілі вывезьці ў Сібір – ужо быў загад грузіцца і зьяжджаць на зборны пункт, але якраз пачалася вайна, і НКВД ўцякала першым да самай Масквы – такім чынам, сям’я не была вывезеная.
Але ўсе дваццаць гадоў, што я займаюся гэтай тэмай, мне задавалі пытаньне: “Чаго Вы гэтым займаецеся? У Вас хто-небудзь пацярпеў?” Я заўсёды кажу: так, я сам пацярпеў. Жыць у такой краіне, вучыцца ў школе, быць дурнем палову сьвядомага жыцьця – так задурылі галаву гэтай ідэалёгіяй, што гэта проста страчаны час...
А калі казаць пра людзей, якіх няма... Я думаю, што вельмі важная рэч, калі мы глядзім на гісторыю – гэта зразумець, што рэчы, якія не адбыліся і маглі адбыцца, ня менш важныя за рэчы, якія адбыліся... Калі паглядзець на людзей, якіх зьнішчылі: якіх кніг яны НЕ напісалі, якіх падручнікаў НЕ стварылі, якія карціны НЕ намалявалі, якую музыку НЕ сыгралі... Мы былі пазбаўленыя цэлага сусьвету. І паколькі гэтыя рэчы не былі створаныя гэтымі людзьмі, яны былі створаныя іншымі. Ведаць пра гэтую непапраўную страту – гэта таксама рахунак, які трэба прад’яўляць карнай сыстэме.
Соўсь: Скажыце, які лёс фільма “Дарога на Курапаты”, які Вы зрабілі разам з рэжысэрам Міхаілам Жданоўскім і апэратарам Сяргеем Пятроўскім, якога ўжо няма ў жывых? Я ведаю, што год-паўтара таму казалі пра тое, што гэты фільм змыюць са стужкі... Ён дэманструецца, дзе ёсьць ягоныя копіі – у Беларусі ці, можа, у іншай краіне?
Лукашук: “Дарогу на Курапаты” паказвалі некалькі разоў па Беларускім тэлебачаньні, на розных фэстывалях, конкурсах, і фрагмэнты зь яго даволі часта выкарыстоўваюцца і заходнім кінэматографе... Я ня думаю, што яго змыюць. Пасьля таго, як зьявіліся відэакасэты, фільм быў шмат разоў перапісаны. Ня ведаю, ці ён ёсьць у дыгітальным фармаце – трэба зрабіць, бо ўсё, што зьнята ў дыгітальным стагодзьдзі, застаецца.
Соўсь: 2001-2002 гадах Вы як дырэктар беларускай “Свабоды” былі ініцыятарам штодзённага ўсебаковага асьвятленьня 8-месячай вахты памяці ў Курапатах, у выніку зьявілася кніга з сэрыі бібліятэкі “Свабоды” “Дарога праз Курапаты”. Дарэчы, вахта памяці скончылася 3 чэрвеня 2002 году, у гадавіну выхаду знакамітага артыкула ў ЛіМе”. Як Вы лічыце, каб не штодзённая ўвага Радыё Свабода да гэтай тэмы, ці працягвалася б вахта памяці больш за 8 месяцаў?
Лукашук: Гэтае пытаньне я мог бы хіба што задаць Вам, таму што менавіта Вы атрымалі ўзнагароду беларускага ПЭН-цэнтру, прэмію імя А.Адамовіча, за кнігу “Дарога праз Курапаты”, і прычына тая, што Вы там былі больш за 200 разоў, вялі адтуль рэпартаж... Дык як Вы думаеце?
Я думаю, што пэўную ролю ўсё ж такі адыграла тое, што мы асьвятлялі гэтую тэму
Лукашук: Вы кажаце, што я быў ініцыятарам асьвятленьня 8-месячнай вахты... Я быў ініцыятарам у тым сэнсе, што калі мы пачулі навіну, што пачынаюць будаваць дарогу, адразу папрасіў паслаць туды карэспандэнта. Але ясна, што я ня ведаў, што гэта будзе восем месяцаў, ніхто ня ведаў.
У гісторыі журналістыкі я ня ведаю іншага прыклада, калі б на працягу такога пэрыядлу часу з аднаго месца штодня выходзіў у эфір рэпартаж, і кожны раз гэта было штосьці новае: людзі, якія прыходзілі ў Курапаты, самі ўдзельнікі абароны, сваякі ахвяраў, міліцыянты, будаўнікі...
Соўсь: ...дзеячы культуры, дыпляматы... Якія далейшыя пляны ў беларускай службы ў раскрыцьці тэмы палітычных рэпрэсій?
Лукашук: Мы будзем працягваць. Мы ня спынімся.