Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Пазьняк і В.Буйвал пра 20 гадоў праўды аб Курапатах


Курапаты, шэсьце, 1988
Курапаты, шэсьце, 1988

Госьць “Начной Свабоды” – мастацтвазнаўца, перакладчык, сакратар управы Кансэрватыўна- Хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал.

Сёлета 20 гадоў адкрыцьцю Курапатаў, 3 чэрвеня 1988 году ў газэце “Літаратура і Мастацтва!” быў надрукавана артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты. Дарога сьмерці”. Скажыце, калі ласка Вы памятаеце сваё ўражаньне ад гэтага артыкулу, калі стала вядомая праўда пра расстрэлы тысячаў бязьвінных людзей пад Менскам.

Дзяды-2000. Першы зьлева Валер Буйвал
Буйвал
: Уражаньні былі пра тое, што раскрылася поўная праўда пра крыжовы шлях нашага народу і пра трагедыю пра расейскай акупацыяй. Перажываў тады гэта я, перажывалі мае калегі ў Нацыянальным мастацкім музэі, дзе я тады працаваў. Большасьць з нас былі сьведкамі той паўпраўды, частковай праўды, хрушчоўскай адлігі, і зразумелі адразу, што тады, у 1988-м Зянонам Пазьняком была сказаная поўная абсалютная праўда.

Соўсь: Памятаеце першае наведваньне Курапатаў?

Буйвал: Гэта было тады ж, улетку 1988 году. Я пайшоў туды, адчувалася сумная энэргія гэтага месца, я ўспамінаў ахвяры маёй сям'i – у часы сталіншчыны, расейскай акупацыі 12 асобаў з маёй сям'і загінулі ад рук акупантаў. Я тады ўспрымаў трагедыю маёй сям'і як частку трагедыі ўсяго нашага народу.

Соўсь: А вы можаце сказаць: “Мае Курапаты”?

Буйвал: Так, магу. Так можа сказаць і павінен сказаць кожны беларус, кожны сумленны чалавек, у сэрцы якога Хрыстос.

Соўсь: Некалькі гадзінаў таму я зьвязалася з адкрывальнікам Курапатаў Зянонам Пазьняком, і вось якая ў нас атрымалася размова:

***

Соўсь: Ужо амаль тры тыдні працягваецца фатаконкурс “Свабоды” “Мае фота – мае Курапаты”, на яго дасланы ўжо каля сотні здымкаў Курапатаў розных гадоў. Як бы Вы як грамадзкі рэдактар гэтага конкурсу падсумавалі прамежкавыя вынікі конкурсу?

Пазьняк
: Яшчэ рана падсумоўваць усё, але пэўныя думкі ўжо можна выказаць. Мяне радуе тое, што людзі правільна зразумелі задачы і прысылаюць шмат здымкаў архіўнага кшталту. Акрамя таго прысылаюць творчыя працы, што таксама прадугледжана – у нас ёсьць такая рубрыка – “Спэцыяльная здымка”.

Для мяне вельмі важна, што прыслана шмат здымкаў, якія я бачу ўпершыню – гэта вельмі істотна. Гэта пэўны ўклад у нашую культуру – яны не прапалі недзе па ўласных альбомах, архівах, а сталі вядомыя праз публікацыю на сайце “Радыё Свабода” для бальшыні людзей. Спадзяюся, што так і застануцца. Вельмі важна, што мы пашыраем інфармацыйную базу нашай культуры пра наш мэморыюм, пра нашую гісторыю. Гэта вельмі прыемна і хацелася б, каб гэта прадаўжалася, каб людзі прысылалі болей такіх здымкаў, якія з аднаго боку давалі б і ім прыемнасьць – таму што пра іх гаворыцца, апісваецца, кожнаму чалавеку прыемна адчуваць сябе ўдзельнікам нейкай добрай справы, а з другога боку – гэта застанецца ў аналах нашай культуры. Мы ўсе, і ўдзельнікі гэтага конкурсу, павінны разумець, што мы робім агульную добрую справу для Беларусі.

Соўсь: Якія фота Вас асабіста найбольш кранулі?

Пазьняк: Мяне вельмі зьдзівіла фота, якога я ніколі ня бачыў – фота Юрыя Беленькага, які зьняў арышт Уладзімера Юхо, калі яго з крыжам вядуць на суд. Гэта такі абсурд, што калі расказваеш гэта словамі, то людзі ня надта вераць. А тут фатаграфія паказвае – чалавек з акрываўленай рукой, трымаючы крыж у акружэньні міліцыянтаў. Прычым міліцыянты – іх вобразы гавораць самі за сябе. І вось ён з крыжом ідзе на суд. Гэта вельмі цікавы здымак, які характарызуе абсурднасьць гэтага рэжыму. Гэты рэжым наагул характарызуецца абсурднымі зьявамі, напрыклад, пабудова ці імкненьне пабудаваць perpetuum mobile – у 90-х гадах Ціцянкоў, Лукашэнка знайшлі нейкага шызэфрэніка, якіх поўна ва ўсім сьвеце, і вырашылі пабудаваць perpetuum mobile – машыну, якую ў прынцыпе немагчыма пабудаваць. Хіба гэта не абсурд? На што здольны гэты рэжым? Далей: Скарына ў Пецярбургу, Леў Сапега, вершы Быкава. І цяпер – чалавека з крыжам вядуць у суд... Гэта такая зьява, якая характарызуе абсурднасьць, спэцыфічнасьць цемры гэтага рэжыму, спэцыфічнасьць непавагі да чалавека, характэрнасьць яго дурноты.

Соўсь
: На адным з дасланых здымкаў – пашкоджаны абраз маці Божай Курапацкай Аляксея Марачкіна. Учора ў Курапатах мастак аднавіў абраз і мы маем магчымасьць бліжэйшымі днямі атрымаць на конкурс фота абноўленага абраза – у конкурсе ўзьнікае свая дынаміка, разьвіцьцё падзеяў. Сярод фатаздымкаў, што ўжо прыйшлі – шмат таго, чаго ўжо няма, напрыклад, самаробных крыжоў, якія ставілі, каб не будавалі кальцавую дарогу. Якое ўражаньне зрабілі на Вас самыя старыя здымкі?

Пазьняк: Тут неадрыўнае суб'ектыўнае ўражаньне, бо я ўдзельнічаў у гэтых падзеях, усё гэта мне добра вядома, і калі бачыш гэтыя здымкі, то яны адраджаюць мэлёдыю мінулага ў душы. Такіх здымкаў няшмат, але яны ёсьць, і ўражаньне яны пакідаюць ня толькі таму, што я ведаю гэты час, гэтых людзей, а ў гэтым ёсьць характэрнасьць фатаграфіі – чым далей адыходзіць час, тым больш фатаграфія раскрывае сваю ўнутраную сутнасьць. Я некалі напісаў верш у адзін радок, які мне самому падабаецца: “Мінае час, і фатаграфія шчыміць...”

Я некалі напісаў верш у адзін радок, які мне самому падабаецца: “Мінае час, і фатаграфія шчыміць...”
Дык вось, гэты час, які ўжо мінуў і які ніяк ня вернеш – ён у фатаграфіі, калі мы глядзім на тыя падзеі, сапраўды шчыміць. Ён раскрывае тое, што, можа быць, тады, 20 гадоў назад, мы ня бачылі. І гэтыя фатаграфіі раптам нагадваюць тое, што было толькі ў падсьведамасьці. Паўтараю: у гэтым спэцыфіка фатаграфіі. Любая фатаграфія, якая адлюстроўвае сьвет, яна адлюстроўвае спыненае імгненьне. Ніякае іншае мастацтва, напрыклад кіно, гэтага не адлюстроўвае. Кіно аднаўляе плынь часу. Дык вось, я б гэтым зноў бы хацеў заахвоціць нашых сяброў – беларусаў, моладзь, старэйшых людзей, каб яны такія фатаграфіі прысылалі. Чым фатаграфія старэйшая, тым больш яна мае значэньня як адкрыцьцё таго, чаго ня бачылі сучасьнікі. Гэта вельмі істотна. Вось такое ўражаньне ў мяне ўвогуле ад старых фатаграфіяў – павінен сказаць, я вельмі люблю пераглядаць старыя фатаграфіі, яны шмат у чым адкрываюць сьвет, які мы пражылі і які мы тады не заўважалі.

*****

Соўсь: Вяртаемся да гутаркі з Валерам Буйвалам. Тры яго здымкі – як летась аднаўлялі Крыж Пакуты, былі таксама дасланыя на фотаконкурс. Спадар Валер, якое ўражаньне на Вас зрабілі фотаздымкі, дасланыя на конкурс? Як Вы ацэньваеце іх як мастацтвазнаўца?

Буйвал: Ёсьць шэраг вельмі яркіх працаў – фотакарцін, фотапартрэтаў, фотакраявідаў. Гэтыя творы сьведчаць пра тое, што людзей хвалюе гэтая тэма, яна ўжо жыве ў нашым грамадзтве, у душах людзей. Ёсьць зафіксаваньне момантаў, ёсьць разважаньне пра вечнае – ёсьць усё тое, што павінна быць у сапраўдным мастацтве.

Соўсь: Спадар Валер, Вы, як і многія сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ шмат гадоў бераце ўдзел у талоках у Курапатах. Скажыце, калі ласка, а колькі крыжоў было ўсталявана сябрамі партыі за гэтыя 20 гадоў?

Буйвал: Гэтага ніхто ня ведае, бо крыжы ўсталёўвалі людзі – нашы партыйцы і людзі якія прыходзілі ў Курапаты. Але ж крыжы таксама зьнішчаліся вандаламі. Дакладную колькасьць ведае толькі Бог. У прынцыпе гэта няважна. Мы ведаем, што было ўсталявана сотні крыжоў, і гэтае крыжаўзьдзьвіжаньне будзе працягвацца вечна на сьвятым месцы ў Курапатах.

Госьць Начной Свабоды мастацтвазнаўца, перакладчык, сакратар управы КХП-БНФ Валер Буйвал. У 1977 годзе ён скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу (факультэт тэорыі і гісторыі мастацтва). 10 гадоў працаваў у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам аддзелу. Дасьледуе беларускае і заходнеэўрапейскае мастацтва.

З 1989 года – на творчай працы. Сябра Беларускага Саюзу мастакоў.

Паліглёт, самастойна вывучыў шмат замежных моваў – скандынаўскія, галяндзкую, партугальскую, чэскую літоўскую, латыскую. Займаецца літаратурнымі перакладамі на беларускую мову.

У 1991 годзе быў на аўдыенцыі ў Ватыкане ў Папы Яна Паўла II. Жанаты, сёлета ў студзені ў яго нарадзілася дачушка Стэфанія.


Соўсь: Спадар Валер, Вы, напэўна прыведзяце сваю дачку ў Курапаты. Што Вы ёй раскажаце пра гэтае месца?

Буйвал: А мы са Стэфаніяй ужо былі ў Курапатах – я недалёка тамака жыву, і мы рэгулярна бываем, у калясачцы прывожу дзіця. Гэта ня проста шпацыр, мы аглядаем таксама тэрыторыю Народнага Мэмарыялу, каб своечасова даведацца пра магчымыя выпадкі вандалізму. Там можна сустрэць людзей, якія туды прыйшлі, і мы сустракаем, і я расказваю ім праўду пра Курапаты. Бо шмат людзей прыходзіць з розных краінаў – зь Фінляндыі, Італіі, Нямеччыны, Польшчы.

Соўсь: А які этап за гэтыя дваццаць гадоў быў найбольш драматычны для Курапатаў?

Буйвал: Драма пэрманэнтная, таму што цёмныя сілы, на жаль, існуюць у нашай краіне, у нашым грамадзтве, якія ненавідзяць Курапаты і хацелі б іх зьнішчыць. Існуе таксама рэжым, вандальскі па сутнасьці, які ў 2001 годзе – гэта самы драматычны момант – учыніў сур'ёзную, грунтоўную спробу цалкавітага зьнішчэньня нашай Кукрапацкай сьвятыні. І вось тады на працягу некалькіх месяцаў беларускія патрыёты абаранялі Курапаты ад зьнішчэньня – уставалі перад бульдозэрамі, засланялі сабой курапацкія магілы. Тады, як вядома, шмат людзей было і паранена, і арыштавана, несправядліва засуджана...

Соўсь: Колькасьць выпадкаў вандалізму было так шмат, што іх складана і палічыць, аднак вандалы ніколі не былі знойдзеныя. Сябры Вашай партыі заўсёды прыходзілі і аднаўлялі крыжы, прыбіралі свастыку з памятных курапацкіх знакаў... Як можна спыніць ванадалізм у Курапатах?

3 чэрвеня прыйдзе шмат людзей, каб прыгадаць адкрыцьцё праўды пра Курапаты 20 гадоў таму
Буйвал
: На жаль, вандалізм існуе ва ўсіх грамадзтвах, нават самых цывілізаваных. Толькі ў тых грамадзтвах улады прадпрымаюць пэўныя захады, каб гэта спыніць. А мы ўжо на ўласным шматгадовым досьведзе разумеем, што пры гэтым рэжыме гэтую ганебную практыку спыніць ня ўдасца – заўсёды знойдуцца сынкі расейскіх гэбэшнікаў і падобная публіка, якія будуць нішчыць нашу сьвятыню. Толькі пасьля таго, як з нашай зямлі зьнікне антыбеларускі рэжым, будзе арганізаваная і адэкватная ахова Курапацкай сьвятыні, і грамадзтва даведаецца пра тое значэньне, якое яна мае ў нашым нацыянальным духоўным жыцьці.

Соўсь: Калі наступная талака ў Курапатах? Калі наступнае ўсталяваньне крыжоў?

Буйвал: Штосуботу мы зьбіраемся і запрашаем людзей на нашыя талокі ў Курапатах, звычайна яны пачынаюцца ў 11 гадзін раніцы – мы парадкуем тэрыторыю, калі трэба – наводзім парадак з крыжамі. Вядома, 3 чэрвеня прыйдзе шмат людзей, каб прыгадаць адкрыцьцё праўды пра Курапаты 20 гадоў таму.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG