Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ: Іран можа хутка аднавіць узбагачэньне ўрану


Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі, архіўнае фота
Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі, архіўнае фота

Кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі Рафаэль Гросі заявіў на CBS, што Іран захаваў тэхнічныя магчымасьці аднавіць вытворчасьць узбагачанага ўрану.

Паводле яго, Іран можа аднавіць працу цэнтрыфугаў і пачаць узбагачэньне ўрану цягам некалькіх месяцаў або нават раней.

Гросі адзначыў, што ўдары Ізраілю і ЗША нанесьлі іранскім ядзерным абʼектам сурʼёзную, але не фатальную шкоду.

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што іранскія абʼекты былі цалкам зьнішчаныя. Перад гэтым CNN і The New York Times паведамілі з спасылкай на свае крыніцы, што атакі толькі часова прыпынілі праграму. Паводле Financial Times, значная частка запасаў высокаўзбагачанага ўрану засталася некранутай.

Адно з галоўных пытанняў — што сталася з іранскім запасам урану, узбагачанага да 60 працэнтаў. Гэта вышэй, чым трэба для АЭС, але ўсё яшчэ недастаткова для стварэньня ядзернай бомбы. Паводле ацэнак МАГАТЭ, Іран меў каля 400 кілаграмаў такога ўрану.

«Мы ня ведаем, дзе можа знаходзіцца гэты матэрыял, — сказаў Гросі. — Частка магла быць знішчана ў выніку атакі, але частка магла быць перамешчана».

Дональд Трамп лічыць, што Іран ня мог вывезьці гэты ўран з-пад абстрэлаў.

«Гэта вельмі цяжка зрабіць, плюс мы не далі шмат часу. Яны нічога не перамясьцілі», — сказаў ён у інтэрвію Fox News.

МАГАТЭ заклікала іранскія ўлады дапусьціць іхную інспэкцыю на ядзерныя аб’екты. Але Іран адмовіў і заявіў пра спыненьне супрацы з агенцтвам.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG