У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі аб істотным росьце пасьля выходных чаргі легкавых і грузавых аўтамабіляў на ўезд у краіны Эўразьвязу.
Як вынікае з афіцыйнага сайту ведамства, 30 чэрвеня а 10.00 уезду ў польскі пункт пропуску Тарэспаль зь Берасьця чакалі 2300 легкавых аўтамабіляў і 55 аўтобусаў.
На мяжы перад літоўскімі памежнымі пераходамі Меднікі (Каменны Лог зь беларускага боку) 600 грузавікоў і 20 легкавых аўтамабіляў, у Салечніках (Беняконі зь беларускага боку) — 450 грузавых і 30 легкавых аўтамабіляў.
Выезду ў Латвію праз пункт пропуску Патэрніекі (Грыгораўшчына зь беларускага боку) чакаюць 570 грузавікоў.
Беларускія памежнікі сьцьвярджаюць, што памежныя пункты Польшчы, Літвы і Латвіі не выконваюць дзённых нормаў афармленьня аўтамабіляў.
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два літоўскія памежныя пераходы — у Медніках і Салечніках.
- Пасьля палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
- На гэты момант на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін пераход для грузавых аўтамабіляў: Казловічы — Кукурыкі, а таксама адзін для легкавога транспарту і аўтобусаў: Берасьце — Тарэспаль. Так, на зімовыя сьвяты чэргі на выезд зь Беларусі праз гэты пункт перавышалі 2500 легкавых аўтамабіляў і 100 аўтобусаў. Польшча цяпер не разглядае адкрыцьця пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю з прычыны браку крокаў насустрач у вострых пытаньнях з боку Менску, заявіў у студзені кіраўнік МУС Польшчы Томаш Семоняк.
- 19 верасьня 2023 году з прычыны наплыву нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).
Форум