“Беларускі шлях” на гэтым тыдні 1918 году паведамляе з пасяджэньня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі 24 сакавіка: “Нарада над гэтым пытанням цягнулася 10 гадзін. З абоіх бакоў выступіла 26 прамоўцаў. Пры наэлектрызаваным паветры была прынята пераважнай большасцю галасоў пастанова пададзеная “нізалежнікамі”: “Рада Беларускай Народнай Рэспублікі аб’яўляе Рэспубліку нізалежнаю і аб гэтым выдае стасоўную Устаўную грамату”.
Пад загалоўкам “Кулак разгуляўся” “Беларуская вёска” ў 1928 годзе піша: “На сходзе частка сялян — беднякі хацелі правесьці самаабкладаньне на пабудову школы. Але як толькі было пастаўлена на галасаваньне, дык Белько з сваімі прыхвасьнямі заявілі, што хто будзе за самаабкладаньне, той будзе каяцца... Асабліва Белько быў супроць школы на беларускай мове. Ён казаў, што калі мы пачнем вывучаць беларускую мову, дык ня толькі нічому не навучымся, а і лапці пагубляем”.
“Славаччына наагул шмат у чым вельмі павучальны нам прыклад, — сьцьвярджае ў 1948 годзе “Бацькаўшчына”. — І асабліва можа таму, што апошнім часам пачынаюць сям-там курсаваць праекты стварэньня ў будучыні нечага a-la Чэхаславаччыны на славянскім усходзе — з нас і адных нашых суседзяў, пры якіх, бясспрэчна, нашае палажэньне было б зусім аналёгічным да палажэньня славакаў пры чэхах. Трэба таму й сяньня быць асьцярожнымі ўсюды там, дзе пахне прыказкай “цаца, цаца — ды ў кішэню...”