Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“І тут бальшавікі пазналі сябе”


Пра што пісалі беларускія газэты 14 сакавіка ў розныя гады мінулага.


“Наша Ніва” ў 1908 годзе паведамляе: “Ў в. Вялікіе Конюшаны Ганчарск. в. Лідзк. пав. Віл. г. вельмі хварэюць і уміраюць дзеці з оспы і шкарлятыны. Ад 1-го студня да 12 лютаго памерла 11 дзяцей, трое старых; пяцёра ляжыць хворых. Мужыкі, хаваючы нябошчыкаў, прапіваюць многа грошэй, як на вясельлі; але падумаць аб доктара, каб ён лечыў хворых, ніхто ня хочэ: кажуць, дорага будзе каштаваць. Цёмные людзі, ці ня болей вы прапіваеце, як той доктар каштуе?”

“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1958 году цытуе ўласнаручны жыцьцяпіс кампазытара Міколы Равенскага: “У 1928 годзе пішу беларускую опэру “Браніслава” на лібрэта Ул.Дубоўкі”. Далей газэта камэнтуе: “У васобе Браніславы, што за зьнявагу над ёю панам, кідае ягонае дзіцё ў прадоньне, ды якую за гэта пан замуроўвае ў каменны слуп — як Дубоўка, так і Равенскі паказалі Беларусь, а ў васобе пана — бальшавікоў. І тут бальшавікі пазналі сябе. Дубоўка быў хутка арыштаваны, а Равенскаму толькі цудам удалося пазьбегнуць высылкі. А плады даўгое працы апынуліся недзе ў архівах НКВД...”

* “У красавіку ў сталіцы Анголы будуць праводзіцца дні СССР, — паведамляе ў 1978 годзе “Вечерний Минск”. — У многіх школах нашага гораду прайшлі ўдарныя працоўныя тыдні па збіраньні макулатуры. На выручаныя грошы былі закуплены ранцы, фотаапараты, пласьцінкі. З падарункамі менскія піянэры паслалі ліст ангольскім школьнікам з пажаданьнямі мацаваць сяброўства, міжнародную салідарнасьць дзеля міру, свабоды, шчасьця на ўсёй зямлі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG