Сёньня раніцай на сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі Карэн Ст’юарт праінфармавала, што гэта кароткатэрміновы ад’езд і ён не мяняе яе статусу амбасадара ЗША. Цягам некалькіх тыдняў амбасадарка плянуе папрацаваць у Вашынгтоне.
Удзельніца сустрэчы, сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган перадае словы кіраўніцы дыпмісіі ЗША ў Беларусі:
“Зь яе ад'ездам нічога ў палітыцы ЗША адносна Беларусі не мяняецца. Па-ранейшаму галоўнай праблемай, якую ставяць Злучаныя Штаты, застаецца праблема палітвязьняў. А потым можа паўстаць пытаньне дыялёгу, калі зь беларускага боку будуць зробленыя крокі ў справе аднаўленьня правоў чалавека”.
Словы Алены Скрыган знаходзяць пацьверджаньне і ў заяве для мэдыяў, якую зрабіла амбасада ЗША датычна ад'езду спадарыні Ст'юарт. Там, у прыватнасьці, адзначаецца: “Амбасада ЗША падтрымлівае дэмакратычныя памкненьні беларускага народу. Толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных без папярэдніх умоваў Злучаныя Штаты будуць гатовыя разглядаць наступныя крокі па паляпшэньні двухбаковых дачыненьняў”.
Палітоляг Ігар Лялькоў цьвердзіць: кароткачасовая адсутнасьць амбасадаркі ЗША не азначае саступак патрабаваньням беларускіх уладаў, гэта — унутранае рашэньне кіраўніцтва Злучаных Штатаў:
“На дыпляматычнай мове гэта выглядае адназначна — калі амбасадар адклікаецца для кансультацыяў зь нейкай краіны, гэта дэманструе, што краіна, якую прадстаўляе амбасадар, незадаволеная дзеяньнямі той краіны, дзе ён знаходзіцца. Так што гэта дэманстрацыя незадавальненьня. Злучаныя Штаты вырашылі ўсё ж не адыходзіць ад агульнапрынятай практыкі і выкарыстаць гэтую магчымасьць”.
Анатоль Красуцкі, намесьнік старшыні міжнароднай камісіі ў Палаце прадстаўнікоў, лічыць, што ад'езд спадарыні Ст'юарт — своеасаблівы сыгнал з Вашынгтона для Менску:
“Гэта сьведчаньне таго, што кіраўніцтва ЗША разумее — нельга даводзіць сытуацыю да крайнасьці. Тым самым як бы захоўваецца статус-кво на роўні амбасадаў. Я думаю, што даволі хутка мы даведаемся пра тое, чым скончыліся кансультацыі абодвух амбасадараў у сваіх сталіцах”.
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што праблемы беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў будуць вырашацца і на розных неафіцыйных сустрэчах яны ўжо дыскутуюцца:
“Амаль ніхто не зьвярнуў увагі на тое, што ў той дзень, калі амбасадараў краінаў АБСЭ запрасілі ў МЗС Беларусі, кіраўнік МЗС адсутнічаў у Менску. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ён у гэты дзень знаходзіўся ў Рыме на цырымоніі пахаваньня Вялікага магістра Мальтыйскага Ордэну. Спадар Мартынаў мог, і гэта вельмі верагодна, мець неафіцыйныя кантакты ня толькі з кіраўнікамі розных эўрапейскіх структураў, але і з высокімі прадстаўнікамі ЗША. Пахаваньне — гэта адно з тых мерапрыемстваў, на якіх, як вядома зь міжнароднай практыкі, і ажыцьцяўляецца таемная дыпляматыя”.