Нягледзячы на рэкамэндацыю беларускага Міністэрства замежных справаў, амбсадарка ЗША Карэн Ст’юарт пакуль застаецца ў Менску, а Дзярждэпартамэнт заяўляе, што будзе аналізаваць сытуацыю.
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў абвінавачвае ЗША ў парушэньні міжнародных дамоўленасьцяў:
“Дзеяньні ЗША сталі грубым парушэньнем Мэмарандуму 1994 году. Паводле гэтага дакумэнту, у абмен на добраахвотную адмову нашай дзяржавы ад ядзернай зброі Злучаныя Штаты Амэрыкі ўзялі на сябе абавязак паважаць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь”.
Такі дакумэнт быў сапраўды падпісаны восеньню 1994 году ў Будапэшце ў рамках саміту АБСЭ. Гарантамі для Беларусі тады акрамя ЗША выступілі таксама Вялікая Брытанія і Расея.
Прафэсійны юрыст Павал Знавец выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце міжнароднае права. Ён лічыць, што амэрыканскія санкцыі ніякім чынам не ўплываюць на незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі:
“Тут Папоў зьмяшаў усё ў кучу. Гэта чыста эканамічныя санкцыі. Гэта стандартны ў міжнароднай практыцы падыход у адказ на парушэньні, на невыкананьне краінай сваіх абавязацельстваў у рамках АБСЭ”.
Павал Знавец зьвяртае ўвагу на тое, што ў заяве МЗС Беларусі многа гаворыцца пра АБСЭ. Маўляў, акцэнтуецца ўвага на тым, што гэтая міжнародная арганізацыя “не выконвае свой непасрэдны мандат і не рэагуе на грубыя парушэньні амэрыканскай адміністрацыяй асноўных прынцыпаў гэтай арганізацыі”. Спадар Знавец кажа, што такія пасажы ёсьць нішто іншае, як падвойныя стандарты з боку афіцыйнага Менску:
“АБСЭ – гэта палітычна-прававы інстытут па бясьпецы і супрацы ў Эўропе. Асноўная ягоная місія – выкананьне стандартаў чалавечага вымярэньня. З гэтага ўсё пачалося. А якраз чалавечае вымярэньне ўключае ў сябе правы чалавека, выкананьне іх, сацыяльныя, палітычныя, гуманітарныя правы і г.д.
А гэта якраз не выконваецца ў Беларусі. Каб на пахаваньне жонкі паехаць, былому кандыдату ў прэзыдэнты краіны прыйшлося сухую галадоўку абвясьціць! А цяпер ўлады пачалі ўжо ўзгадваць і АБСЭ, пачалі да АБСЭ зьвяртацца, пачалі трубіць, што АБСЭ нешта парушае”.
Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў тлумачыць: адкліканьне амбасадара для кансультацый на дыпляматычнай мове азначае, што паміж дзяржавамі ўзьнікла напружанасьць. На пытаньне, чым гэта звычайна заканчваецца, спадар Саньнікаў адказвае:
“Гэта залежыць ад таго, як ідуць перамовы. Калі канфлікт паглыбляецца, амбасадар можа адсутнічаць даволі доўга. Калі стасункі абвострацца яшчэ болей, справа можа дайсьці і да разрыву дыпляматычных дачыненьняў. А калі праблема ўрэгулюецца, амбасадар вяртаецца”.