Выданьне прысьвячаецца 90-ым угодкам Беларускае Народнае Рэспублікі. Наш карэспандэнт пытаўся ў гарадзенцаў, ці пазнаюць яны мясьціны, якія зафіксаваны на фотаздымках, што ведаюць пра БНР.
Паштоўкі зробленыя са старых здымкаў 1918 году, знойдзеных у архівах. Якраз у той час урад Беларускае Народнае Рэспублікі вымушаны быў перабрацца зь Менску ў Горадню.
Са слоў аднаго з гісторыкаў, Андрэя Чарнікевіча, знайсьці тую ілюстрацыю аказалася лягчэй, чым яны думалі, праўда, шмат чаго не захавалася.
Чарнякевіч: “Зьніклі некаторыя будынкі, якія былі па вуліцы сучаснай Савецкай, да прыкладу, былы гатэль, дзе знаходзілася сядзіба ТБШ. Тут зараз месьціцца банк у стылі канструктывізму. Зьніклі некаторыя пабудовы, дзе зараз абласны тэатар, там мясьціўся па сутнасьці цэнтар беларускага руху на працягу 1920-х гадоў”.
У пэрспэктыве, як заўважыў гісторык, у Горадні можна адкрыць музэй БНР пад адкрытым небам, паколькі захавалася шмат будынкаў, дзе мясьціліся ўрад БНР, вайскоўцы й іншыя беларускія арганізацыі.
І вось цяпер я паказваю паштоўкі гарадзенцам.
Дзяўчына: “Гэты дом вось тут побач, я, праўда, ня ведаю, як ён называецца”.
Другая дзяўчына: “Гэта корпус нашага аграрнага ўнівэрсіэта, мы тут вучымся”.
Карэспандэнт: “А ведаеце, што тут было напачатку ХХ стагодзьдзя?”
Дзяўчына: “Апошні прытулак беларускай школкі ў Горадні ў 1927 годзе па сучасным адрасе вул. Валковіча 21”.
Карэспандэнт: “Ці ведаеце вы што такое БНР?”
Спадар: “Не, ня ведаю”.
Ягоная дзяўчына: “Беларуская Народная Рэспубліка”.
Карэспандэнт: “А калі адзначаецца гэты дзень?”
Дзяўчына: “Сакавік, 25-га”.
Адзін спадар пазнаў большасьць мясьцінаў і нават удакладняў, што зьмянілася зараз на будынках.
Спадар: “Вось гэта былая музычная вучэльня, а тут цяпер месьціцца гараж, дзьвярэй гэтых ужо няма, зламалі напэўна. Гэта мастацкая школа, дачка туды зараз ходзіць. А гэта ж наш тэатар ляляк, толькі відаць цяпер трохі перароблены”.
Большасьць гарадзенцаў не змаглі пазнаць мясьцінаў зьмешчаных на фотаздымках, але пра тое, што Горадня была другой сталіцай БНР ведалі большасьць апытаных.