“Вольная Беларусь” у 1918 годзе паведамляе аб пачатку выданьня ў Менску газэты “Белорусская Земля”: “Мусім зазначыць наогул, што беларусам німа жаднае патрэбы у выданні газэты на расійскай мові. Кожная мейсцовая газэта ахвотна дасьць мейсцо усім артыкулам, знаемячы шырокае грамадзянство з беларускім рухам. Выданне асобнай вялікарускай газэты — гэта дарэмная трата грошай. І нідобра адбіраць хлеб у дзяцей ды кідаць яго псам...”
“Савецкая Беларусь” у 1928 годзе піша пра нацыянальную палітыку ў Беларусі: “Выдавецкія пляны Белдзяржвыдавецтва разьлічаны на забесьпячэньне кожнай нацыянальнасьці літаратурай на роднай мове. З 17 газэт, якія выдаюцца ў БССР, — 53 проц. выходзяць на беларускай мове, 23 проц. — на расейскай, 12 проц. — на яўрэйскай і каля 7 проц. — на польскай мове. Таксама выдаецца газэта на літоўскай мове. У старой абшарніцкай Расеі не было ніводнай латыскай, ці літоўскай школы. У сучасны момант ва ўсіх мясцох, дзе латышы і літоўцы жывуць кампактнымі масамі, адчынены нацыянальныя школы”.
“ЛіМ” у 1938 годзе друкуе верш Міхася Калачынскага:
“Па гэтай зямлі ўрачыстай
Хадзілі, як лярвы, яны;
Кляліся ня здраджваць раз трыста...
О, чорныя здані вайны!
Паслухай у гневе, радзіма,
Узняўшы над гадамі меч, —
Наш Горкі задушаны імі...
Смяротнай будзь, кара, за смерць!
Яны рыхтавалі нам астму,
Таемныя колбы атрут.
Паны, дакаціліся?! Баста!
Народ вам свой піша прысуд.
Усіх вас, і “левых”, і правых
З зямлі большэвіцкай сатрэ
Народная наша расправа —
Расстрэл!”