Прэзэнтацыя твораў Аляксандра Ірванца па-беларуску была надзвычай прадстаўнічай: адкрыў яе надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы, прыйшлі кіраўнікі дыпляматычных місіяў Швэцыі, Ізраілю, Славакіі, беларуская, украінская польская інтэлігенцыя.
Украінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец цудоўна гаварыў па-беларуску:
«Прыемна быць прачытаным у чужым краі. Але хіба ж Беларусь для Ўкраіны чужая? Калі ў лістападзе 2004 года мы выходзілі на наш Майдан, то першымі ня нашымі сьцягамі, якія залуналі побач з жоўта-блакітнымі, былі якраз бел-чырвона-белыя. Ніколі не забуду натхнёных твараў маладых беларусаў, якія разам з украінскімі ставілі намёты ўздоўж Хрышчатыка. Таму можна сьмела і адкрыта заявіць: наша ніва – супольная, і нам супольна належыць яе араць і засяваць, і даглядаць маладыя зялёныя парасткі. І чакаць ураджаю. А ён абавязкова будзе шчодрым – хопіць на ўсіх: і на беларусаў, і на ўкраінцаў».
У рамане-антыўтопіі “Роўна/Ровно" Ўкраіна падзеленая на Заходнюю і Ўсходнюю. Тое самае адбылося і з Роўнам, родным горадам галоўнага героя пісьменьніка Шлоймы Іцервана і, дарэчы, родным горадам самога аўтара. У рамане Шлойма атрымлівае дазвол на аднадзённы візыт у аддзелены мурам усходні сэктар, дзе яго чакаюць ня толькі напалоханыя сваякі, але і калегі зь мясцовага аддзяленьня правільнага і чэснага саюзу пісьменьнікаў СРУ – абрэвіятура расшыфроўваецца як Сацыялістычная рэспубліка Ўкраіна.
Прэзэнтацыю вёў перакладчык кнігі, літаратар Уладзімер Арлоў:
«Няма іншага літаратара, які быў бы мне настолькі блізкі, да страшных нейкіх супадзеньняў, па сваім сьветабачаньні, сьветаразуменьні і сьветаўяўленьні. Такі блізкі для мяне Сашко Ірванец. Таму я ўзяўся перакладаць гэтую кнігу. Большую частку гэтай кнігі я перакладаў ў Швэцыі, на высьпе Готланд».
Такім чынам, да перакладу ўкраінскага пісьменьніка на беларускую мову ускосна спрычыніліся яшчэ і Швэцыя. Кіраўнік аддзяленьня ў Менску Пасольства Каралеўства Швэцыі ў Расеі Стэфан Эрыксан таксама перакладае з беларускай мовы на швэдзкую. Дарэчы, на прэзэнтацыі яму ўручылі пасьведчаньні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру:
«Вельмі добра, калі выходзяць кнігі, калі выходзяць пераклады. Я спадзяюся, што будзе яшчэ больш кніг выходзіць па-беларуску і ў арыгінале, і ў перакладзе на ўкраінскую мову і, канечне ж, на швэцкую»
Надзвычайны і паўнамоцны пасол Дзяржавы Ізраіль ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар'е сапраўдны паліглёт. Да таго ж, ён шмат перакладае -- нядаўна пераклаў Васіля Быкава на іўрыт. Што да сёньняшняй імпрэзы, ізраільскі дыплямат гаварыў па-ўкраінску, але пра Беларусь:
«Трэба перафразаваць выбітныя словы Яўгена Яўтушэнкі: «Поэт в России – больш, чем поэт». І сказаць, што перакладчык менавіта ў Беларусі – больш чым перакладчык. Таму што ў Беларусі пераклад на беларускую, добры пераклад – гэта ж унёсак у беларусізацыю Беларусі, паварот іх да іх нацыянальнай мовы. Гэта вялікі посьпех, дасягненьне ў барацьбе за нацыянальнае Адраджэньне”.