Падчас брыфінгу для беларускіх журналістаў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Нарышкін заявіў, што важна, каб беларускае кіраўніцтва пераглядзела свае крокі, накіраваныя на дыскрэдытацыю беларуска-расейскіх дачыненьняў. Маўляў, Масква зможа і далей кантактаваць з Аляксандрам Лукашэнкам, калі той адумаецца і ня будзе больш шкодзіць двухбаковым дачыненьням. Ці азначаюць гэтыя словы, што Расея гатовая дараваць Лукашэнку ягоныя апошнія заявы і вярнуцца да ранейшага ўзроўню адносінаў? На якіх умовах Масква гатовая прабачыць беларускага кіраўніка? Як афіцыйны Менск можа адрэагаваць на гэты жэст Крамля? На гэтыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць журналіст газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец, які прысутнічаў на прэсавай канфэрэнцыі Нарышкіна, і палітоляг Уладзімер Мацкевіч.