На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць: з Брусэлю кіраўнік Офісу «За дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская і дарадца кіраўніка руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец.
Колькі каштуюць свабодныя выбары?
Цыганкоў: Напэўна, самымі гучнымі і найбольш цытаванымі словамі візыту стала заява міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага пра тое, што Беларусь можа атрымаць 3 мільярды даляраў, калі правядзе сумленныя дэмакратычныя выбары. Ці можна сказаць, што гэты візыт даў як бы новую фармулёўку дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам — «грошы ў абмен на свабодныя выбары?» Ці гэта проста даволі ярка падкарэктаваная форма старой стратэгіі, толькі на гэты раз ужо з аб’яўленым коштам?
Стужынская: Я думаю, гэты візыт стаў працягам той палітыкі Эўразьвязу, якая пачалася яшчэ ў 2008 годзе. Тое, што была названая сума, — у гэтым таксама нічога новага няма, акрамя самой сумы. Калі памятаеце, у папярэдняй заяве Рады Эўразьвязу ў кастрычніку было сказана, што калі Беларусь правядзе выбары дэмакратычным чынам, то Эўразьвяз гатовы працягваць і разьвіваць дачыненьні, і Менск атрымае пэўныя прэфэрэнцыі.
Тое, што была названая канкрэтная лічба, па-мойму, даволі нармальна. Паглядзіце, як прагматычна сябе заўсёды паводзіць беларускі бок. То чаму б Эўропе ня быць прагматычнай і не назваць канкрэтную суму?
Цыганкоў: Цікава было пачуць наступную заўвагу Сікорскага, што для Эўропы галоўнае — ня вынік выбараў, а іхняя якасьць. Пра што гэта кажа?
Стужынская: Гэта кажа, што сапраўды Эўразьвяз сочыць за працэсам і якасьцю выбараў, але не жадае ўплываць на вынік. Бо гэта тое, на чым грунтуецца дэмакратыя, адкрыты, празрысты, дэмакратычны працэс, у выніку якога будзе абраны чалавек, што будзе кіраваць краінай.
«Аб’яднаная Эўропа — гэта ня толькі маральныя каштоўнасьці, якія на хлеб не намажаш»
Лагвінец: Мне спадабалася фраза Сікорскага, якую ён сказаў па заканчэньні візыту ўжо ў польскіх мэдыях. Што ён прыехаў у краіну, дзе жыве 10 мільёнаў эўрапейцаў, у тым ліку прадстаўнікі польскай мяншыні. Дык вось, візыт варта разглядаць як чарговае пасланьне аб’яднанай Эўропы беларускаму народу, што мы знаходзімся побач і чакаем вас.
Візыт варта разглядаць як чарговае пасланьне аб’яднанай Эўропы беларускаму народу, што мы знаходзімся побач і чакаем вас.
Цыганкоў: Я б усё ж хацеў яшчэ раз зьвярнуць увагу на словы Сікорскага, што галоўнае — якасьць, а ня вынік выбараў. Ці азначае гэта, што Эўропа ўжо ня бачыць вялікай праблемы ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю нават у тым варыянце, калі пераможа Лукашэнка? Нагадаю, што ў 2006 годзе была іншая сытуацыя, калі кандыдата ад апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча сустракалі найвышэйшыя асобы ў Эўропе. А цяпер эўрапейскія палітыкі сустракаюцца з Лукашэнкам…
Лагвінец: Па-першае, усе апошнія візыты эўрапейскіх палітыкаў у Беларусь спалучаюць сустрэчы з Лукашэнкам і прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі.
Па-другое, сапраўды якасьць працэсу выбараў вельмі важная, якім чынам беларускія ўлады выконваюць дэмакратычныя стандарты. І ў гэтым сэнсе ня варта глядзець на сытуацыю так, што вынік ужо прадказальны. Але на сёньня мы бачым, што працэдура ў Беларусі, нават тая, якая замацаваная беларускім заканадаўствам, не выконваецца. Мы бачым, як паводзяць сябе дзяржаўныя мэдыі (там толькі адна асоба, і гэта ненармальна ў любой эўрапейскай краіне), мы ведаем, што няма прадстаўнікоў іншых кандыдатаў у выбарчых камісіях. І галоўнае, мы ведаем, як ня лічацца галасы. А ўсё гэта і называецца якасьць выбарчага працэсу.
«Пры наяўнасьці жаданьня „нейкую ступень прагрэсу“ заўсёды можна знайсьці».
Цыганкоў: І што, Эўропа «адзначыць прагрэс» на гэтых выбарах незалежна ад таго, што будзе рабіць беларуская ўлада?
Стужынская:
Эўразьвяз, вядома, падрыхтаваны да таго, што выбары могуць скончыцца перамогай Лукашэнкі.
Эўразьвяз, вядома, падрыхтаваны да таго, што выбары могуць скончыцца перамогай Лукашэнкі. І я думаю, яны падрыхтаваныя зь ім далей працаваць. Як вядома, Эўракамісія зараз рыхтуе так званы Joint interim plan, які акрэсьліць надалей плян супрацоўніцтва зь Беларусьсю, а таксама прапануе пэўную дарожную мапу рэформаў для нашай краіны.
Цыганкоў: А калі ніякіх прыкметаў дэмакратычнасьці падчас выбараў ня будзе? Калі зноў нікога з апазыцыянэраў ня пусьцяць у камісіі, якія зноў бессаромна намалююць патрэбны вынік, то ў якой сытуацыі апынецца Эўразьвяз? Прызнаюць гэта свабоднымі выбарамі?
Стужынская: Усё залежыць ад таго, што скажуць назіральнікі АБСЭ. Плюс — памятайце, якая ёсьць фармулёўка ў апошняй заяве Рады Эўразьвязу. Там сказана, што мусіць быць «нейкі прагрэс». І я думаю, што пры наяўнасьці жаданьня «нейкую ступень прагрэсу» заўсёды можна знайсьці.
Цыганкоў: Гэтая вечная дылема паміж каштоўнасьцямі і геапалітыкай. Геапалітычна Эўразьвяз намераны ўлучаць Беларусь у свае праграмы, але разам з тым гаворыць пра дэмакратызацыю. А калі на выбарах нічога пазытыўнага ня робіцца, што будзе рабіць Брусэль?
Лагвінец: Мяркую, што там цяпер пераважае думка, што трэба Беларусь уцягваць у розныя праграмы. Трэба, каб дэмакратызацыі актыўна патрабавалі самі беларускія выбарцы. Але з гэтым пакуль ёсьць пэўныя сумневы. Таму Эўразьвяз будзе імкнуцца найперш уцягваць Беларусь у больш шчыльныя дачыненьні, каб памяняць стан грамадзкай думкі, зьменшыць атмасфэру страху.
Калі як мага большая колькасьць беларускіх мэтавых групаў будзе ўдзельнічаць у розных, нават чыста тэхнічных, праектах супрацоўніцтва з краінамі Эўразьвязу, то гэта, я думаю, зможа адчыніць шырэйшую эўрапейскую пэрспэктыву для нашага грамадзтва. І з часам нашы людзі будуць патрабаваць большых свабодаў унутры краіны.