Удзельнікі: палітоляг Юры Чавусаў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.
Чаму вялікая колькасьць прэтэндэнтаў сабрала 100 тыяч подпісаў?
Валер Карбалевіч: «Перад выбарамі ўсе экспэрты дружна прагназавалі, што ня больш двух, максымум трох, апазыцыйных кандыдатаў зьбяруць 100 тысяч подпісаў. А вось паводле папярэдніх вынікаў ужо 11 прэтэндэнтаў аб’явілі, што змаглі пераадолець гэты рубеж. Нават з улікам таго, што шмат хто перабольшвае свае дасягненьні, усё роўна лічба фантастычная для беларускіх рэаліяў. Чым вы патлумачыце гэты фэномэн?»
Юры Чавусаў: «Па-першае, трэба даць ацэнку тым аналітыкам, якія казалі пра апазыцыю: „дэмакратычная гета“, дысыдэнты». Але дысыдэнты не зьбіраюць 100 тысяч подпісаў. Усё ж нельга параўноўваць палітычную сыстэму Беларусі з СССР, яна больш разьвітая.
Зразумела, улады стварылі больш спрыяльныя ўмовы для збору подпісаў. З 2001 году не было такога, каб у цэнтры Менску можна было лёгка знайсьці месца, дзе можна азнаёміцца з праграмамі апазыцыйных партый. І на іх фоне прапановы зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку глядзеліся сьціпла. Апэляцыі да яго харызмы не запальвалі народ. Таксама і добрае надвор’е садзейнічала працы».
Аляксандар Класкоўскі: «Трэба дачакацца вынікаў праверкі гэтых подпісаў, каб аддзяліць блеф ад рэальнасьці. І невядома, наколькі строга будуць правяраць подпісы выбарчыя камісіі. Бо для ўладаў, чым больш будзе зарэгістравана кандыдатаў, тым выгадней.
Грамадзтва ня бачыць пэрсанальнага ўвасабленьня альтэрнатывы.
У любым выпадку мы маем справу з рэкордам. Як вядома, Лукашэнка публічна заклікаў ставіць подпісы за апазыцыю. Але гэта адбылося праз тыдзень пасьля пачатку збору подпісаў, калі ўлады ўбачылі чэргі каля пікетаў апазыцыйных кандыдатаў. І Лукашэнка гэтай заявай захоўваў твар.
Актыўнае падпісваньне за апазыцыю адбывалася таму што, па-першае, грамадзтва псыхалягічна стамілася ад Лукашэнкі. Па-другое, уплываюць вонкавыя чыньнікі (канфлікт з Расеяй), эканамічныя цяжкасьці. У выніку пахіснулася вера ў беларускую стабільнасьць. Рост заробкаў пакуль не вядзе да росту рэйтынгу Лукашэнкі. Таму людзі шукаюць альтэрнатыву. Але рэйтынгі апазыцыйных кандыдатаў невысокія. Грамадзтва ня бачыць пэрсанальнага ўвасабленьня альтэрнатывы».
Тэндэнцыя грамадзкіх настрояў
Карбалевіч: «Якія тэндэнцыя грамадзкай думкі выявіў гэты этап выбарчай кампаніі? Пра што сьведчыць вялікая колькасьць подпісаў у падтрымку апазыцыйных кандыдатаў?»
Чавусаў: Я ня ўбачыў кардынальных зьменаў у грамадзкіх настроях. Таксама няма падставаў сьцьвярджаць, што людзі падпісваюцца больш у падтрымку апазыцыі. Проста цяпер лягчэй знайсьці зборшчыкаў подпісаў. Паколькі шмат людзей адначасова падпісваліся за ўсіх апазыцыйных кандыдатаў, то, магчыма, сукупная колькасьць прыхільнікаў апазыцыі не павялічылася.
У вялікай колькасьці кандыдатаў улады бачаць калектыўнага Гайдукевіча. Але ўлада можа атрымаць і калектыўнага Мілінкевіча.
Класкоўскі: «Так, улада адкруціла гайкі, і гэта адбілася на зборы подпісаў. Цяпер каля пікетаў адбываліся дыскусіі. У нечым гэта нагадвае гарбачоўскую перабудову, калі народ увайшоў у смак палітыкі. Тады ўзышла палітычная зорка Лукашэнкі. Ён добра памятае той пэрыяд, і таму ўлада будзе вельмі дазавана адкручваць гайкі».
Якія магчымыя наступствы пэўнай палітычнай адлігі?
Карбалевіч: «Новы сцэнар правядзеньня выбараў, які прэзэнтуюць улады, арыентаваны на вырашэньня задачы вонкавай легітымнасьці. Але ці не рызыкуе кіроўная каманда? Ці ня будзе мець гэты новы сцэнар неспадзяваныя пабочныя наступствы? Дасюль сцэнар утрыманьня ўлады быў просты і зразумелы: біць дубінкай па ўсім, што варушыцца. А цяпер ці можа рэжым пераварыць больш складаную гульню, да якога гэтая сыстэма не прыстасаваная? Гарбачоўская перабудова пачыналася з такой нявіннай на сёньняшні погляд рэчы, як галоснасьць. А ў выніку яна разбудзіла такія сілы, зь якімі тагачасная сыстэма ўправіцца не змагла? Ці ня можа паўтарыцца гэтая сытуацыя ў Беларусі? Ці ня можа так здарыцца, што абывацель, якому дазволілі бесьперашкодна ставіць подпісы за апазыцыю, прыйсьці да высновы, што цяпер можна і на вуліцу выходзіць?»
Чавусаў: «Усе дыктатарскія рэжымы робяць такую памылку. Яна даюць трошкі свабоды, а ўрэшце гэта вядзе да таго, што рэжым падае. Думаю, беларускі рэжым не ўпадзе падчас гэтых выбараў.
Сцэнар уладаў зразумелы: стварыць вонкавы антураж дэмакратыі, а вынік той самы, кантраляваны. Ярмошына абвесьціць патрэбныя лічбы. Такая гульня. Маўляў, мы робім дэкарацыі, а вы ўдзельнічаеце ў гэтай п’есе. Пакуль усе гульцы гуляюць па прапісаных ролях».
Класкоўскі: «Улада як мінімум апынаецца перад новымі выклікамі. Яна вымушана мяняць сцэнар дзеля вонкавай легітымацыі. Экспэрты кажуць, што чым больш зарэгіструюць кандыдатаў, тым зручней уладзе, бо галасы апазыцыйнага электарату будуць расьцярушаны. Гэта так. Але калі ўсе яны выступяць па гадзіне па радыё і тэлевізіі плюс дэбаты, то ўзьнікае моцная апазыцыйная плынь. Таму ўлады яшчэ будуць узважваць, колькі зарэгістраваць.
Далей, колькі працэнтаў павінен атрымаць Лукашэнка, каб задаволіць Захад? Але ўлада трапляе ў пэўную пастку. Бо наступныя парлямэнцкія выбары цяжка будзе праводзіць па жорсткім сцэнары, бо гэта выкліча нэгатыўны рэзананс.
Такім чынам рэжым уступае ў стадыю тонкай палітычнай гульні, і гэта стварае рызыку для сыстэмы, якая на такую тонкую гульню ня надта разьлічана».
Чавусаў: «Часам тэатар урываецца ў жыцьцё».