Прэмію «Залатая літара — 2016», якую заснаваў літаратар і мастак Адам Глобус, сёлета атрымае Андрусь Горват за кнігу «Радзіва «Прудок».
«Калі аўтар закладае ўласнае жыцьцё ў кнігу — гэта вельмі важна. Гэта ня выдуманае, гэта наша з вамі жыцьцё», — так тлумачыць свой выбар спадар Глобус. Заснавальнік прэміі «Залатая літара» адказаў на пытаньні Свабоды.
— Вакол літаратурных прэмій апошнім часам разгортваюцца самыя сапраўдныя жарсьці. Цалкам непрадказальна прэмію Гедройця атрымаў Макс Шчур за кнігу «Завяршыць гештальт». Прэмію «Кніга году 2016» нечакана для чытачоў, якія таксама ўдзельнічалі ў галасаваньні, атрымала Наста Кудасава за зборнік паэзіі «Маё невымаўля», хоць чытачы аддалі сваю перавагу іншым аўтарам, у тым ліку і Андрэю Горвату. Вось гэтыя прыклады неяк паўплывалі на ваш выбар?
— Мая прэмія, каму хачу — таму даю. А што тычыцца шуміхі вакол прэміяў — на мяне мала хто ўплывае. Я адрозьніваюся ад усіх іншых, хто дае прэміі, тым, што я ўсе кніжкі абавязкова чытаю. Я ўважлівы чытач, прачытаў кніжку і лічу, што яна вартая гэтай прэміі. Я заўсёды на баку чытачоў, і паколькі «Радыё «Прудок» — гэта новы фэномэн, новае слова ў беларускай літаратуры, вырашыў прысудзіць прэмію Горвату. Я кнігу прачытаў, я сам яе выбраў, хай гэта прагучыць эгаістычна.
Калі аўтар закладае ўласнае жыцьцё ў кнігу — гэта вельмі важна. Гэта ня выдуманае, гэта наша з вамі жыцьцё. Наш тэатар Янкі Купалы, нашы «Людзі на балоце», нашы нобэлеўскія прэміі — гэта ўсё наша.
А кніжка значна лепшая за ўласна яго блог. Вось у Горвата ёсьць блог, і ўсім здаецца, што ён блог аформіў у кніжку. Не! Кніжка — гэта зусім іншы фэномэн. Гэта адрэдагаванае, выбранае, лепшае з блогу. Добра чытаецца. Сьвежа, актуальна.
— А якая па ліку гэта прэмія?
— Гэта ўжо чатырнаццатая прэмія «Залатая літара». Бывае, з выбарам я памыляюся. Апошнім часам даваў прэмію надзейным людзям, а цяпер вырашыў прысудзіць дэбютнай кнізе. Звычайна я абвяшчаю ляўрэата 25 сакавіка, у Дзень Волі, але ўжо вызначыўся і вырашыў не рабіць з гэтага сакрэту.
— А калі будзе сама імпрэза, урачыстая цырымонія?
— Мы яшчэ ня зьвязваліся, не абгаворвалі. Але ўзнагарода знойдзе героя. Я ніколі не раблю вялікай помпы з самой імпрэзы. Звычайна выпіваем кубачак кавы — можа, нават у кафэтэрыі ўнівэрсаму «Цэнтральны». Падарую Андрусю сваю кніжку, можа, ён штосьці знойдзе там. Пра суму казаць ня буду — яшчэ падатковую інспэкцыю зацікаўлю.
Сёлета, акрамя Андруся Горвата з «Радыё «Прудок», Адам Глобус разглядаў кандыдатуры наступных аўтараў:
- Леніна Міронава («Мікола Селяшчук. Добры чараўнік зь Беларусі»);
- Анатоль Астапенка («Міхась Стральцоў. Гросмайстар беларускага слова»);
- Сяргей Харэўскі («Асмалоўка: дамы і мары»);
- Віктар Корбут («Ад Мінска да Вільні. Гісторыя Беларусі ў журналісцкіх нататках»);
- Дзьмітры Сурскі («Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы»).
У розныя гады ляўрэатамі «Залатой літары» былі Ўладзімер Арлоў, Валянцін Акудовіч, Сяргей Харэўскі, Андрэй Хадановіч, Ігар Бабкоў, Міраслаў Адамчык, Севярын Квяткоўскі, Андрэй Федарэнка, Леанід Галубовіч ды іншыя.