Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцінскі рэжым выявіў нежаданьне высьветліць і аб’явіць замоўнікаў забойства Нямцова — Гозман


Леанід Гозман, архіўнае фота
Леанід Гозман, архіўнае фота

Справа аб забойстве Барыса Нямцова ніколі ня будзе расьсьледаваная ў поўнай ступені, пакуль ва ўладзе ў Расеі знаходзіцца Ўладзімер Пуцін.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў расейскі апазыцыйны палітык Леанід Гозман.

Сёньня ў Маскоўскім абласным ваенным судзе пачаўся працэс па справе аб забойстве расейскага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова.

Перад судом паўсталі пяць чалавек: Заур Дадаеў (былы баец чачэнскага батальёна МУС «Поўнач»), Анзор і Шадзід Губашавы, Тэмэрлан Ескерханаў і Хамзат Бахаеў. Іх абвінавачваюць у зьдзяйсьненьні забойства па найме ў складзе арганізаванай групы.

Згадваецца ў матэрыялах справы і Руслан Мухудзінаў (кіроўца былога намесьніка камандзіра батальёна «Поўнач» Руслана Герамеева). Мухудзінава, чыя справа выдзеленая ў асобную вытворчасьць, сьледзтва лічыць арганізатарам злачынства.

Свабода спытала расейскага апазыцыйнага палітыка Леаніда Гозмана пра стаўленьне да гэтага працэсу ў расейскім грамадзтве і пра тое, як абставіны гэтай справы характарызуюць сёньняшнюю палітычную сыстэму ў Расеі.

Сёньня ў Маскве пачаўся судовы працэс па справе аб забойстве Барыса Нямцова. Ці ёсьць давер да гэтага суду і да высноваў сьледзтва ў расейскім грамадзтве?

— У расейскім грамадзтве ставяцца да гэтага працэсу вельмі па-рознаму, бо расейскае грамадзтва вельмі рознае. Калі казаць пра нашу (дэмакратычна арыентаваную. — РС) частку грамадзтва, то ёсьць глыбокая незадаволенасьць высновамі сьледзтва. Бо калі заказчыкам называюць кіроўцу нейкага чачэнскага афіцэра, то гэта неяк ня вельмі сур'ёзна. Пры ўсёй павазе да цяжкай працы кіроўцы неяк не вельмі падобна, каб гэта быў узровень чалавека з такім статусам. Цалкам натуральна выказаць здагадку, што гэта ўзровень значна вышэйшы, таму патрабаваньне выклікаць у суд Рамзана Кадырава выглядае цалкам абгрунтавана. У такіх людзей, як я, ствараецца дакладнае ўражаньне, што сьледзтва вырашыла схаваць канцы ў ваду. Таму такія людзі, як я, суду і сьледзтву ня вераць.

Але я думаю, што ёсьць дастаткова шмат людзей, якія, з аднаго боку, ня вераць суду (суду ў Расеі наагул мала хто верыць), аднак мысьляць у неправавых катэгорыях. Для тых людзей, для каго Барыс Нямцоў быў фігурай нэгатыўнай, ледзь ня ворагам народа (а такія людзі былі, хоць іх і няшмат), чалавекам, да якога яны ставіліся іранічна і звысоку, — ім проста нецікава. Ня тое каб яны лічылі ў прынцыпе, што людзей можна забіваць проста так, але рэальна іх сьмерць Нямцова не цікавіць. Яны не разумеюць (гэта наагул мала хто ў нас у краіне разумее), наколькі гэта страшная рэч. І ня толькі таму, што гэта асабістая трагедыя, загінуў чалавек, а проста таму, што бяскарнае забойства вядзе грамадзтва ў прорву. Або ўжо прывяло — гэта ж ня першае бяскарнае забойства, калі ў лепшым выпадку адказваюць выканаўцы і ніхто ня ведае заказчыкаў, хоць больш-менш і зразумела, хто яны.

Тыя, хто апынуўся на лаве падсудных, — гэта сапраўды выканаўцы гэтага злачынства?

— Ці зьяўляюцца гэтыя людзі выканаўцамі — я ня ведаю. Яны адмовіліся ад сваіх паказаньняў і запатрабавалі суду прысяжных, што вельмі правільна з пункту гледжаньня абароны, таму што суд прысяжных ледзь ня ў сто разоў часьцей выносіць апраўдальныя прысуды.

Даводзілася чуць меркаваньне, што забойства Барыса Нямцова, з аднаго боку, прывяло да ўзмацненьня пазыцыяў Рамзана Кадырава ўнутры краіны, а зь іншага боку, прадэманстравала пэўную абмежаванасьць улады Крамля. Ці сапраўды гэта так?

— Мы ж насамрэч ня ведаем, хто быў заказчыкам. Калі выказаць здагадку, што гэта было зроблена не на загад Крамля, то гэта сапраўды дэманструе пэўнае бясьсільле ўлады. Менавіта бясьсільле. Бо калі б, дапусьцім, былі людзі, якія зьдзейсьнілі гэтае злачынства, не ўзгадніўшы гэта з найвышэйшым кіраўніцтвам, а кіраўніцтва абурана, але ня хоча гэтую справу рабіць галоснай, то тады павінна было б усё роўна нешта здарыцца. Аўтакатастрофа ці авіякатастрофа з кімсьці. Павінна было б нешта здарыцца, каб людзі ўнутры сыстэмы разумелі, што яны пакараныя (хай і такім фэадальным чынам) за парушэньне дысцыпліны. Вось хтосьці гэта прыдумаў, дапусьцім, нейкі генэрал ці той жа Рамзан, і потым зь ім нешта здарылася. Гэта было лягічна ў рамках сыстэмы (хоць і няправільна). Таму, сапраўды, калі гэта зрабіў хтосьці па-за Крамлём і ён не пакараны, то гэта дэманструе абмежаванасьць улады Крамля. Але, магчыма, заказчыкі — на самым версе. Мы ж гэтага ня ведаем.

Што ж тычыцца аслабленьня ці ўзмацненьня пазыцыяў Рамзана Кадырава ці кагосьці яшчэ, то трэба разумець, што ў нашай сыстэме ўсё вырашае адзін чалавек, таму аслабленьне ці ўзмацненьне пазыцыяў абсалютна ў ягоных руках. У нашай сыстэме ўсе пазыцыі нестабільныя, бо яны залежаць ад аднаго чалавека. Вось заўтра Пуцін зьменіць сваё стаўленьне да Рамзана Кадырава, і Рамзан Кадыраў пойдзе ў адстаўку «па ўласным жаданьні» (ну, калі ня трапіць у аўтакатастрофу).

Забойства Нямцова і акалічнасьці расьсьледаваньня гэтага злачынства прыўнесьлі нешта новае ў разуменьне рэаліяў пуцінскай Расеі?

— Асабіста для мяне — абсалютна не. Гэта абуральна, трагічна, але ўвогуле ўсё ў рамках таго, што было і раней. Забілі Ганну Паліткоўскую, забілі Сяргея Юшанкова, шмат каго забілі. Я тут нядаўна ўзгадваў доўгі сьпіс сваіх сяброў і знаёмых, якія за гэтыя гады былі забітыя.

Ці будзе забойства Барыса Нямцова калісьці цалкам расьсьледаванае, ці даведаемся мы імёны сапраўдных заказчыкаў?

— Я думаю, што ў поўнай меры гэта адбудзецца толькі тады, калі ў Расеі зьменіцца палітычны рэжым. Бо цяперашні рэжым ужо выявіў нежаданьне высьветліць і аб’явіць заказчыкаў злачынства. Паўтаруся: усе гэтыя размовы пра кіроўцу выглядаюць поўным трызьненьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG