Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такая прыватызацыя не на маю кішэнь» — зь 1 ліпеня тысячы беларусаў страцяць права на выкуп жытла ў дзяржавы


30 чэрвеня 2016 году — апошні дзень, калі можна падаць заяву аб прыватызацыі дзяржаўнага жыльля. «Радыё Свабода» пагаварыла зь людзьмі, якія незадаволеныя правіламі прыватызацыі і патрабуюць іх паправіць, бо ня ведаюць, дзе ўзяць сотні мільёнаў на выкуп дзяржаўнага жытла.

65-гадовай жыхарцы Воршы Надзеі Шавялковай трэба заплаціць 160 мільёнаў рублёў, каб прыватызаваць сваю двухпакаёўку, атрыманую за савецкім часам у доме для маласямейных. Жанчына кажа, што такая прыватызацыя не на яе кішэнь, але і пакідаць усё як ёсьць баіцца.

«Чыноўніца мне сказала, што калі перавядуць на арэнднае жытло, дык таксама будзе дорага. Баюся, са сваёй пэнсіяй у 2,7 мільёну арэнду я проста не пацягну. Таму пагадзілася на прыватызацыю, але дзе ўзяць 160 мільёнаў?» — бядуе жанчына.

У канцы 2014 году пэнсіянэрка падала заяву на прыватызацыю і з таго часу змагалася за зьніжкі ў разьліках. Даказвала, што фактычная плошча кватэры меншая за пазначаную ў пашпарце, таксама, што не было рамонту, які мусілі праводзіць. Ціснула на тое, што жыве пад самым дахам на 5-м паверсе, у адным з пакояў зімой не вышэй за 15 градусаў цяпла, а летам у сьпякоту — не прадыхнуць. А таксама, што раён дрэнны: блізу чыгункі, дзе і шумна і паветра ня лепшае.

У выканкаме спачатку паабяцалі перагледзець разьлікі, але зьнізілі агульны кошт кватэры ў 147 мільёнаў рублёў толькі на 800 тысяч, затое да сумы прыватызацыі дадалі яшчэ 13 мільёнаў — нібыта за ўпарадкаваньне раёну.

«Пытаюся: Якое ўпарадкаваньне? Кажуць: Вы патрапілі ў зялёную зону. Аказваецца, яны залічылі тое, што 8 гадоў таму ў Оршы праводзілі „Дажынкі“ і нібыта наш раён азелянілі. Хоць наш двор якім быў, такім і застаўся, у нас нічога не зьмянілася. Ды нават і так: хіба праз 8 год мы за гэта мусім плаціць, што яны некалькі кустоў пасадзілі?» — зьдзіўляецца пэнсіянэрка Надзея Шавялкова.

Яе барацьба за свае правы на прыватызацыю паводле даступных сродкаў прывяла да пэўнай палітычнай высновы.

«Тэлевізар ужо не гляджу. Стаіць на шафе, і амаль не ўключаю. Немагчыма слухаць, што ён там кажа, бо ў жыцьці ўсё наадварот. Локшыну на вушы вешаюць», — кажа жанчына пра прамовы Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўных чыноўнікаў наконт клопату пра бедных людзей.

«Мяса, каўбасы ядзім празь дзень, а то і радзей. Калі б не агарод з бульбай ды іншай гароднінай, на пэнсію не пражылі б», — скардзіцца Надзея Міхайлаўна.

Жанчына таксама распавяла, як не змагла трапіць на прыём да Лукашэнкі, і як марна спрабавала запісацца на прыём да мясцовага дэпутата:

«Як не пазваню ў ягоную прыёмную, усё недзе езьдзіць. Няма яго, кажа сакратарка».

«Прычына ня толькі ў дарагавізьне, але і ў незаконнасьці такой прыватызацыі дзяржаўнага жытла», — мяркуе жыхар менскай двухпакаёўкі Юры Магонаў. Спадар Магонаў прызнае, што цягам 3 дзён будзе вымушаны падаць заяву на прыватызацыю сваёй кватэры ў Савецкім раёне Менску. Кватэра абыдзецца яму прыкладна ў 180 мільёнаў рублёў. Пасьля падачы заявы гаспадар намераны судзіцца зь дзяржавай.

Першы ўнёсак па аплаце кошту прыватызацыі кватэры складае 10%. Юры Магонаў разьлічыў, што для яго гэта будзе 18 мільёнаў, гэта ажно 8 ягоных пэнсій. Тое, што астатнія 162 мільёнаў расьцягнуць на 40 год, паводле Юрыя Мікалаевіча, сытуацыю не мяняе:

«Мне 66 гадоў — хіба я дажыву да таго, што кватэра будзе прыватызаваная?

Хацелася б, але ня думаю. Такім чынам, у выніку кватэру забяруць і зноў прададуць, але ўжо па камэрцыйнай цане. І чаму гэтак? А проста грошай у іх не хапае, дык яны чарговым разам вырашылі абрабаваць просты люд. Ставяць жа ўмову: альбо прыватызуй кватэру, альбо яна стане арэнднай і будзеш плаціць акрамя квартплаты яшчэ і арэнду. За што? За тое, што яна дзяржаўная. Дык яна заўсёды была ў мяне дзяржаўнай, і што зьмянілася?»

Шэраг грамадзкіх і праваабарончых арганізацый зьвярнуліся ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і Саўмін са зваротам, каб прыватызацыя была падоўжаная, а кошты яе ўлічвалі фінансавае становішча пэўных катэгорый грамадзянаў. Таксама аўтары звароту заклікаюць прадугледзець для наймальнікаў службовага жытла магчымасьць арэнды. Зварот падрыхтавалі «Прававая дапамога насельніцтву», «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю» ды абʼяднаньне беларускіх пэнсіянэраў «Наша пакаленьне».

Між тым да заканчэньня прыватызацыі засталося меней за 3 дні. Кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву» праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што працягнуць і перагледзець умовы прыватызацыі жытла ўсё роўна ня позна.

Алег Воўчак, архіўнае фота
Алег Воўчак, архіўнае фота

«Нічога яшчэ ня позна. Калі ў нас адзін галоўны палітык прымае законы заднім чыслом, дык і тут можна зьмяніць становішча праз указ. Але галоўнае, што праблема вельмі сурʼёзная і немагчыма яе не вырашаць. Па-першае, прававое становішча тых грамадзянаў, якія не прыватызавалі сваё жытло, рэзка пагаршаецца. Калі праз 2 месяцы не заплаціш арэнду, суд можа прыняць рашэньне аб высяленьні. Гэтак сотні дадатковых людзей апынуцца на вуліцы бяз шанцаў вярнуцца ў сваю кватэру, хаця Канстытуцыя гарантуе усім права на жытло. Другая праблема — ведамаснае жытло. Шмат хто пражывае ў службовых кватэрах, якія можна прыватызаваць толькі праз 10 гадоў пражываньня. А калі чалавек пражыў там меней, а абставіны зьмяніліся? Кватэру забіраюць, а чалавека высяляюць — і ўсё. Вось як адбылося ў Бярозе са спадаром Стасевічам, былым супрацоўнікам унутраных спраў. Праз стан здароўя ён ня змог далей працаваць, але пражыў у кватэры меней за 10 год, і цяпер суд разглядае ягонае высяленьне».

У сваіх прапановах Алег Воўчак спасылаецца на досьвед суседніх з Беларусьсю краін, якія сутыкнуліся з падобнымі праблемамі і знайшлі выйсьце:

«Можна скарыстацца досьведам Расеі і Ўкраіны, дзе падоўжылі прыватызацыю і ўлічылі рознае становішча людзей. Некаторым дазволілі прыватызацыю па нізкім тарыфе, некаторым нават бясплатна. Зрабіць так і ў нас было б цывілізавана і гуманна, бо многія са старых людзей ужо даўно адпрацавалі кошт сваіх кватэр. Трэба даць ім час і магчымасьці».

Паводле падлікаў аўтараў звароту, толькі ў Менску пасьля 1 ліпеня да 19 тысяч кватэр могуць перайсьці ў маёмасьць дзяржавы з прычыны таго, што іх гаспадары не змогуць прыватызаваць гэтае жытло.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG