Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шукаем, у каго яшчэ можна пазычыць, — жыльлёвыя гісторыі 4 маладых сем’яў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Калі чую міністраў, чыноўнікаў, зьдзіўляюся: альбо яны не валодаюць сытуацыяй, альбо сьвядома падманваюць?» — рэакцыя маладога інжынэра на абяцаньні чыноўнікаў пра льготныя ўмовы пабудовы ўласнага жытла маладымі.

Старшыня Камітэту дзяржкантролю Леанід Анфімаў днямі падчас прыёму грамадзян у віцебскім ААТ «Малако» прадказаў напрыканцы 2017 — пачатку 2018 году рост эканомікі, сацыяльныя праграмы для маладых сем’яў, у тым ліку і ўмовы льготнага крэдытаваньня пры будаўніцтве жытла.

«Не прысьпешвайце падзеі. Галоўнае — каб у прынцыпе быў дах над галавой, а свая кватэра калі-небудзь абавязкова зьявіцца», — запэўніў моладзь высокі чыноўнік. І адзначыў, што дзяржава прапануе розныя варыянты: інтэрнат, арэнднае жытло, прычым, нядорага, камэрцыйныя крэдыты, стаўкі па якіх нібыта цяпер падаюць:

«Думаю, да канца 2017 — пачатку 2018 году эканоміка краіны пойдзе ў рост, будуць перагледжаны сацыяльныя праграмы, у тым ліку ўмовы льготнага крэдытаваньня».

Свабода папрасіла адрэагаваць на заяву і расказаць свае жыльлёвыя гісторыі прадстаўнікоў 4 маладых сем’яў.

«Вінныя ўсім сваякам і сябрам»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

29-гадовая Наста распавяла, што яе бацькі ўсё жыцьцё пражылі ў аднапакаёўцы. Кватэра каапэратыўная, бацькі будавалі, калі былі маладымі спэцыялістамі. Адмаўлялі сабе ва ўсім, але ў даволі маладым узросьце перасяліліся з інтэрнату Акадэміі навук у аднапакаёўку:

«Калі я нарадзілася, сталі ў чаргу на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Усё маё дзяцінства і маладосьць прайшлі ў адным пакоі з бацькамі, у мяне ніколі не было свайго ўласнага закутка. Дый бацькі не маглі сабе дазволіць другое дзіця. Замуж я выходзіла таксама з аднапакаёўкі. Пайшлі з мужам жыць на найманую кватэру. Грошай катастрафічна бракавала. Працаваў адзін муж, я пайшла ў дэкрэт, у нас нарадзілася дачка.

І зусім нечакана падышла чарга бацькоў на паляпшэньне жыльлёвых умоў. Не прайшло і 27 гадоў! Маці на працы прапанавалі трохпакаёўку, але не па камэрцыйных, а па льготных коштах. Камэрцыйныя тады былі — 1200 даляраў за квадрат, а нам прапанавалі па 750 даляраў. Прычым, гэта кватэры з аддзелкай, адразу ж можна засяляцца. Але ўсю суму — а гэта 57 тысяч даляраў — трэба было выплаціць за паўтара-два гады, пакуль дом будуецца. Зразумела, такіх грошай ні ў бацькоў, ні ў нас, маладой сям’і, і блізка не было!

Бацькі пайшлі на шляхетны ўчынак: самі будуць дажываць свой век у аднапакаёўцы, а трохпакаёвую кватэру ўсёй талакой будаваць нам. Я як страшны сон узгадваю, як надыходзіў чарговы плацёж!

На сямейнай радзе вырашылі: ад кватэры не адмаўляцца, залазіць у пазыкі, браць крэдыты, бо больш такой магчымасьці ня будзе. Бацькі пайшлі на шляхетны ўчынак: самі будуць дажываць свой век у аднапакаёўцы, а трохпакаёвую кватэру ўсёй талакой будаваць нам. Я як страшны сон узгадваю, як надыходзіў чарговы плацёж!

Што тычыцца даступных крэдытаў маладым сем’ям на будаўніцтва, такога і блізка няма! Калі мы прынесьлі даведкі пра заробкі ў банк, з намі нават размаўляць ня сталі! З усёй нашай радні адна толькі маці здолела ўзяць крэдыт: пад яе заробак далі 10 тысяч даляраў пад 38%, разьлічваецца дагэтуль.

Мая бабуля прадала драўлянае лецішча, якое сваімі рукамі пабудаваў дзед, ужо нябожчык. Упікае нас гэтым пастаянна, да таго ж, на бабулю пакрыўдзіліся мае малодшыя стрыечныя сёстры, бо ім ад продажу бабулінага лецішча нічога не перапала. Астатняя радня аказалася вельмі спагадлівай: грошы нам пазычылі дзядзька — мамін брат, стрыечная сястра бацькі, сяброўка сьвекрыві, сябра мужа. Сьвякроў узяла пазыку — 10 тысяч пад 15% гадавых.

Урэшце, паўгода таму мы перабраліся ва ўласную кватэру. Мая маці на сьціплых уходзінах расплакалася: «Мы ўсё жыцьцё туліліся ў аднапакаёўцы, няхай хоць мая дачка будзе шчасьлівая у сваёй кватэры, і яе дзіця будзе мець свой пакой!»

Жывем пакуль на вузлах, бо шафы няма. Ёсьць лядоўня, пралка, дзіцячы ложак і пару шафак у кухні, што аддалі сябры. Сьпім на надзіманым матрацы. Не ўяўляю, як набыць хаця б недарагую канапу... Я выйшла на працу. Пакідаем маленькую частку двух заробкаў на харчаваньне, усё астатняе ідзе на вяртаньне пазыкаў. Падлічылі, што пры нашых заробках гадоў 8 — 10 мы яшчэ будзем у кабале».

«Пабудавалі каркасны дом у 40 км ад Менску — за грошы бацькоў»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

30-гадовы Андрэй распавёў, што яны з жонкай пралічылі: пабудаваць ці купіць кватэру ў Менску ім ня сьвеціць, і пастанавілі будаваць дом у прыгарадзе. Пачалі шукаць участак у радыюсе да 40 кілямэтраў ад сталіцы. Атрымалі ўчастак пад Ракавам бясплатна. Выдаткі на афармленьне дакумэнтаў склалі каля 300 даляраў, кажа Андрэй:

«На ўчастку мы паставілі каркасны дом «пад ключ»: сьцены, дах, дзьверы, вокны. Нам яго паставілі даволі хутка — за паўтара месяца. Дом нам абышоўся ў 27 тысяч даляраў. Гэтыя грошы — нашых бацькоў, фактычна яны нам аддалі свой ашчадак, які зьбіралі ўсё жыцьцё. Самім сумленна у нашых гадах зарабіць такія грошы — нерэальна.

Гэтыя грошы — нашых бацькоў, фактычна яны нам аддалі свой ашчадак, які зьбіралі ўсё жыцьцё. Самім сумленна у нашых гадах зарабіць такія грошы — нерэальна.

Мы разглядалі ўсе варыянты, ці магчыма ўзяць крэдыт. Па камэрцыйных коштах — можна, але гэта забойства, пераплаты вельмі сур’ёзныя, тады гэта было 37% гадавых плюс яшчэ нейкія сумы за абслугоўваньне крэдыту і гэтак далей.

Меркавалі доўга жыць на здымных кватэрах. Але рынак здымных кватэр у Менску вельмі спэцыфічны. Калі б у нас быў вялікі сэгмэнт арэндных дзяржаўных дамоў, і там былі б нізкія расцэнкі, гаспадары прыватных кватэр таксама вымушаны былі б зьніжаць кошты. І ты б не перажываў, што кошт кватэры рэзка вырасьце, ці цябе выганяць з гэтай кватэры. Калі б была магчымасьць здымаць арэндную кватэру на працяглы тэрмін, напрыклад, на 20 гадоў, і квартплата была б фіксаванай, прывязанай не да даляра, а да тваёй зарплаты ў рублях, у прынцыпе, можна было б жыць. А калі ў цябе арэндная плата ў далярах, а заробак у беларускіх рублях, а заўтра табе гаспадар скажа, што ў яго дзеці ажаніліся, вымятайся, і табе з усімі тваімі пажыткамі трэба зноў шукаць жытло — радасьці мала. Таму гэты варыянт мы таксама адхілілі.

Хачу яшчэ зьвярнуць увагу. Цяпер прынята дзяржаўная праграма разьвіцьця будаўнічай галіны, дзе акцэнт зроблены на індывідуальнае будаўніцтва. Але цяпер такая ўстаноўка, у бюджэце грошай няма, і на ўсе камунікацыі, якія павінны падыходзіць да раёнаў індывідуальнай забудовы, павінны «скідвацца» самі жыхары пасёлкаў, і самі сабе павінны пракладаць і дарогі, і электрычнасьць, і вадавод з каналізацыяй. Калі мы спрабавалі высьветліць, калі да нас дойдзе цывілізацыя, нас не ўключылі ў праграму фінансаваньня на 2016 год, а ўключылі пасёлак, дзе ўчасткі былі раздадзеныя ў 2012 годзе. Калі гэта спраектаваць на нас, то ў лепшым выпадку да 2019 — 2020 года мы дачакаемся дарог, электрычнасьці ды іншых камунікацый.

Так што, наш дом яшчэ без камунікацый, мы там яшчэ не жывем, займаемся ўнутранай аддзелкай. Пакуль на ўчастку няма электрычнасьці, вады. Мы падлічылі, што падвядзеньне вады, каналізацыі, іншых камунікацый абыдзецца яшчэ як мінімум у 10 тысяч даляраў. З камунікацыямі складана. Электрычнасьць зьявіцца гады праз 4. Але мы цяпер разглядаем альтэрнатыўны варыянт з поўнай аўтаномнасьцю — за кошт сонечных батарэй і бэнзінавага генэратара. Гэта, канечне, дорага, але калі пералічыць на 4 — 5 гадоў жыльля ў здымных кватэрах, то ўсё адно выгадна».

«Ламаю галаву, дзе ўзяць 15 тысяч даляраў на апошнюю рату. Пазычаць ужо няма ў каго»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Зьміцер — інжынэр-праекціроўшчык, яго жонка — дызайнэр, цяпер у дэкрэтным адпачынку. Будуюць аднапакаёўку, як кажуць, «усім мірам» — самі, бацькі, сябры.

«Пачалі мы будавацца ў 2014 годзе. Знайшлі, як нам тады падалося, больш-менш прыймальны варыянт. Квадратны мэтар каштаваў 1,5 тысячы даляраў. Тады ў мяне па беларускіх мерках заробак быў даволі добры — каля 1 тысячы даляраў, жонка працавала. Падлічылі, думалі — пацягнем. Але потым рубель абваліўся, заробкі таксама рэзка ўпалі.

Цяпер нам трэба выплаціць апошнюю рату — 15 тысяч даляраў. І я сапраўды ламаю галаву, дзе ўзяць грошы, каб сплаціць гэтую рату. Мы вінныя ўжо ўсёй радні, сябрам і знаёмым — пазычаць ужо няма ў каго.

Мы вінныя ўжо ўсёй радні, сябрам і знаёмым — пазычаць ужо няма ў каго.

Поўны кошт нашай аднапакаёвай кватэры ў 46 квадратаў — 73 тысячы даляраў, гэта з так званай „чарнавой аддзелкай“. Я ўжо хацеў прадаць гэтую недабудаваную кватэру, але шмат страчу. Цяпер можна прадаць па 1 тысячы даляраў за мэтар, сама больш — 1 200 з улікам таго, што месца у нас добрае.

Некалі гэты дом крэдытаваўся па адносна нармальных умовах — пад 30% для кліентаў банку — гэта „БПС-Сбербанк“. Але год таму яны адмовіліся, такіх працэнтаў ужо не даюць. Дый наагул узяць крэдыт на будаўніцтва жыльля амаль немагчыма. Трэба паказаць добры заробак альбо знайсьці даручніка, які пагодзіцца гарантаваць, што калі што якое — ён выплаціць мой крэдыт. Паўтара году таму я мог узяць максымум 200 мільёнаў — гэта 10 тысяч даляраў, але пад 40% гадавых. Умовы крэдытаваньня ў Беларусі рабаўніцкія, я лічу.

Так што словы чыноўніка пра даступнасьць камэрцыйных крэдытаў і пра тое, што стаўкі па іх падаюць, мякка кажучы, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Я заўсёды зьдзіўляюся, калі чую нашых міністраў, чыноўнікаў: альбо яны не валодаюць сытуацыяй, альбо сьвядома падманваюць?

Істотную частку грошай даў мой бацька — увесь свой ашчадак. Ён усё жыцьцё зьбіраў, адзін раз у жыцьці быў у адпачынку на моры. Сябры пазычылі грошы. Шукаю, у каго яшчэ можна пазычыць».

«Адзіны варыянт — найманая кватэра»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

25-гадовая Юлія раней жыла з бацькамі і старэйшай сястрой у двухпакаёўцы. Калі выйшла замуж, перасялілася да бацькоў мужа. Але маладыя не змаглі жыць з бацькамі, справа дайшла да разводу, прычынай якога Юлія лічыць менавіта адсутнасьць уласнага жытла і немагчымасьць зьняць кватэру. Былы муж зьехаў вучыцца ў Польшчу, Юля здымае пакойчык за 130 даляраў:

Адзіны варыянт — найманая кватэра. А пабудаваць маладой сям’і зь сярэднім заробкам уласнае жытло — нерэальна.

«Я лічу, што ў моладзі няма шансаў пабудаваць уласнае жытло, калі ў іх звычайныя бацькі з сярэднім заробкам. Мая старэйшая сястра выйшла замуж, і спачатку яны здымалі „хрушчоўку“ ў Курасоўшчыне. Потым яны з мужам зьехалі працаваць па кантракце ў Кітай на 2 гады. Кітайскі ўнівэрсытэт даў ім жытло, зарабляюць па беларускіх мерках яны прыстойна — удваіх крыху больш за 2 тысячы даляраў, але гэта ня тыя грошы, на якія можна купіць кватэру. Хутка кантракт іх канчаецца, і вяртацца ім рэальна няма куды. Адзіны варыянт — найманая кватэра. І для мяне, і для сям’і сястры. А пабудаваць маладой сям’і зь сярэднім заробкам уласнае жытло — нерэальна. І ўсе абяцанкі ўладаў пра даступныя крэдыты і льготы маладым сем’ям — гэта толькі размовы. Ня ведаю ніводнага чалавека, каму пашанцавала. Так што акрамя найманай кватэры, ніякіх іншых шансаў у мяне і маёй сястры няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG