Як прадстаўнік БХК праваабаронца Леанід Сьвецік спрабаваў трапіць на пасяджэньне прэзыдыюму Віцебскага гарсавету дэпутатаў і Віцебскага гарвыканкаму, дзе будуць фармаваць Чыгуначную, Кастрычніцкую і Першамайскую раённыя выбарчыя камісіі.
Паводле праваабаронцы, ён прадставіў уладам накіраваньне ад БХК, дзе было напісана, што гэтая грамадзкая арганізацыя займаецца маніторынгам выбараў. За гэтае слова і зачапіліся, лічыць Леанід Сьвецік:
«У накіраваньні была толькі просьба, каб мне дазволілі прысутнічаць на пасяджэньні. Але ж з выканкаму патэлефанавалі, што на пасяджэньне мяне не дапусьцяць, бо „маніторынг“ пасяджэньняў такога кшталту не дазволены заканадаўствам».
Тым ня менш закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні» дазваляе прадстаўнікам палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і нават шараговым грамадзянам прысутнічаць на пасяджэньнях выканаўчых і распарадчых органаў улады. Згодна з артыкулам 3 гэтага закону мясцовае кіраваньне ажыцьцяўляецца, у тым ліку, на прынцыпе галоснасьці, які парушылі віцебскія ўлады.
З аналягічнай прычыны на пасяджэньне прэзыдыюму Віцебскага абласнога савету дэпутатаў і віцебскага аблвыканкаму адмовіліся пусьціць праваабаронцу Паўла Левінава. Яго таксама накіроўваў БХК. Аднак спадар Левінаў ужо ня раз пераконваўся, што закон «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні» ў Віцебску парушаюць рэгулярна:
«Гаворка ня толькі пра выбары. Колькі разоў я спрабаваў трапіць на сэсіі гарсавету, аднак мне ўвесь час адмаўлялі. Казалі, што мае знаходжаньне на сэсіі гарсавету немэтазгоднае».
Тым ня менш Павал Левінаў мае ўсе падставы, каб трапіць на пасяджэньне: ён імкнецца трапіць у лік чальцоў абласной выбарчай камісіі, сабраўшы неабходную колькасьць подпісаў грамадзян. Для патэнцыйных чальцоў камісіяў уваход адкрыты. Аднак Левінава ўжо папярэдзілі, што не дазволяць яму карыстацца сродкамі аўдыё- і відэазапісу і нават мець пры сабе мабільны тэлефон.
Пасяджэньні па фармаваньні выбарчых камісіяў у Віцебску і рэгіёнах адбудуцца 21 ліпеня.