Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адамовіч: Я рада, што Статкевіч «ня будзе клоўнам у гэтым балагане»


Марына Адамовіч
Марына Адамовіч

Марына Адамовіч, кіраўніца ініцыятывы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Міколы Статкевіча, кажа, што нерэгістрацыя ініцыятыўнай групы не перашкодзіць палітвязьню і далей «весьці сваю гульню» з-за кратаў.

Усе сябры ЦВК на сёньняшнім паседжаньні прагаласавалі супраць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Міколы Статкевіча.

Жонка палітвязьня і кіраўніца ягонай ініцыятыўнай групы спрабавала на паседжаньні ЦВК даказаць, што рэгістрацыя ініцыятыўнай групы і рэгістрацыя кандыдата ў прэзыдэнты — гэта розныя рэчы. Паводле яе слоў, можна спрачацца наконт рэгістрацыі Міколы Статкевіча як кандыдата ў прэзыдэнты, але не выклікае ніякага сумневу, што ягоную ініцыятыўную групу трэба зарэгістраваць.

— Спадарыня Марына, вы ня раз казалі, што, спрабуючы зарэгістраваць ініцыятыўную групу па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Міколы Статкевіча, даяце ўладам шанец «вярнуцца ў прававое рэчышча». Як вы лічыце, чаму ўлады не скарысталіся гэтай магчымасьцю?

— Улады засьведчылі: вяртаньне ў прававое рэчышча, пабудова прававой дзяржавы — тое, чаго яны хочуць найменш. Рашэньне ЦВК было прадказальнае — чаго яшчэ чакаць ад тых, хто ўзурпаваў уладу і ўтрымлівае яе больш за 20 гадоў?

— Ці ёсьць нейкі плян дзейнасьці для тых паўтары тысячы чалавек, якія запісаліся ў ініцыятыўную групу Статкевіча?

— Мы спадзяёмся на працяг сваёй дзейнасьці. Першы крок, які будзе зроблены, — гэта падача скаргі на рашэньне ЦВК у Вярхоўны суд.

— Многія ў Беларусі і за мяжой заяўлялі: адзінае, што мае сэнс цягам гэтай прэзыдэнцкай кампаніі, — гэта вылучэньне Міколы Статкевіча. Як вы можаце ахарактарызаваць выбарчую кампанію, якая цяпер, хутчэй за ўсё, пройдзе безь яго?

— Так званая «выбарчая кампанія» будзе ў сытуацыі, дзе выбару і выбараў няма.

— Так званая «выбарчая кампанія» будзе ў сытуацыі, дзе выбару і выбараў няма. Тое, што цяпер адбываецца, — гэта імітацыя выбарчага працэсу для зацьвярджэньня на чарговы тэрмін чалавека, які ўзурпаваў уладу. Што ўнікальнага ў кампаніі-2015? Гэтая кампанія праводзіцца ў той час, калі кандыдат у прэзыдэнты зь мінулых выбараў, якога міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі вязьнем сумленьня, знаходзіцца за кратамі. Я таксама нагадаю, што за кратамі знаходзяцца яшчэ пяць палітычных зьняволеных, без чыйго вызваленьня і рэабілітацыі немагчыма гаварыць пра нейкае набліжэньне да дэмакратычных стандартаў. Гэта Ігар Аліневіч, Мікола Дзядок, Юры Рубцоў, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка. Спробай вылучэньня Міколы Статкевіча мы спрабуем зьвярнуць увагу і на іх, а таксама патрабаваць іх вызваленьня.

— Як і калі Мікола Статкевіч даведаецца пра адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы?

— Ён даведаецца пра гэта вельмі хутка — з папяровай прэсы, якую ён атрымлівае. Іншых варыянтаў няма, бо лісты ходзяць вельмі доўга, а магчымасьць тэлефанаваньняў для яго заблякаваная. Таму адно спадзяваньне — на папяровую прэсу.

— Як вы ацэньваеце тых прэтэндэнтаў, ініцыятыўныя групы якіх былі зарэгістраваныя?

Я вельмі рада, што Мікола ня будзе клоўнам у гэтым вясёлым балаганчыку, а будзе і далей з-за кратаў выконваць сваю функцыю, весьці сваю гульню, працягваць сваё змаганьне.

— Калі няма выбараў, то ня мае значэньня сьпіс кандыдатаў. Ну, усё ператвараецца ў вясёлы балаганчык. Я вельмі рада, што Мікола ня будзе клоўнам у гэтым вясёлым балаганчыку, а будзе і далей з-за кратаў выконваць сваю функцыю, весьці сваю гульню, працягваць сваё змаганьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG