На выбарах дэпутатаў Менскага гарадзкога савету ў некалькіх акругах за дэпутацкі мандат будуць змагацца адзін з адным апазыцыйныя кандыдаты. Па Кальварыйскай выбарчай акрузе вылучаюцца прадстаўнікі партыі «Справядлівы сьвет», партыі «Зялёныя» і грамадзкага аб'яднаньня «Альтэрнатыва»; па Акадэмічнай — старшыня руху «За свабоду» і намесьнік старшыні «Справядлівага сьвету».
Зьвесткі пра вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты разьмешчаныя на сайце Менгарвыканкаму.
Па Акадэмічнай выбарчай акрузе № 48 вылучаюцца старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і намесьнік старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Ухналёў.
Па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 38 вылучаюцца сябра палітбюро Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» і кіраўнік перадвыбарчага штабу кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк, намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук і лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» (зарэгістраванага ў Латвіі) Алег Корбан.
- Экс-кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч вылучаецца кандыдатам у Менгарсавет па Заслаўскай выбарчай акрузе № 40,
- намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў — па Старавіленскай акрузе № 41,
- памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай Дзяніс Ціханенка — па Асаналіеўскай акрузе № 15,
- актывіст Партыі БНФ Юрась Меляшкевіч — па Слабадзкой акрузе № 28,
- актывіст Сяргей Скрабец — па Пляханаўскай акрузе № 10,
- намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў — па Карбышаўскай акрузе № 50.
Пераабіраецца дэпутатам Менгарсавету і яго дзейны старшыня Васіль Панасюк (Матусевіцкая акруга № 33).
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў будзе праходзіць да 18 студзеня. Перадвыбарная агітацыя пачнецца з моманту рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты і будзе доўжыцца да 17 лютага, паведамляе БелаПАН.