Сэнатары Ліндсі Грэм і Рычард Блюмэнталь прадставілі ў чацьвер двупартыйны законапраект аб прызнаньні Расеі дзяржавай — спонсарам тэрарызму, паведаміла расейская служба «Голасу Амэрыкі».
Дзяржавамі — спонсарамі тэрарызму, паводле амэрыканскіх законаў, лічацца Куба, Іран, Паўночная Карэя і Сырыя.
«Пуцінская Расея зьяўляецца дзяржавай — спонсарам тэрарызму, і даўно час афіцыйна прызнаць гэта ў адпаведнасьці з заканадаўствам», — гаворыцца ў заяве рэспубліканца Грэма.
У заяве дэмакрата Блюмэнталя гаворыцца, што Расея «заслужыла» сваё месца ў клюбе ізгояў.
«Прызнаньне Расеі дзяржавай — спонсарам тэрарызму дазволіць ЗША больш агрэсіўна змагацца з жорсткасьцю Пуціна, а таксама з пагрозай, якую ён нясе свабодзе і дэмакратыі», — сказаў сэнатар Блюмэнталь.
Законапраект аб прызнаньні Расейскай Фэдэрацыі дзяржавай — спонсарам тэрарызму будзе мець другасныя эфэкты, у тым ліку санкцыі для краін, якія супрацоўнічаюць з Расеяй, пашырэньне пераліку тавараў двайнога прызначэньня, якія ня будуць дазволеныя да экспарту ў Расею.
Першай краінай, якая афіцыйна абʼявіла Расею тэрарыстычнай дзяржавай, стала Літва. 10 траўня 2022 года Сейм Літвы аднагалосна (128 галасамі) падтрымаў рэзалюцыю, якая называла забойствы мірных жыхароў (у тым ліку дзяцей), выкраданьні, катаваньні, згвалтаваньні і зьдзекі зь целаў забітых генацыдам з мэтай поўнага або частковага зьнішчэньня ўкраінскай нацыі, а сьвядомыя напады на цывільныя абʼекты — тэрарызмам.
Затым, на працягу таго ж 2022 году, з аналягічнымі заявамі выступілі Ўкраіна, Латвія, Эстонія, Чэхія, Нідэрлянды, Польшча, а ў лютым 2023 году — Славакія.
23 лістапада 2022 году Эўрапейскі парлямэнт 494 галасамі з 705 прыняў рэзалюцыю аб прызнаньні Расеі дзяржавай — спонсарам тэрарызму і дзяржавай, якая прымяняе тэрарыстычныя мэтады.
Тады ж, увосень 2022 году, падобныя рашэньні прынялі Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, Парлямэнцкая асамблея NATO, а ўлетку 2023 году — Парлямэнцкая асамблея АБСЭ.
- У сьнежні 2022 году кангрэсмэны і сэнатары ЗША зьвярнуліся ў Белы дом з просьбай прызнаць Расею краінай-спонсарам тэрарызму. Кангрэс ЗША пачаў падрыхтоўку адпаведнага законапраекту, паводле якога прэзыдэнт ЗША зможа абвяшчаць краінай-агрэсарам любую дзяржаву, якая мае дачыненьне да нападу на Ўкраіну. Гаворка, адпаведна, можа ісьці ня толькі пра Маскву, але і пра яе нешматлікіх саюзьнікаў у гэтай вайне: Менск і Тэгеран. Ліндсі Грэм — адзін з суаўтараў гэтага законапраекту.
- Адміністрацыя Байдэна, аднак, выступае супраць гэтага рашэньня. Белы дом лічыць, што такое прызнаньне цалкам спыніць магчымасьці супрацоўніцтва з Расеяй у крытычных галінах і можа прынесьці праблемы ў адносінах зь дзяржавамі, якія гандлююць з Расеяй, напрыклад зь Індыяй.
- Зьнешняя палітыка ў ЗША знаходзіцца ў падпарадкаваньні выканаўчай улады, заканадаўцы ня могуць прымусіць адміністрацыю Байдэна да такога рашэньня.