Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краязнаўцы скардзяцца: руйнуюць Школішча, захаваньне якога ўзгодненае з Лукашэнкам


Пашкоджаны гістарычны пласт з вышыні
Пашкоджаны гістарычны пласт з вышыні

У Магілёве працягваюць зьнішчаць культурны пласт на найстаражытнейшай гарадзкой мясьціне — Школішчы. Сёньня краязнаўцы выклікалі міліцыю, каб спыніць працы на падмурку старога будынку. Днямі камунальнікі збурылі стары дом, на якім да нядаўняга часу была ахоўная шыльда. На Школішчы ўлады ўзяліся закладаць парк.

Падмуркі будынку хаваў невялікі ўзгорак. Калі бульдозэрам узяліся яго раўнаваць, то на паверхню вывернула цэглу-пальчатку. Краязнаўца Леанід Платоненка ўгледзеў парушэньне і выклікаў міліцыю, актывістаў таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ды супрацоўніцу гарвыканкаму па ахове помнікаў культуры. Будаўнікі тут жа згарнулі працу і пераехалі на іншы абʼект.

Выдумляюць на хаду

Краязнаўца кажа, што зьнішчэньне культурнага пласта заўважыў выпадкова. Як пачалі закладаць парк, ён стаў часьцяком сюды наведвацца. Тое, што робіцца на Школішчы, на думку Леаніда Платоненкі, гарадзкой грамадзкасьці амаль невядома.

Краязнаўца перакананы, што ўлады, узяўшыся за закладку парку, ня маюць цэласнай канцэпцыі, як ён будзе выглядаць. «Бяруцца за маленькія кавалачкі і нешта выдумляюць на хаду», — кажа Леанід Платоненка.

Папрацавалі экскаватарам
Папрацавалі экскаватарам

«Гэтыя падмуркі — археалягічны абʼект, пра які ведаюць гісторыкі, краязнаўцы, музэйшчыкі і нават гарвыканкам, — працягвае ён. — Там растуць дрэвы, якія не падпадаюць пад высечку. Узьнікае пытаньне, чаму зроблены праект нейкай тратуарнай дарожкі, якая ня мае вялікага значэньня і праходзіць акурат па старых падмурках».

«Такім чынам, гэтай дарожкай зьнішчаюцца самі падмуркі і дрэвы, якія перашкаджаюць ёй. Дык што, у парку пракладаюць дарожкі па пустцы? А потым будуць высаджваць маладыя дрэвы. Дык гэта называецца — нерацыянальнае выкарыстаньне сродкаў», — падсумоўвае краязнаўца.

Працы прыпыненыя. Археолягі разьбяруцца

Працы на абʼекце вырашана было прыпыніць да абсьледаваньня яго археолягамі з Магілёўскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Паводле старшыні рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча, з гэтай навучальнай установай заключаная дамова на археалягічны нагляд.

Старая цэгла вывернутая без археолягаў — парушэньне
Старая цэгла вывернутая без археолягаў — парушэньне

«На жаль, наша заканадаўства прадугледжвае такую норму, як проста археалягічны нагляд. А гэта фактычна ўзаконенае зьнішчэньне культурнага пласта», — камэнтуе сытуацыю Антон Астаповіч.

«Але, нягледзячы на існаваньне дамовы, тут праводзяцца земляныя працы і няма археоляга. Гэта і ёсьць адзінае парушэньне. Калі ж глядзець на сытуацыю з пазыцыі здаровага сэнсу, то ў нас шмат чаго адбываецца насуперак яму. Тут унікальная тэрыторыя. Я хацеў бы ведаць, якія будынкі тут былі, каб усе падмуркі былі раскрытыя і дасьледаваныя. Але горкая рэчаіснасьць такая: на ўсю Беларусь толькі 23 археолягі з адкрытымі лістамі. Такая вялікая тэрыторыя пры сучасным стане беларускай археалёгіі ня можа быць належным чынам дасьледаваная», — кажа экспэрт.

Лукашэнку прадставілі канцэпцыю ўпарадкаваньня Школішча

Паводле яго, год таму працы на Школішчы пачаліся без дазволу Міністэрства культуры, што было парушэньнем закону. Пасьля пратэстаў грамадзкасьці і перапіскі з органамі пракурорскага нагляду ды зь Мінкультам працы былі ўзаконеныя.

Цэглу ў груд — і яе як не было
Цэглу ў груд — і яе як не было

Таварыства аховы помнікаў распрацавала канцэпцыю ўпарадкаваньня тэрыторыі Школішча. Колькі месяцаў таму яе прадставілі грамадзтву.

«Згодна з канцэпцыяй, будзе аднаўляцца гістарычная пляніровачная структура мясьціны. Прадугледжваецца аднаўленьне абʼектаў, якія навукова абгрунтавана аднавіць. У гарвыканкаме ёсьць пажаданьне, каб канцэпцыя разьвівалася і ўдасканальвалася. Ёсьць адпаведнае даручэньне прэзыдэнта па добраўпарадкаваньні Магілёва. Калі ён быў у Магілёве, яму прэзэнтавалі пэўныя пэрспэктыўныя кірункі разьвіцьця гораду. Кіраўніку дзяржавы прадставілі і нашу канцэпцыю па Школішчы. Яна зь ім узгодненая», — кажа Антон Астаповіч.

Школішча — мясьціна, на якой сялілася гарадзкая знаць

Старыя назвы мясьціны, дзе цяпер закладаюць парк, шырокаму колу магілёўцаў невядомыя. Мала хто ведае пра Пакроўскае прадмесьце магдэбурскіх часоў, пра Перахрэсьць, Балоньне ці згаданае ўжо Школішча. Цяпер гараджане гэтую мясьціну называюць Падмікольлем.

Грамадзкая арганізацыя «Экапраект» распрацоўвае інтэрактыўную мапу, на якой пазначаныя магілёўскія архітэктурныя, прыродныя і ляндшафтныя адметнасьці гораду. Актывіст суполкі Віктар Кірэеў адзначае: на Падмікольлі выяўлена, акрамя вядомых культавых пабудоваў, і вялікая канцэнтрацыя сядзібных дамоў 18–19 стагодзьдзя. Яны захаваліся на ўзроўні цокальнага паверху ці падмурку, кажа ён. Паводле яго, на Школішчы сялілася гарадзкая знаць.

Віктар Кірэеў
Віктар Кірэеў

«Тут былі каменныя дамы магілёўскага бурмістра Каралькевіча і райцы Ярашэўскага. Тут знаходзілася сядзіба і камяніца магілёўскіх летапісцаў Трубніцкіх. На Перахрэсьцінскай сотні былі сядзібы войта Лапіцкага, бурмістра Сапоцькі, лаўніка Дзявульскага. У розныя часы тут жыло амаль усё кіраўніцтва гарадзкога магістрату. Па Падвальнай вуліцы да Алейнай брамы яны падымаліся да ратушы. Цэгла-пальчатка па ўсёй тэрыторыі відаць».

Як пераканаць уладу, што важна захаваць адметнасьці мясьціны

Паводле Віктара Кірэева, 90 працэнтаў забудовы Школішча было вынішчана ў вайну гітлераўцамі, каб савецкія войскі не маглі скарыстаць тутэйшыя дамы, фарсіраваўшы Дняпро.

«Але акупацыйныя ўлады захавалі тутэйшыя культавыя пабудовы — Пакроўскую царкву, Бэрнардынскі касьцёл ды некаторыя сынагагальныя дамы, — дадае Віктар Кірэеў. — Прыватную ж забудову вынішчылі. Пры канцы 1940-х — на пачатку 1950-х гадоў з падмуркаў зьнішчаных фашыстамі будынкаў на аднаўленьне гораду бралі цэглу і каменьне».

На суботніку прарэдзілі дрэвы. Да парку пакуль не падобна
На суботніку прарэдзілі дрэвы. Да парку пакуль не падобна

«Экапраект» намагаецца захаваць ляндшафтныя асаблівасьці Падмікольля

«Тут павінен быць адноўлены прыродны кампанэнт. Ён павінен разьмяшчацца ў раёне, які раней называўся Балоньнем (мясьціна, прылеглая да Дняпра, з паплавамі, балацявінамі, старычнымі азярцамі, якую пэрыядычна залівала). Гарадзкія ўлады зьбіраюцца гэтае Балоньне засыпаць. Падняць на адзін узровень з астатняй тэрыторыяй. Мы ж намагаемся пераканаць уладу, каб гэтая адметная мясьціна засталася. Акрамя таго, варта аднавіць зьнішчаныя балотцы. Зь мясцовымі ўладамі мы імкнёмся працаваць», — кажа Віктар Кірэеў.

«Бульбяное поле» як узор парадкаваньня

Віктар Кірэеў заўважае, што ўлада разумее парадкаваньне тэрыторыі па-свойму. «Дрэвы, старыя будынкі ставяцца чыноўнікамі ў адзін шэраг з баршчэўнікам, які вынішчаюць», — кажа ён.

Адзін з абʼектаў, пакінутых будаўнікамі
Адзін з абʼектаў, пакінутых будаўнікамі

«Пакуль старыя дрэвы і будынкі не ўспрымаюцца як гарадзкія адметнасьці. Такая ж пазыцыя і ў большасьці людзей. Як можна зьмяніць такое стаўленьне, адказу няма пакуль. З гледзішча здаровага сэнсу незразумела, чаму варта даводзіць, што старыя вязы, цокальныя паверхі старых камяніц варта берагчы. Калі вынішчыць старое, то застанецца бульбяное поле, чэзлыя дрэўцы, і ў сьпёку ня будзе нават дзе схавацца».

Абы спадабалася Лукашэнку

Парк на Школішчы пачалі закладаць аўральна. Правялі некалькі суботнікаў, каб упарадкаваць тэрыторыю. Потым запал сышоў на нішто — разам зь фінансамі. Упарадкаваная тэрыторыя пачала зарастаць пустазельлем. Працы аднавіліся напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі.

Ад зьнесенага дому нічога не засталося
Ад зьнесенага дому нічога не засталося

Кіраўнік дзяржавы аглядаў Магілёў з Плошчы Славы. Горадам застаўся незадаволены.

«Няма лоску, добраўпарадкаваньня і зручнасьці для людзей. Гармоніі ніякай», — упікаў ён тады гарадзкому кіраўніцтву.

На адхонах трава не расьце
На адхонах трава не расьце

Першай ахвярай навядзеньня «лоску» ў Магілёве стаў стары будынак непадалёк ад тых самых падмуркаў, што пашкодзіў бульдозэр. Будынак зьнесьлі. Цяпер ад яго не засталося ані знаку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG