У Магілёве мясцовыя габрэі занепакоеныя лёсам будынку, у якім некалі была сынагога. Будынак у аварыйным стане. Габрэйская малельня ўзьведзена ў некалі шчыльна заселенай, пераважна габрэямі, магілёўскай мясьціне Школішча. Цяпер, як і будынак сьвятыні, мясьціна тая ў заняпадзе. Што ж чакае габрэйскую бажніцу і само Школішча?
Будынак на Вялікай Грамадзянскай вуліцы, 13 — у Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Там зафіксавана, што ўзьвялі яго на пачатку ХХ стагодзьдзя. У слупку «назва каштоўнасьці» пазначана: «Былыя яўрэйскі ешыбот, хедэр і сынагога». Паводле магілёўскіх габрэяў, усё гэта — адзін будынак.
Сёлетняя хваля пазбаўленьня гістарычных будынкаў ахоўнага статусу выклікала ў мясцовай габрэйскай грамады непакой за лёс былой малельні на Школішчы.
Як стала вядома, гарвыканкам зьвяртаўся ў Раду беларускіх габрэйскіх арганізацыяў і грамад па экспэртную ацэнку. Намесьніца старшыні рады Галіна Левіна пацьвярджае, што такі зварот быў:
«Так, яны зьвярталіся. Гэта праўдзівая інфармацыя. На нашу думку, гэты будынак мусіць быць захаваны. Гэта гісторыя Беларусі. Мы супраць таго, каб ён быў вынесеныя са сьпісу помнікаў. Я ўсё ж такі аптыміст і веру, што ў канчатковым прыняцьці рашэньня па захаваньні помнікаў культуры і гісторыі Беларусі будзе пераважаць здаровы сэнс».
У сваю чаргу ў гарвыканкаме прызнаюць, што зьвярталіся з хадайніцтвам да навукова-мэтадычнай рады Міністэрства культуры пра вывад будынка са сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Паводле супрацоўніцы гарвыканкаму Тацяны Талкачовай, на гэты зварот выніковага пратаколу пакуль няма. Чыноўніца адзначае, што аднаго з будынкаў, які пазначаны ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, фактычна не існуе ад 1938 году. Гэта была драўляная сынагога, якую разабралі. Другі ж будынак знаходзіцца ў аварыйным стане.
«Мы спрабавалі прадаць гэты будынак, але, нягледзячы на дванаццаць аўкцыёнаў, нам не ўдалося гэтага зрабіць», — канстатуе Тацяна Талкачова. Паводле яе, адзін з будынкаў усё ж застаецца: «Гэта будынак Хедэр. У яго ёсьць ўласьнік. Па ім ёсьць праект гатэлю на 40 месцаў. Абсалютна захоўваецца ягоны фасад. Троху павялічваецца ягоны аб’ем, але па сваёй канструкцыі будынак застаецца такім, як ён і быў».
Тацяна Талкачова запэўнівае, што ў гатэлі будзе адведзены куток са зьвесткамі пра Школішча. Праектам нібыта гэта прадугледжана.
Некалі шчыльна заселенае Школішча цяпер у занядбаньні. Ацалелыя цагляныя дамы, сярод якіх і будынак сынагогі, разбураюцца не адзін ужо дзясятак гадоў. Перад сёлетнім сьвяткаваньнем афіцыйнага Дня незалежнасьці тое, што засталося ад бажніцы, схавалі за банэрнай сеткай ды абгарадзілі высачэнным плотам. Абгарадзілі і іншыя будынкі.
Стараста магілёўскай сынагогі Сымон Глазштэйн адзначае, што гісторыя Школішча — важная частка гісторыі горада. Паводле яго, гэтая мясьціна стала адной зь першых у Магілёве, дзе габрэі пасяліліся некалькі сот гадоў таму і жылі да Галакосту:
«З гісторыяй гэтай мясьціны зьвязаныя і радасныя, і надзвычай трагічныя падзеі, якія адлюстроўваліся ў мясцовых габрэйскіх традыцыях і гістарычных дакумэнтах. Школішча для магілёўскіх габрэяў — пачатак мясцовай гісторыі існаваньня габрэйскай грамады».
Як кажуць мясцовыя габрэі, абязьлюдзела Школішча, калі фашысты ў 1941 годзе сагналі адсюль у гета ўсё габрэйскае насельніцтва, а потым забілі яго. У 1944-м гітлераўцы выпалілі Школішча амаль дашчэнту. З тых часоў яно так і не адрадзілася.
Акрамя пяці сынагог, на Школішчы былі сьвятыні каталікоў, праваслаўных. Бэрнардынцы ўзьвялі тут касьцёл сьвятога Антонія, а праваслаўныя — Пакроўскую царкву. Ад касьцёлу застаўся толькі падмурак, а праваслаўныя вернікі ўсталявалі паклоны крыж.
«Важныя ж ня толькі будынкі альбо працэнт іх захаванасьці, — зазначае Галіна Левіна. — Важна і тое асяродзьдзе, якое можа пераўтварыцца ў чысты парк альбо забрукаваныя дарожкі. Школішча — гэта ўнікальнае ўтварэньне. Гэта міжканфэсійны згустак жыцьця. Нашае сучаснае пакаленьне павінна гэта захоўваць для наступных пакаленьняў ня толькі беларусаў, але для жыхароў эўрапейскіх і іншых краін».
Цяперашнія магілёўцы зрэдку ўжываюць у сваёй гаворцы тапонім Школішча. Некалькі месяцаў таму гарадзкія ўлады абвясьцілі, што тэрыторыю, дзе цяпер месьціцца Школішча, упарадкуюць і закладуць парк. Праводзіліся суботнікі. Тым ня менш, казаць, што мясьціна стала паркам, не выпадае. Гарвыканкам шукае назву парку...