У мястэчку Малеч на Берасьцейшчыне адбыўся сход, на якім сяляне выказалі чыноўнікам незадавальненьне забаронай трымаць сьвіней. Абяцаюць разбрацца.
Чыноўнікі апраўдваліся, казалі, што штрафаваць сялянаў ня будуць, але і пагражалі, што калі раптам у Малечы зьявіцца афрыканская чума сьвіней, то гэта будзе на сумленьні вяскоўцаў.
За кілямэтар ад мястэчка Малеч Бярозаўскага раёну знаходзіцца фэрма, якая належыць Бярозаўскаму камбікормаваму заводу. Менавіта з-за гэтай фэрмы некалькі год вяскоўцам было забаронена трымаць сьвіней — чыноўнікі такім чынам перастрахоўваліся на выпадак зьяўленьня афрыканскай чумы.
Аднак тры месяцы таму ўрад выдаў пастанову аб зьмяншэньні буфэрных зонаў вакол фэрмаў з 5 кілямэтраў да 500 мэтраў. Раней у зону траплялі 17 вёсак Бярозаўскага раёну. Людзі мусілі перабіць сваіх сьвіней. Жыцьцё пасьля гэтага стала прыкметна цяжэйшым, бо з прычыны невысокіх заробкаў у калгасах многія вяскоўцы жывуць фактычна з падсобных гаспадарак.
Так рабілі па ўсёй Беларусі, аднак толькі ў Малечы вяскоўцы ладзілі пратэсты.
4 лютага ў залі сельсавету адбыўся сход жыхароў Малеча і раённых чыноўнікаў, на якім зноў абмяркоўвалася «сьвіная праблема». На сходзе сяляне ўзьнялі перад чыноўнікамі пытаньне: чаму, нягледзячы на пастанову ўраду, у вёсцы працягваюць штрафаваць за ўтрыманьне сьвіней.
На сходзе прысутнічаў намесьнік старшыні Бярозаўскага райвыканкаму па сельскай гаспадарцы Міхаіл Крэйдзіч, іншыя чыноўнікі. Яны тлумачылі, што адбыліся перагібы і што з гэтай сытуацыяй разьбяруцца.
Сяляне ўздымалі пытаньне аб ліквідацыі фэрмы каля Малеча. Абгрунтоўвалі гэта тым, што яна пабудаваная каля пяцідзесяці гадоў таму і не адпавядае сучасным патрабаваньням.
Адказ быў такі, што паколькі фэрма належыць камбікормаваму заводу, дык ён і павінен прымаць рашэньне аб яе закрыцьці. Разам з тым чыноўнікі запэўнілі сялянаў, што фэрма адпавядае санітарным нормам.
Сход быў досыць эмацыйны:
Спадар: «У нас нічога ня здарылася, а вы вырэзвалі... Вам яшчэ страляць засталося. 20 базавых штрафу — гэта бздура...»
Другі спадар: «Нашто людзей было страшыць?! Нашто?..»
На сходзе выступіў фэрмэр Аляксандар Аліхвер, якога ў 2013 годзе ўлады змусілі перабіць сотні сьвіней. Спадар заявіў, што ўлады ігнаруюць праблемы простых грамадзянаў, і параўнаў дзеяньні ўладаў з працай «арганізаванай злачыннай групоўкі», якая кіруецца толькі сваімі інтарэсамі:
«Вы вінаваціце чалавека ў парушэньні правілаў, якія ў дадзены момант на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ня дзейнічаюць...»
Бярозаўскія чыноўнікі прызналі, што ёсьць цяганіна з прыняцьцем рашэньня райвыканкаму, якое мае дазволіць трымаць сялянам сьвіней. Але віну за гэта ўсклалі на абласных чыноўнікаў — маўляў, у вобласьці доўга марудзяць зь юрыдычнымі пытаньнямі.
На сходзе выступіў актывіст кампаніі «Гавары праўду» і сацыял-дэмакратычнай партыі Валянцін Лазарэнкаў. На мінулых парлямэнцкіх выбарах Лазарэнкаў быў кандыдатам у дэпутаты па гэтай акрузе, але саступіў, паводле афіцыйных дадзеных, праўладнаму кандыдату. У сваім эмацыйным выступе Лазарэнкаў усклаў віну за праблемы вяскоўцаў на мясцовыя ўлады:
«Я бачыў той, савецкі нават, Малеч. У згодзе вырашаліся пытаньні, і не было такіх сходаў спрэчных і скандальных. Значыць, улада цяпер і на ўзроўні сельсавету, і на раённым узроўні нешта ня так робіць...»
Валянцін Лазарэнкаў настойваў, што старая фэрма каля Малеча павінна быць зачыненая, тады і адпадзе праблема з утрыманьнем сьвіней простымі сялянамі.
Падобны «сьвіны бунт» у Малечы ўжо быў увесну 2014 году, а празь некаторы час стала вядома, што Берасьцейскі аблвыканкам хадайнічаў ва ўрад аб зьмяншэньні буфэрных зонаў вакол фэрмаў.
У Бярозаўскім раёне ўвосень 2013 году жыхары 17 вёсак мусілі зьнішчыць пагалоўе сьвіней на сваіх падворках.
З ініцыятывы ўладаў сьвіней у вёсках забіваюць дзеля прафіляктыкі «афрыканскай чумы сьвіней». Пры гэтым бярозаўскія чыноўнікі кажуць, што ніводнага выпадку захворваньня сьвіней на гэтую чуму ў раёне не было.