Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд тарокаецца зь беларускім міністрам


Рассельгаснагляд пракамэнтаваў заяву міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Леаніда Зайца пра тое, што «сёньня няма нагоды казаць пра існаваньне ў краіне АЧС».

«На жаль, з заявы міністра незразумела, якім чынам і з выкарыстаньнем якіх мэтодык праводзіцца маніторынг на афрыканскую чуму сьвіней на тэрыторыі Беларусі, і ці праводзіцца ён наогул», — паведамляе на сваім сайце Рассельгаснагляд.

Паводле расейскага боку, геном вірусу АЧС у беларускай мясной прадукцыі выяўляўся ня толькі расейскімі, але і вэтэрынарнымі службамі Літвы і Латвіі.

Тым часам міністар Заяц цьвердзіць, што беларуская прадукцыя бясьпечная.

«Геном вірусу АЧС вызначаецца ў расейскіх лябараторыях. Гэтая мэтодыка не ўзаконена на пляцоўцы Адзінай эканамічнай прасторы, таксама яна афіцыйна ня ўхвалена Міжнародным эпізаатычным бюро. Узоры вырабаў беларускага мяса адбіраюцца без удзелу ў гэтым нашых спэцыялістаў», — цытуе заяву Зайца на сваім сайце Рассельгаснагляд.

Расейцы заявілі, што навукова-дасьледчы інстытут вэтэрынарнай вірусалёгіі і мікрабіялёгіі Расейскай акадэміі сельскагаспадарчых навук зьяўляецца адным з найбольш аўтарытэтных усясьветных навуковых цэнтраў у галіне дыягностыкі і барацьбы з захворваньнямі жывёл. Створаная там тэст-сыстэма для выяўленьня вірусу АЧС «мае высокую аналітычную адчувальнасьць» і адпавядае найлепшым замежным узорам. Таксама яна атрымала міжнароднае прызнаньне. Аналіз беларускай прадукцыі ў Расеі праводзіцца двойчы, каб пазьбегнуць памылак.

Рассельгаснагляд зьдзіўлены заявай беларускага міністра, што «ўзоры вырабаў беларускага мяса адбіраюцца без удзелу ў гэтым нашых спэцыялістаў».

Паводле расейскага боку, запрашэньне прадстаўнікоў вэтслужбаў краін-пастаўшчыкоў для маніторынгу нідзе не практыкуецца.

«Пытаньні выклікае і іншая заява міністра — пра тое, «што толькі за 2012-2013 гады было зачынена каля 400 суб’ектаў гаспадараньня з пагалоўем больш за 300 тысяч сьвіней» — пры тым, што па яго ж словах, «няма падставы казаць пра тое, што ў краіне ёсьць АЧС», — адзначае Рассельгаснагляд.

3 лютага Рассельгаснагляд зноў заявіў пра выяўленьне небясьпечнай беларускай мясной прадукцыі. У тым ліку ў партыі салямі «Белавескі пачастунак», вырабленай Берасьцейскім мясакамбінатам выяўлены бактэрыі лістэрыі, небясьпечныя для здароўя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG